Вялікае Княства нарадзілася тут

Вялікае Княства нарадзілася тут

Вялікае Княства нарадзілася тут

03 мая 2024 441

Сярэдзіна XIII стагодзя ў гісторыі Навагрудка звязана з падзеямі выключнай палітычнай значнасці. Менавіта ў гэты час горад стаў цэнтрам новаўтворанай дзяржавы. Гэта быў час рашучых выпрабаванняў для маладой дзяржавы і яе сталіцы. Быць ці не быць княству? Застанецца яно незалежным саюзам усходніх славян і балтаў або стане на калені перад сваімі шматлікімі ворагамі? Адказы на гэтыя пытанні гісторыя давала тут, у старажытным Новагародку. Пра падзеі тых часоў расказваем у нашым гістарычным праекце.

Да сярэдзіны XIII ст. Новагародак дасягнуў высокага ўзроўню развіцця. У горадзе квітнелі разнастайныя рамёствы: выплаўлялася жалеза, вырабляліся каляровыя і каштоўныя металы, развівалася ганчарства, наладжаны быў выраб прадметаў з косці і скуры. Новагародак меў актыўныя гандлёвыя сувязі з замежжам, пра што сведчыць вялікая коль касць знойдзеных тут у ходзе археалагічных раскопак прывазных рэчаў. Урадлівыя глебы і адносна высокая шчыльнасць насельніцтва ў ваколіцах горада давалі шмат магчымасцей для паспяховага развіцця земляробства.

Вядома, што ў першай палове XIII ст. у Новагародку ужо аформілася дзяржаўная ўлада на чале з князем. Але наколькі ўплывовым было тагачаснае Новагародскае княства, якую ролю адыгрывала ў знешнепалітычных зносінах – гісторыкі не маюць адназначнага адказу дагэтуль.

Паміж Валынню і Літвой
Мікола Ермаловіч, напрыклад, лічыў, што ў азначаны перыяд Новагародак ужо быў цэнтрам самага магутнага на тэрыторыі сучаснай Беларусі дзяржаўнага ўтварэння, цэнтрам, які з’яднаў вакол сябе іншыя гарады Верхняга Панямоння. Магчыма, у параўнанні з такімі гарадамі, як Слонім, Ваўкавыск, Горадня (Гродна), Новагародак і сапраўды валодаў асаблівым статусам. Аднак былі ў яго і больш магутныя суседзі.

Адным з іх было Галіцка-Валынскае княства. Яго князь Даніла Раманавіч не хаваў намеру сабраць пад сваім крылом як мага больш земляў, каб арганізаваць супраціўленне страшнай навале, якая рухался на Русь з паўднёвага ўсходу – мангола-татарам. Паміж Галіцка-Валынскім і Новагародскім княствамі ўсталяваліся адносіны сюзерэна і васала. І невядома, колькі б яшчэ часу такія адносіны існавалі б, калі б Новагародак не меў іншага суседа – паўночнага.

Гэтым суседам была Літва. Так называлася і балцкае племя, чые землі ахоплівалі тэрыторыю ў верхнім цячэнні ракі Віліі (на паўднёвым усходзе сучаснай Літоўскай Рэспублікі і паўночным захадзе сённяшняй Беларусі), і самі гэтыя землі. Літва не адрознівалася высокім узроўнем эканамічнага развіцця, не мела ўстойлівых гандлёвых сувязей з суседзямі, прытрымлівалася язычніцкіх вераванняў (у адрозненне ад праваслаўнага Новагародка). Аднак з прычыны сваёй ваяўнічасці яна вымушала лічыцца з сабой блізкіх і далёкіх суседзяў. Сілу літоўскай зброі зведалі на сабе і крыжакі-лівонцы, якіе мелі намер распаўсюдзіць сярод літоўскіх язычнікаў каталіцкую веру, і многія княствы Русі.

Асабліва частымі сталі згадкі пра Літву ў славянскіх летапісах і заходнееўрапейскіх хроніках, калі да ўлады тут прыйшоў князь Міндоўг. Да сярэдзіны 1230-х гг. ён ў пераадолеў супраціўленне іншых літоўсіх князёў і дасягнуў аднаасобнай улады ў Літве.

