Імя Веры Харужай жыве ў памяці людзей

Імя Веры Харужай жыве ў памяці людзей

Імя Веры Харужай жыве ў памяці людзей

31 мая 2024 385

Вера Захараўна Харужая – актыўны дзеяч рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камуністычнага падполля ў Віцебску ў гады Вялікай Айчыннай вайны, публіцыст, Герой Савецкага Саюза.

Вера Захараўна нарадзілася 27 верасня 1903 года ў Бабруйску, але дзяцінства яе прайшло ў горадзе Мазыр, дзе яна ў 1919 годзе скончыла школу. Настаўнічала на Палессі, з’яўлялася ўдзельніцай грамадзянскай вайны 1918–1920 гадоў, калі тэрыторыя Мазыра была акупіравана польскімі войскамі, бандамі белагвардзейскага генерала Булак-Балаховіча – аднаго з лідараў барацьбы супраць савецкай улады. З 1921 года – член Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. Два гады, з 1921 па 1923, В.З. Харужая вучылася ў Цэнтральнай савецка-партыйнай школе ў Мінску (школа існавала з 1925 г. па 1937 г., у ёй штогод вучылася 25-30 чалавек – рыхтаваліся кіруючыя кад ры Кампартыі і камсамола Заходняй Беларусі). Працавала ў Мазырскім і Бабруйскім павятовых камітэтах Камуністычнага саюза моладзі Беларусі (камсамола) загадчыцай палітычна-асветнага аддзела, затым – у апараце Цэнтральнага Камітэта камсамола. У гэты ж час з’яўлялася супрацоўнікам маладзёжных газет «Юны араты», «Чырвоная змена», часопіса «Полымя», а яшчэ працавала выхавальніцай Дома юнацтва і Камсамольскай камуны ў Мінску.

Пасля заканчэння партыйнай школы пачынаецца новая старонка ў біяграфіі Веры Харужай. У лютым 1924 года Цэнтральным Камітэтам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі яна накіроўваецца на работу ў камсамол Заходняй Беларусі (КСМЗБ), якая на той час уваходзіла ў склад Польскай дзяржавы, для арганізацыі падпольнай работы, а з чэрвеня таго ж года назначана сакратаром Цэнтральнага Камітэта КСМЗБ. Пачатак яе дзейнасці адзначыўся хуткім ростам камсамольскіх арганізацый, асабліва ў вёсках. «Пачаць работу ў вёсцы ў нас атрымалася параўнальна нядаўна, – пісала ў адным са сваіх артыкулаў В.З. Харужая, – але ўжо гэты перыяд часу даў нам больш як 40 вясковых ячэек». Энергічная, адданая выбранай справе Вера Захараўна аб’ядноўвала моладзь вакол камсамола, выступала на мітынгах і ў нелегальным друку, праводзіла падпольныя сходы і нарады рэвалюцыйнай моладзі, стварала падпольныя камсамольскія арганізацыі. З мэтай удзелу ў канферэнцыях і для ўладкавання сувязей яна пабывала ў Брэсце, Гродне, Пінску, Пружанах і іншых гарадах.

З яе імем звязана таксама дзейнасць газеты «Малады камуніст» – органа Цэнтральнага Камітэта КСМЗБ (стала выходзіць з лістапада 1924 года), а ў 1925 го дзе В. Харужая арганізавала ІІ канферэнцыю Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі ў Вільні. З захапленнем слухалі яе лекцыі па асобных пытаннях дзейнасці КПЗБ у партыйнай школе ў г. Мінску. Незабыўным для слухачоў школы стаў адзін з вечароў самадзейнасці, арганізаваны Верай Захараўнай, на якім яна з вялікім натхненнем чытала вершы Янкі Купалы. Па ўспамінах навучэнцаў партыйнай школы, В.З. Харужая добра ведала і горача любіла беларускую паэзію.

Аднак польскія ўлады выкрылі дзейнасць апантанай барацьбіткі. 15 верасня 1925 года яна была арыштавана ў Беластоку і прыгаворана да 6 гадоў зняволення. Але гэта быў толькі пачатак яе пакутаў. З 17 красавіка па 29 мая 1928 года ў Беластоку прахо дзіў «працэс 133» – адзін з самых масавых працэсаў у гісторыі рэвалюцыйнага руху Заходняй Беларусі. У ліку абвінавачаных была і Вера Захараўна, якой тады прысудзілі яшчэ 8 гадоў зняволення з адбыццём у жаночай катаржнай турме «Фордан» на захадзе Польшчы. Будучы ў няволі, яна пісала пісьмы родным, сябрам, частка якіх склала кнігу «Пісьма на волю».

Вытрымка з пісьма Веры Харужай у рэдакцыю газеты «Чырвоная змена» у сувязі з 10-годдзем ЛКСМБ 12 снежня 1928 г.: «Сяджу ў сваёй адзіночцы, перада мною мітульгою гарыць свечка, а навокал мяне сцены, зноў і зноў сцены, ціша і ноч…». А вось якой запомнілася Вера Захараўна яе аднадумцу, таксама актыўнаму ўдзельніку рэвалюцыйнага руху, Лазару Рыгоравічу Шайкоўскаму: «Веру Харужую я не бачыў сем гадоў. За гэты час яна моцна змянілася. Турма пакінула на ёй сваю пячатку. В. Харужая выглядала змучанай, стомленай. Але, як і раней, была жыццярадаснай, энергічнай і вясёлай». За заслугі ў рэвалюцыйным руху яна ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР.

У верасні 1932 года ў выніку абмену палітычнымі вязнямі Вера Харужая вярнулася ў Мінск. На Радзіме яна актыўна займалася публіцыстычнай дзейнасцю. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Вера Захараўна працавала ў Пінскім абласным камітэце партыі.

Але наперадзе яе чакалі новыя выпрабаванні…

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, меўшы на той час ужо дваіх маленькіх дзяцей, В.З. Харужая стала партызанкай першага арганізаванага на тэрыторыі Беларусі партызанскага атрада Васіля Захаравіча Каржа. З вясны 1942 года яна ў апараце ЦК КП(б)Б у Маскве. У верасні таго ж года, кіруючы групай з 17 чалавек, накіравана ў Віцебск для арганізацыі ўмацавання Віцебскага патрыятычнага падполля. Яна збірала і перадавала камандаванню Чырвонай арміі і партызанам каштоўныя звесткі пра ворага. 13 лістапада 1942 года Харужая разам са сваімі баявымі таварышамі была арыштавана гітлераўцамі і пасля жорсткіх катаванняў расстраляна.

Званне Героя Савецкага Саюза Веры Захараўне прысвоена пасмяротна ў 1960 годзе.

Імя непакоранай Веры Харужай жыве ў памяці людзей. У гарадах і вёсках Беларусі ў яе гонар названы вуліцы, плошчы, яе імя прысвоена ўстановам адукацыі і музеям у школах, ёй усталяваны помнікі і мемарыяльныя дошкі.

Н. ПІСАРУК, загадчык аддзела забеспячэння захаванасці, уліку і выкарыстання дакументаў Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Навагрудку.

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |