У Навагрудку плануецца ўсталяваць помнік Міндоўгу

У Навагрудку плануецца ўсталяваць помнік Міндоўгу

У Навагрудку плануецца ўсталяваць помнік Міндоўгу

29 марта 2021 2112
Навагрудак – горад са слаўным гістарычным мінулым і багатай культурнай спадчынай. У свой час ён быў цэнтрам важных гістарычных падзей, гераічных подзвігаў, з’яўляўся радзімай многіх вядомых асоб – людзей, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё Навагрудчыны. Многім з іх ужо ўсталяваны помнікі, бюсты, скульптуры, мемарыяльныя дошкі, якія сёння з’яўляюцца не толькі аб’ектамі турызму, але і данінай памяці вялікім людзям і падзеям.
Асаблівае месца сярод іх займаюць помнікі і бюсты выдатным асобам, жыццё і дзейнасць якіх было звязана з Навагрудчынай – прадстаўнікам літаратурнай спадчыны Адаму Міцкевічу і Якубу Коласу, заснавальніку знакамітага Лаўрышаўскага манастыра Елісею Лаўрышаўскаму, вядомаму барду Уладзіміру Высоцкаму, які правёў у Навагрудку некалькі тыдняў падчас здымак фільма «Сыны ідуць у бой» і напісаў для яго песні. Зусім нядаўна на
будынку былой дамініканскай школы, у якой вучыўся Адам Міцкевіч, быў усталяваны барэльеф вялікага паэта.
Гістарычныя падзеі прадстаўлены памятнымі знакамі, усталяванымі ў гонар 500-годдзя магдэбургскага права, 740-годдзя каранацыі князя Міндоўга, 975-годдзя першага летапіснага згадвання пра горад.
У Навагрудку дастойна ўвекавечаны подзвігі савецкіх салдат і грама­дзянскага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама знайшлі сваё адлюстраванне ў манументальным мастацтве і трагічныя падзеі афганскай вайны. Аб трагедыі яўрэйскага насельніцтва ў гады акупацыі свед­чаць памятныя знакі «Дзяўчынка-анёл» і «Дрэва жыцця», Сцяна Памяці.
Сёння вядзецца збор сродкаў на стварэнне і ўстаноўку помніка князю Міндоўгу – заснавальніку і першаму кіраўніку Вялікага Княства Літоўскага, які аб’яднаў пад уладай Новагародка літоўскія плямёны і беларускія княствы Верхняга Панямоння ў новую дзяржаву, а пасля стаў яго першым і адзіным каралём. Аўтарам і стваральнікам будучага манумента з’яўляецца вядомы беларускі скульптар Сяргей Бандарэнка. 
Першы этап праекта ўжо цалкам рэалізаваны. Аўтарам выраблена мадэль у мяккім матэрыяле, візуалізацыя праекта на мясцовасці і план размяшчэння скульптуры. Далей плануецца ажыццяўленне другога этапу праекта – выраб рабочай мадэлі помніка, пасля зацвярджэння якой можна будзе прыступіць непасрэдна да вырабу бронзавай скульптуры.
Стварэнне манумента ажыццяўляецца за кошт дабрачынных ахвяраванняў, таму кожны жадаючы можа ўнесці свой пасільны ўклад ва ўвекавечанне памяці князя Міндоўга, пералічыўшы сродкі на спецыяльны дабрачынны рахунак абавязкова з паметкай «на выраб помніка Міндоўгу». Актуальная інфармацыя аб стане рахунку і паступіўшых грашовых сродках разме­шчана на афіцыйным інтэрнэт-сайце Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта.
Стварэнне помніка Міндоўгу ў Навагрудку, безумоўна, стане яшчэ адной значнай падзеяй у культурным жыцці горада, а таксама яркім сведчаннем шматвяковай гісторыі беларускай дзяржаўнасці.
Сродкі можна пералі­чыць на спецыяльны рахунак: р/с BY72AKBB36425210006224200000 в ЦБУ № 416 ОАО «АСБ Беларусбанк» г. Новогрудок, БИК AKBBBY2X. УНП 500031377. (С пометкой «На изготовление памятника Миндовгу»).

Аддзел культуры
Навагрудскага райвыканкама.