«Адзін народ – адна краіна». Тамара і Іван Аўчыннікавы: «Беларусь – наш дом родны!»

«Адзін народ – адна краіна». Тамара і Іван Аўчыннікавы: «Беларусь – наш дом родны!»

«Адзін народ – адна краіна». Тамара і Іван Аўчыннікавы: «Беларусь – наш дом родны!»

12 сентября 2022 1219
Дзевяць гадоў таму Тамара і Іван Аўчыннікавы з сям’ёй пераехалі з Кастанайскай вобласці (Казахстан) у Беларусь. Аб сваім пераездзе Тамара Гагікаўна і Іван Іванавіч ні разу не пашкадавалі. Яны вельмі рады, што жывуць і працуюць на Навагрудчыне, а аграгарадок Ладзенікі лічаць сваім родным домам.

Прыгожы домік, дагледжаны падворак, які патанае ў кветках. На парозе сустракаюць гаспадары Тамара Гагікаўна і Іван Іванавіч. Гасцінна запрашаюць прайсці ў дом. 

Мае карані тут

– Наша сям’я – шматнацыянальная. Ёсць карані беларускія, рускія, казахскія, армянскія, украінскія, марыйскія. Усім нам добра і хораша жывецца, – пачынае размову Тамара Аўчыннікава. – Мае карані тут, у Беларусі. Матуля Надзея Рыгораўна Шпіцкая нарадзілася ў 1941 годзе на Старобіншчыне. Мой дзядуля Рыгор Ігнатавіч ваяваў на фронце. Загінуў у лютым 1945 г., пахаваны пад Кёнігсбергам. Мама тату не памятала. Бабуля ў 50-я гады з дваімі дзецьмі – матуляй і яе братам – паехала на цаліну. Так яны апынуліся ў Казахстане. Матулі было ўсяго 14 гадоў, адразу пачала працаваць даяркай на ферме. Так і ўсё жыццё аддала гэтай справе, заўсёды была ў ліку перадавікоў. А мой тата Гагік Гарнікавіч Карапецян – армянін. Ён служыў у Маскве ў аўтароце. З часам прыехаў на цаліну, дзе і пазнаёміўся з матуляй, пажаніліся. У мяне восем братоў і сясцёр. Жылі ў Казахстане, вучыліся, працавалі. Аднак няпросты час настаў у 90-я гады пасля распаду Савецкага Саюза… Першымі пакінулі Казахстан мае дзве сястры і чатыры браты, выехалі ў Германію. Яшчэ адзін брат жыве ў Расіі. Пасля смерці таты мама таксама захацела вярнуцца на сваю малую радзіму. І яе мару мы ажыццявілі: у 2013 годзе пераехалі ў Беларусь.

Тата Івана Аўчыннікава з Падмаскоўя, а матуля з Сібіры. Яны таксама ў свой час прыехалі на цаліну. У Карагандзе нарадзіўся Іван Іванавіч, а з часам сям’я пераехала ў сяло Майскае Кастанайскай вобласці. Непадалёку жыла Тамара Гагікаўна. Разам Іван Іванавіч і Тамара Гагікаўна крочаць па жыцці 44 гады, большая частка з якіх прайшла ў Казахстане. А вось сапфіравае вяселле адзначаць у Беларусі.

Успаміны пра Казахстан Падчас нашай сустрэчы я зразумела, што шмат успамінаў пра Казахстан сям’я Аўчыннікавых прывезла ў Беларусь. А іх дом нагадвае сапраўдны музей нацыянальных культур. Якіх толькі нацыянальных прадметаў, касцюмаў тут няма! 

– Я вучылася з сястрой Івана, так і пазнаёміліся, – расказвае Тамара Аўчыннікава. – Мы перш жылі ў сяле Варонеўка. Там нарадзіліся нашы дзеці – На дзея, Аляксандр, Алена і Іван. Няпросты час наступіў, распадаліся калгасы. На працягу года не атрымлівалі зарплаты, жылі толькі з таго, што трымалі вялікую гаспадарку. А дзеці падрасталі, трэба было ім даваць адукацыю, таму пераехалі ў райцэнтр Таранаўскае. Муж часта ездзіў на заработкі са старэйшым сынам у Расію. Я ўладкавалася на працу спачатку мастацкім кіраўніком, а затым узначальвала раённы Дом культуры. Кіравала ўстановай, у якую ўваходзіла 30 сельскіх клубаў, а ў раённым Доме культуры працавала 27 чалавек, аркестр народных казахскіх інструментаў і інш. Вялікі быў калектыў, з якім я зраднілася. І сёння з калегамі падтрымліваем сяброўскія адносіны. Таксама добрыя адносіны ў мяне з аднакурснікамі, аднавяскоўцамі. Я закончыла Кастанайскі педагагічны тэхнікум. Шмат цёплых віншаванняў атрымліваю ад былых землякоў падчас дня нараджэння, на розныя святы. Раз у год бываем у Казахстане. У нас ёсць традыцыя сустракацца з землякамі-аднавяскоўцамі нягледзячы на тое, што нашага сяла ўжо няма.  

 Ладзенікі, родныя!..

– У аг. Ладзенікі пераехалі невыпадкова. Тут жылі нашы землякі, з якімі падтрымлівалі сувязь. Вельмі ўдзячны за дапамогу і падтрымку, няпроста прыехаць з адным чамаданам і пачаць усё з пачатку, – дадае Тамара Гагікаўна. – Якраз у той час і матуля прасіла завезці яе на малую радзіму. Усё ўзважылі, параіліся з дзецьмі, роднымі і прынялі рашэнне аб пераездзе ў Беларусь. І ніколі аб ім не пашкадавалі і, упэўнена, не пашкадуем. Мы прыехалі ў Ладзенікі, дзе нас гасцінна сустрэлі. Тут уладкаваліся на працу і атрымалі адразу сваё жыллё. Удзячна кіраўніцтву гаспадаркі за прадастаўленае нам жыллё. Нас прыехала шаснаццаць чалавек – старэйшыя дочкі і сын, іх дзеці, матуля, сястра Анжаліка з сям’ёй. Толькі малодшы сын з сям’ёй застаўся ў Казахстане. Мужчыны і дачка ўладкаваліся на малочнатаварную ферму. Хутка дом атрымала і дачка. Мне ж у гэты час прапанавалі месца працы ў сельскім Доме культуры. 

З культурай – па жыцці

Ёсць такая прафесія на зямлі – дарыць людзям свята. Гэты вялікі дар заўсёды жыве ў сэрцы любога работніка культуры. Жыццё было б нецікавае і манатоннае, калі б культработнікі не прыўносілі ў яго вясёлыя і займальныя святы. У вёсцы практычна ўсё жыццё людзей прахо дзіць з удзелам работнікаў культуры. На іх ускладзена сур'ёзная місія – несці культуру ў дамы і сэрцы землякоў, дарыць кожнаму часцінку прыгожага, не даць загаснуць народным традыцыям і звычаям. Загадчык Ладзеніцкага сельскага дома культуры Тамара Аўчыннікава старанна захоўвае і знаёміць з казахскімі кулінарнымі стравамі, традыцыямі аднавяскоўцаў, навагрудчан падчас розных мерапрыемстваў, што ладзяцца ў Доме культуры. Разам з матуляй працуе і дачка Алена. 

– Шчыра сказаць, я не думала, што ў Беларусі буду працаваць у культуры. Хацела кардынальна памяняць прафесію, але не атрымалася, – адзначае Тамара Гагікаўна. – Я дасканала не ведала беларускую культуру, мову, мясцовых лю дзей, без чаго немагчыма праводзіць народныя святы, мерапрыемствы. Першае, што я зрабіла, калі ўзначаліла Дом культуры, бліжэй пазнаёмілася з мясцовымі жыхарамі. А з часам і пры падтрымцы калег, кіраўніцтва ўсё атрымалася. Удзячна ўдзельніцам клуба «Добра сядзім» за падтрымку і дапамогу ў арганізацыі мерапрыемстваў, парады. Зараз у нас у Ладзеніках праходзіць шмат цікавых мерапрыемстваў, штогод ладзіцца брэндавае свята «На птушыным падворку». Сёлета яно прайшло 28 жніўня і сабрала шмат аднавяскоўцаў і гасцей. Традыцыйнай часткай мерапрыемства стала выстаўка хатняй птушкі: гусі, куры, качкі, індыкі розных парод і афарбовак напоўнілі адкрытую вулічную пляцоўку. Гасцей свята мы частавалі смачным караваем. Спадабалася ўсім і насычаная змястоўная праграма, дзе тэатралізацыя змянялася вясёлымі і цікавымі канцэртнымі нумарамі. На працягу ўсяго свята гледачы танцавалі і падпявалі, удзельнічалі ў цікавых конкурсах і атрымлівалі прызы і падарункі.

