Замест дзяржпошліны – транспартны налог. Як будзем плаціць?

Замест дзяржпошліны – транспартны налог. Як будзем плаціць?

Замест дзяржпошліны – транспартны налог. Як будзем плаціць?

08 февраля 2021 798

Доўгачаканае новаўвядзенне для ўладальнікаў транспартных сродкаў уступіла ў сілу з 1 студзеня. Цяпер у краіне замест дзяржпошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху ўведзены транспартны падатак. І што галоўнае – ён «адвязаны» ад тэхагляду. Хто і калі будзе яго плаціць і ці ёсць ільготы, разбіраемся разам з намеснікам начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Навагрудскім раёне, начальнікам упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Галінай Селівёрставай.

– Плацельшчыкамі транспартнага падатку прызнаюцца як арганізацыі, так і фізічныя асобы, у тым ліку зарэгістраваныя ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. У выпадку перадачы транспартнага сродку ў фінансавую арэнду плацельшчыкам транспартнага падатку з’яўляецца лізінгаатрымальнік, – патлумачыла Галіна Яўгеньеўна. – Аб’ект падаткаабкладання – транспартныя сродкі, зарэгістраваныя за фізічнымі асобамі або арганізацыямі ў Дзярж­аўтаінспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў.

Калі на чалавека зарэгістраваны два аўтамабілі, то абодва будуць абкладацца падаткам незалежна ад удзелу іх у дарожным руху.

Таксама Падаткавым кодэксам вызначаны пералік транспартных сродкаў, за якія іх уладальнікамі транспартны падатак выплачвацца не будзе:

- год выпуску якіх 1991-ы і ранейшы;

- звесткі пра год выпуску якіх адсутнічаюць;

- якія знаходзяцца ва ўгоне;

- спецыяльна абсталяваныя для выкарыстання інвалідамі;

- знятыя з уліку ў ДАІ МУС да 1 ліпеня 2021 г.


Такая ж сітуацыя з транспартнымі сродкамі, якія выкарыстоўваюцца для аказання медыцынскай дапамогі, у тым ліку «хуткімі». Таксама вызваляюцца ад выплаты дзяржорганы, суды, органы пракуратуры, войскі і воінскія фарміраванні, арганізацыі, уключаныя ў пералік тых, што выконваюць перавозкі транспартам агульнага карыстання, і інш.

Колькі плаціць?

– Падлік падатку для фізічных асоб – задача падаткавых органаў, – расказала Галіна Селівёрстава. – Памер транспартнага падатку будзе залежаць ад дазволенай максімальнай масы аўтамабіля.

Менш за ўсіх будуць плаціць уладальнікі «легкавушак», вага якіх да 1,5 тоны, – 61 руб. Калі аўто важыць ад 1,5 да 1,75 т, заплаціць патрэбна будзе 81 руб., ад 1,75 да 2 т – 102 руб., ад 2 да 2,25 т – 122 руб., ад 2,25 да 2,5 т – 142 руб., ад 2,5 да 3 т – 162 руб., больш за 3 т – 223 руб. За матацыкл плата складзе 41 руб.

– Плаціць транспартны падатак грамадзяне будуць штогод. Паведамленні з падаткавай інспекцыі аўтаўладальнікі – фізічныя асобы будуць атрымліваць кожны год да 1 верасня. На ўнясенне выплаты даецца паўтара месяца – не пазней за 15 лістапада, – адзначае намеснік начальніка інспекцыі. – Паколькі гэты год пераходны, для грамадзян, якія не прайшлі тэхагляд да 1 студзеня 2021 г., прадугледжаны асаблівы парадак выплаты. Іх абавяжуць унесці авансавы плацеж: 1 базавую велічыню (з 1 студзеня – 29 руб.) за кожны транспартны сродак. Зрабіць гэта неабходна да 15 снежня бягучага года. Што тычыцца прычэпаў, матацыклаў, то сума авансу складзе 20 руб. Даплату падатку неабходна будзе зрабіць да 15 лістапада 2022 г.

Кантроль за неплацельшчыкамі таксама кладзецца на падаткавую службу. За нявыплату пагражае як мінімум налічэнне пені, як максімум – на аўто могуць накласці арышт.

Аб ільготах

– У Падаткавым кодэксе вызначана катэгорыя фізічных асоб, якія маюць права на змяншэнне сумы падатку, – падкрэсліла Галіна Яўгеньеўна. – Так, сума транспартнага падатку, якая падлягае выплаце, памяншаецца на 50% у дачыненні да транспартных сродкаў, зарэгістраваных за ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, інвалідамі I ці II груп, асобамі, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, або асобамі, якія маюць права на пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту. А таксама на 25% – для інвалідаў III групы. Пры гэтым ільгота па зніжэнні стаўкі транспартнага падатку прадастаўляецца пры ўмове наяўнасці ў плацельшчыка сапраўднага вадзіцельскага пасведчання адпаведнай катэгорыі.

– Акрамя гэтага, поўнае або частковае вызваленне ад выплаты транспартнага падатку па транспартных сродках, якія не выкарыстоўваюцца пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці, маюць права атрымаць таксама фізічныя асобы, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, – дадала Галіна Селівёрстава. – Такое вызваленне прадастаўляецца фізічным асобам мясцовымі Саветамі дэпутатаў або па іх даручэнні выканаўчымі і распарадчымі органамі.


Для арганізацый

Што датычыцца аўто, уладальнікамі якіх з’яўляюцца арганізацыі, вылічэнне і выплата транспартнага падатку будзе рабіцца імі самастойна. Памер стаўкі транспартнага падатку, як і ў выпадку з фізічнымі асобамі, залежыць ад дазволенай максімальнай масы і ёмістасці альбо вызначаецца за адну адзінку транспартнага сродку.

За аўто масай да адной тоны арганізацыя-ўладальнік павінна выплаціць 162 руб., больш за тону – 209 руб., ад 2 да 3 т – 255 руб., ад 3 тон – 325 руб. Падатак на матацыкл складзе 70 руб..

– Плацельшчыкі-арганізацыі пра­д­астаўляюць разлік па транспартным падатку толькі па выніках мінулага падаткавага перыяду – не пазней за 20 лютага. Унесці аванс варта не пазней 22-га чысла трэцяга месяца квартала, за які вылічаецца авансавы плацеж, – паведаміла Г. Селівёрстава. – Калі сума плацяжоў перавысіць памер гадавога падатку, грошы залічаць на будучы год ці будуць вернуты. Аўтамабілі з ужо пройдзеным тэхаглядам падаткам не абкладаюцца да моманту, пакуль не скончыцца тэрмін дзеяння дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, за выдачу якога была выплачана дзяржаўная пошліна.

Усе ўзносы будуць залічаны ў дарожны фонд. Больш як палова сродкаў пяройдзе ў раённыя бюджэты і будзе накіравана на рамонт мясцовых дарог.

Падрыхтавала Анастасія Пятрова, «НЖ»