Барыс і Алена Кавалеўскія: 55 гадоў разам і з газетай «Новае жыццё»

Барыс і Алена Кавалеўскія: 55 гадоў разам і з газетай «Новае жыццё»

Барыс і Алена Кавалеўскія: 55 гадоў разам і з газетай «Новае жыццё»

06 августа 2019 2608

У сіле духу і працаздольнасці людзям пасляваеннага пакалення не адмовіш. Да гэтага асаблівага пакалення належаць Барыс Барысавіч і Алена Мікалаеўна Кавалеўскія, жыхары вёскі Навасёлкі Вераб’евіцкага сельсавета. На працягу амаль 55 гадоў яны дзеляць усе радасці і складанасці жыцця напалам. І заўсёды ў жыцці нашых герояў прысутнічае раённая газета «Новае жыццё», якую яны выпісваюць з 1964 года.

– Некалі ў маёй роднай вёсцы кіпела жыццё, – гаворыць Барыс Барысавіч. – Зараз у асноўным жывуць пенсіянеры. Усім сэрцам люблю сваю малую радзіму і таму вырашыў жыць і працаваць тут. Я закончыў Навагрудскую школу механізацыі ў 1962 годзе. Адразу ўладкаваўся на працу ў калгас «Камунар», а пазней перайшоў у Нягневіцкую механізаваную трактарную станцыю. Часта даводзілася быць у камандзіроўках па раёне, займаліся і меліярацыйнымі работамі. Вось падчас адной з камандзіровак і пазнаёміўся я з будучай жонкай Аленай. Мы заўсёды разлічвалі толькі на свае сілы, дапамагаць не было каму. Пераехалі ў Навасёлкі, будавалі дом, паступова абжываліся. Тут нарадзіліся сыны Іван і Аляксандр.

Алена Мікалаеўна прызналася падчас нашай размовы, што гады дзяцінства не вельмі хоча ўспамінаць. Жыла яна ў вёсцы Малая Ізва. Вельмі цяжка прыйшлося яе матулі адной гадаваць трое дзяцей.

– У 1944 годзе бацька быў прызваны на фронт, але з вайны не вярнуўся. Не было звестак ад яго доўгі час, матуля шукала, пасылалі запыты ва ўсе ведамствы. У ліку загінулых яго не было нідзе, – расказвае жанчына. – Вельмі балюча… Ужо ў сталым узросце выпадкова ад аднавяскоўца даведалася, што тата жыве ў Польшчы, у яго там сям’я… Прыкра і горка было пра гэта даведацца… Я нават школу не закончыла, бо патрэбна было дапамагаць матулі. Рана ўладкавалася на працу на свінаферму ў калгас імя Маякоўскага. Неаднаразова была ў ліку лепшых, маё імя было занесена на дошку гонару. Пра мае дасягненні пісалі ў газеце «Новае жыццё». Пасля пераезду была даяркай у калгасе «Камунар», сюды перайшоў і муж. Тут мы працавалі да выхаду на заслужаны адпачынак.

Рука аб руку крочаць Барыс Барысавіч і Алена Мікалаеўна Кавалеўскія па жыцці. У верасні нашы героі адзначаць 55-гадовы юбілей сумеснага жыцця. Стойкасці, вынослівасці, працавітасці такіх людзей толькі здзіўляешся.

Доўгіх гадоў жыцця вам, паважаныя Барыс Барысавіч і Алена Мікалаеўна, моцнага здароўя і дабрабыту.

 

 Вольга Пісар, «НЖ»