На базе Ладзеніцкага сельскага дома культуры працуюць два аматарскія аб'яднанні: адно для дзяцей «Садружнасць» і другое – «Добра сядзім» для людзей сталага ўзросту. Многія жыхары аграгарадка знаходзяцца на заслужаным адпачынку, яны поўныя сіл, энергіі, энтузіязму і не хочуць замыкацца ў сценах сваёй кватэры ці дома. Іх заўсёды рады бачыць ва ўстанове культуры. Дарэчы, удзельнікам аб'яднання можа быць любы жадаючы.

«Садружнасць»

Адразу пасля прыходу на працу ў Дом культуры Тамара Гагікаўна арганізавала аматарскае аб’яднанне – клуб нацыянальных культур «Садружнасць», дзе мясцовыя хлочыкі і дзяўчынкі вывучаюць узбекскія, украінскія і беларускія танцы, песні на казахскай мове. Тэатралізацыю паказваюць на рускай мове. Нават умеюць вітаць адзін аднаго на розных мовах. Для іх касцюмы шые сама Тамара Гагікаўна, многае прывезла з Казахстана. 

– Я знаёмлю падрастаючае пакаленне з рознымі культурамі. У забаўляльнай, гульнявой і пазнавальнай форме знаёмлю з традыцыямі і абрадамі, разам майструем вырабы сваімі рукамі. У дзяцей адзін з любімых напрамкаў у аб’яднанні – майстар-класы па прыгатаванні страў рознай нацыянальнай кухні. Спачатку ўсе разам рыхтуем казахскія баурсакі, татарскі чакчак або карэйскія салаты, пасля ладзім сапраўдную дэгустацыю. Рэцэпты, якія спадабаліся, дзеці запісваюць і гатуюць з сям’ёй. 

У 2021 г. клуб нацыянальных культур «Садружнасць» Ладзеніцкага сельскага дома культуры заваяваў дыплом другой ступені на абласным аглядзе аматарскіх аб'яднанняў «Свет захапленняў» сярод дзіцячых калектываў.

 – Мы вельмі рады, што сёння жывём і працуем у Беларусі, што тут падрас таюць нашы дзеці і ўнукі, праўнучка. Шчыра ўдзячны лёсу, што так атрымалася, – у адзін голас гавораць Іван і Тамара Аўчыннікавы. – Паверце, нам ёсць з чым параўнаць. Тут усё своеасаблівае: шчырыя, адкрытыя, добразычлівыя лю дзі, прыгожая, чыстая прырода. Такая разнастайнасць садавіны, гародніны, мясных страў нас вельмі здзіўляла па першым часе. Унукі часта гаварылі: «Бабуля, дзядуля, вы нас прывезлі ў цуда-краіну!». Мы вельмі ўдзячны жыхарам аг. Ладзенікі за цёплы прыём. За першы год мы абжыліся, набылі тут тое, што мелі за 50 гадоў жыцця ў Казахстане. А працы мы не цураліся і калі жылі ў Казахстане, не цураемся і ў Беларусі. Зараз маем вялікую гаспадарку: свае куры, гусі, купілі і кароў, трымаем свіней. Муж, дзеці палюбілі беларускія народныя стравы, асабліва дранікі, гатуем часта казахскія нацыянальныя стравы. 

Беларусь для сям’і Аўчыннікавых стала сапраўдным родным домам – месцам, дзе любяць і паважаюць, дзе адчуваеш сябе патрэбным і якое не хочаш ніколі пакідаць. Па іх прыкладзе ў Беларусь пераехалі яшчэ пяць сямей. Магчыма, з часам пераедзе і самы малодшы сын. І тады вялікая і дружная сям'я Аўчыннікавых будзе разам. Што яшчэ чалавеку трэба для шчасця? Толькі мір і спакой у краіне і родныя побач. 


Вольга Пісар, «НЖ» 

Присоединяйтесь к нашему Telegram-каналу!