Князь у горадзе
У Новагародку Міндоўг з’явіўся ў 1240-х гг. На гэтую падзею тагачасныя летапісцы звярнулі мала ўвагі і не патлумачылі належным чынам, пры якіх абставінах балцкі князь набыў уладу ў горадзе. У розны час гісторыкі выказвалі самыя розныя меркаванні. Большасць сучасных гісторыкаў схіляецца да таго, што прыход князя да ўлады ў Новагародку адбыўся мірным шляхам і быў выгадны абодвум бакам. Новагародскі князь і мясцовая знаць разумелі, што лепш мець у асобе Міндоўга не агрэсіўнага ворага, а надзейнага саюзніка. У гэтым саюзе і новагародцы, і Літва разлічвалі адбіць пагрозу з боку як мангола-татараў, так і крыжакоў-лівонцаў. Як лічаць некаторыя гісторыкі, для ўмацавання добрасуседскіх адносін князь Ізяслаў Новагародскі нават аддаў у жонкі Міндоўгу сваю дачку. Не меў нічога супраць таго, каб пашыраць свой уплыў на заможны Новагародак і іншыя панямонскія гарады мірным шляхам, і сам Міндоўг.

Барацьба за існаванне
Узыходжанне Міндоўга на новагародскі прастол прынята лічыць пачаткам гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, якое з цягам часу ператварылася ў адну з найбуйнейшых дзяржаў Еўропы. Аднак тады, у сярэдзіне XIII ст. княства не было яшчэ вялікім ні па назве, ні па памерах і толькі пачынала адстойваць сваё права на існаванне.

Прыход Міндоўга да ўлады ў Новагародку, бясспрэчна, павялічваў вайсковую сілу новага дзяржаўнага аб’яднання. Але адначасова з тым павялічвалася і колькасць яго ворагаў. Мелі крыўду на Міндоўга літоўскія князі Эдзівід і Таўцівіл, якія лічылі, што ўлада павінна належаць ім. Але асабліва незадаволены быў Даніла Галіцкі, які не жадаў губляць свой уплыў у Верхнім Панямонні. У 1251 г. ён арганізаваў вайсковы паход «на Літву, на Новогородак» падчас якого «плениша всю землю новгородскую». Адносіны паміж Галіцка-Валынскім княствам і Новагародкам і ў наступным былі складаныя, «На Літву, на Новогородак» за два гады Даніла Раманавіч хадзіў яшчэ тройчы.

Разумеючы, што адолець усіх ворагаў адной толькі зброяй маладая дзяржава не ў сілах, Міндоўг распачаў тонкую, хоць і рызыкоўную, дыпламатычную гульню. Ён пайшоў на заключэнне міру з адным з самых непрымірымых праціўнікаў – Лівоніяй – і даў згоду прыняць крышчэнне па каталіцкім абрадзе. Хрышчэнне адбылося ў 1252 г. А ў наступным годзе з блаславення папы рымскага Інакенція IV Міндоўг быў каранаваны як «кароль Літовіі». Гэта дазволіла на нейкі час выключыць Лівонію з ліку ворагаў і засяро дзіцца на супрацьстаянні ГаліцкаВалынскаму княству.

«Крещение же его льстиво бысть», – напісаў пазней валынскі летапісец. Сапраўды, язычнік Міндоўг пайшоў на такія дзеянні, зыходзячы не з рэлігійных перакананняў, а з палітычных абставін. Пазней, у 1061 г., ён выракся каталіцтва і вярнуўся да сваёй ранейшай веры, парваўшы тым самым сувязі з Лівонскім ордэнам.

Легенды Гары Міндоўга
Ёсць у Навагрудку мясціна, якая захоўвае памяць пра заснавальніка Вялікага Княства Літоўскага. Узвышша ў раёне вуліц Мінскай і 1 Мая носіць назву Гара Міндоўга. З гэтым месцам звязана нямала народных паданняў. Паводле аднаго з іх (пацверджанага, дарэчы, некаторымі гістарычнымі дакументамі), менавіта тут адбывалася згаданая вышэй каранацыя Міндоўга, паводле іншага, гара стала апошнім прыстанішчам князя, забітага ў 1263 г. палітычнымі канкурэнтамі і пахаванага па язычніцкім абрадзе пад курганом. Неаднаразова Гару Міндоўга ўзгадваў у сваіх творах Адам Міцкевіч. Менавіта тут у 1993 г. з нагоды 740-годдзя каранацыі Міндоўга быў усталяваны памятны камень работы скульптара Уладзіміра Летуна, а ў 2014 г. побач з’явілася металічная скульптура князя вышынёй каля двух з паловай метраў. Гара Міндоўга працягвае нагадваць навагрудчанам і гасцям горада пра тое, што гісторыя Вялікага Княства пачалася менавіта тут. 

Віктар Свёкла, «НЖ».

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |