Жывая памяць удзячных пакаленняў

Жывая памяць удзячных пакаленняў

Жывая памяць удзячных пакаленняў

23 августа 2022 718

Да нас у рэдакцыю звярнуўся ўраджэнец в. Асташына Дзімітрый Вартанавіч Худзінян. У 70-я гады ён пераехаў у Арменію, але заўсёды шчымела сэрца па роднай Беларусі, куды зноў вярнуўся ў 90-х гадах. Зараз жыве ў Ашмянах. Няма ў нашай краіне сям’і, якую б ні закранула Вялікая Айчынная вайна. У сям’і Худзінян яна пакінула свой глыбокі след.

– Мой тата Вартан Асатуравіч Худзінян па нацыянальнасці армянін, быў членам ВЛКСМ, па адукацыі настаўнік. Да пачатку вайны праходзіў службу ў арміі ў Гродне. З 20 чэрвеня 1943 г. па ліпень 1944 г. быў партызанам, камандзірам падрыўной групы атрада Катоўскага брыгады імя Ф.Э. Дзяржынскага. За муж насць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецкафашысцкіх захопнікаў, і ўдзел у баявых аперацыях, падрыў варожых эшалонаў, баях за Любчу камандаваннем партызанскай брыгады імя Ф.Э. Дзяржынскага ён быў прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі. Аднак згодна з дадзеным прадстаўленнем быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі». А таксама быў узнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны», – расказвае Дзімітрый Вартанавіч. – Фота здымак таты я ў свой час перадаў у «Музей партызанскай славы», які быў у в. Чарэшля. Там захоўваліся гільзы патронаў, прыстасаванні для атрымання агню, якімі карысталіся партызаны ў гады вайны, і інш. Аднойчы я спытаўся ў саслужыўца таты, як ваяваў мой тата. На што атрымаў адказ: «Каб кожны так служыў, як твой тата». Ён дзесяць эшалонаў узарваў, а па дакументах праходзіла толькі два. І за гэта было крыўдна. У свой час тата шмат расказваў пра партызан, падрыўную дзейнасць. У пасляваенны час працаваў на млыне ў Асташыне. Там і сёння тату ўспамінаюць добрым словам. Апошнія гады свайго жыцця пражыў у Арменіі, дзе і пахаваны.

– Смеласць тату перадалася ў спадчыну ад дзядулі Філімона Муляра, пра якога хачу сказаць яшчэ некалькі слоў. Ён быў членам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Так, у маёй роднай вёсцы Асташына, як і прылеглых населеных пунктах, у 30-я гады мінулага стагоддзя дзейнічалі падпольныя камуністычныя групы. На чале падпольнай ячэйкі ў нашай вёсцы былі браты Іван і Пётр Казакі, мой дзед Філімон Муляр, а таксама Дударэвіч. У суседніх вёсках таксама актыўна выступалі супраць асаднікаў і паліцыі. Я дома захоўваю і паказваю дзецям і ўнукам кнігу «Па мяць. Гісторыка- дакументальная хроніка Навагрудскага раёна», дзе чытаем:

«Значны ўплыў на пашырэнне рэвалюцыйнага руху аказала выступленне сялян вёскі Асташына ў сакавіку 1932 года. Польская паліцыя арыштавала членаў КПЗБ Івана Карпавіча Манько, братоў Шоцкіх і іншых і спрабавала вывезці ў Навагрудак. У вёсцы вісела жалезная рэйка для падачы сігналу ў выпадку трывогі. Начальнік пажарнай дружыны, член КПЗБ Філімон Муляр у час арышту забіў у рэйку. Па трывозе збегліся мужчыны і жанчыны вёскі Асташына і суседніх вёсак Навасёлкі, Залозкі, Загор’е Сенненскае, разагналі панскую паліцыю і адбілі арыштаваных. Паліцэйскія ўцяклі з маёнтка. На наступны дзень прыехалі на чале з ваяводам. Яны акружылі вёску, наставілі кулямёты, арыштавалі 80 мужчын і падлеткаў і пагналі іх у Нягневічы. Філімона Муляра прымусілі несці туды рэйку. Большасць арыштаваных была асуджана ад 4 да 7 гадоў турэмнага зняволення…».

Не пераставаў змагацца супраць ворага дзядуля і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго імя ў ліку 48-мі актывістаў Нягневіцкага сельскага Савета дэпутатаў, якія былі расстраляны нямецка- фашысцкімі захопнікамі 23 ліпеня 1942 года. Цудам засталася ўжывых мая матуля Валянціна Філімонаўна, яе імя таксама было ў спісе тых, каго немцы вялі на расстрэл. Але там значыўся мужчына, а не жанчына – гэта і выратавала ад расстрэлу, – дадае Дзімітрый Худзінян. – Мой дзед Філімон Муляр 1895 года нараджэння – удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пасля прыехаў у Асташына, дзе ажаніўся з Антанінай. У іх было чацвёра дзяцей. Два сыны загінулі падчас вайны. Дзмітрый Муляр пахаваны ў г. Ломжа, а старэйшы каля Будапешта. Часта перачытваю кнігу «Памяць», успаміны аднавяскоўцаў.

Пройдзе час, і аб вайне нам будуць расказваць толькі дакументы, рэчы, фатаграфіі і ўспаміны, запісаныя са слоў удзельнікаў. Таму значэнне сямейных архіваў цяжка пераацаніць. У доме Дзімітрыя Вартанавіча шмат гадоў захоўваецца бясцэнны матэрыял пра пакаленне, якое прайшло вайну.

Вольга Пісар, «НЖ».


Присоединяйтесь к нашему Telegram-каналу!