З 1 сакавіка ў Беларусі ўступіць у сілу новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пра новаўвядзенні расказвае старшыня суда Навагрудскага раёна

З 1 сакавіка ў Беларусі ўступіць у сілу новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пра новаўвядзенні расказвае старшыня суда Навагрудскага раёна

З 1 сакавіка ў Беларусі ўступіць у сілу новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пра новаўвядзенні расказвае старшыня суда Навагрудскага раёна

07 февраля 2021 1063

З 1 сакавіка бягучага года ўступяць у сілу новыя Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП) і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (ПВКаАП). Гэтыя два дакументы замацоўваюць новыя правілы ўзаемаадносін грамадзян і дзяржавы і распрацаваны з улікам грамадскага меркавання. 

Па патрабаванні часу

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі ўчыняецца больш за 4 млн адміністрацыйных правапарушэнняў у год. Пагадзіцеся, лічба даволі высокая. Па выніках вывучэння практыкі прымянення адміністрацыйнага заканадаўства, суадносячы яго з цяперашнімі рэаліямі, стала зразумела, што неабходна зусім новае заканадаўства. Адбыліся сур’ёзныя змены ў сацыяльна-эканамічнай сферы, у грамадскіх адносінах – і гэта трэба ўлічваць.

Прыняцце новых КаАП і ПКаАП – гэта прызнанне прафілактычнай функцыі адміністрацыйнай адказнасці і прымянення прафілактычных мер уздзеяння першараднай задачай для органаў, надзеленых паўнамоцтвамі для прыцягнення да адказнасці. Прынцыпова новыя падыходы да дыферэнцыяцыі адміністрацыйных правапарушэнняў даюць магчымасць выразна размежаваць іх на тры катэгорыі: адміністрацыйныя правіннасці, значныя адміністрацыйныя правапарушэнні і грубыя адміністрацыйныя правапарушэнні. У некаторых выпадках гэта дазволіць змякчыць і нават выключыць магчымасць прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Пры гэтым у дачыненні да злосных парушальнікаў, г. зн. асоб, якія неаднаразова прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама ўчынілі грубыя адміністрацыйныя правапарушэнні, аб’ектыўна прадугледжана прымяненне і суразмернага, больш строгага пакарання.

Якімі будуць змены?

Упершыню ў гісторыі развіцця адміністрацыйнага заканадаўства ў КаАП замацаваны мэты адміністрацыйнай адказнасці – гэта выхаванне асобы, якая ўчыніла правапарушэнне, папярэджанне ўчынення новых правапарушэнняў, аднаўленне сацыяльнай справядлівасці.

Асноўнае прызначэнне адміністрацыйнай адказнасці – абарона правоў і інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб, грамадзян дзяржавы. Папярэджваючы правапарушэнні, ужываючы прафілактычныя меры адміністрацыйна-прававога ўздзеяння да правапарушальнікаў, дзяржава рэалізуе выхаваўчую функцыю, накіраваную на недапушчэнне супрацьпраўных паводзін у далейшым. Перакананы, што для законапаслухмяных грамадзян нашай краіны новыя кодэксы стануць інструментам больш поўнай абароны сваіх правоў і абавязкаў. А ў дачыненні да асоб, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні, пашыраецца арсенал мер уздзеяння.


Адно з новаўвядзенняў – магчымасць прымянення прафілактычных мер адміністрацыйнага ўздзеяння. Да прыкладу, вусная заўвага, папярэджанне даюць магчымасць правапарушальніку ўсвядоміць грамадскую шкоду ўчыненай ім правіннасці. Дарэчы, кожны чацвёрты артыкул у новым КаАП аднесены да катэгорыі правіннасцей. І той, хто парушыў гэтыя артыкулы, не будзе падвергнуты адміністрацыйнаму спагнанню, а атрымае папярэджанне. Такія асобы не будуць знаходзіцца ў базе парушальнікаў.

Акрамя таго, у новым дакуменце больш чым па 200 складніках зніжана ніжняя мяжа санкцый. Перагледжаныя і верхнія межы многіх санкцый. Важны момант – карэкціроўка падыходаў да адказнасці юрыдычнай асобы. Цяпер пры ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння адказваць будзе канкрэтная службовая асоба, а не арганізацыя.

У шэрагу выпадкаў змякчэнне адказнасці адбываецца за кошт зніжэння памераў штрафаў. Пры наяўнасці выключных абставін маецца магчымасць накладання штрафу ў памеры ніжэйшым  за мяжу штрафу, прадугледжанага за дадзенае правапарушэнне.

Асаблівая ўвага ў новым КаАП нададзена лібералізацыі адміністрацыйнай адказнасці непаўналетніх. Да шасці скарочана колькасць артыкулаў, па якіх магчыма прыцягненне да адказнасці непаўналетніх ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў, раней такіх артыкулаў было 16. Таксама пры накладанні адміністрацыйнага спагнання на непаўналетняга будзе ўлічваецца шэраг абставін – умовы жыцця і выхаванне, уплыў на яго паводзіны бацькоў і інш. Важнай з’яўляецца і такая навацыя: непаўналетні, які ўчыніў адміністрацыйнае правапарушэнне, незалежна ад яго катэгорыі, можа быць вызвалены ад адміністрацыйнай адказнасці з прымяненнем да яго папярэджання.

Да ведама пратэстантаў

Становіцца больш жорсткай адказнасць за асобныя грубыя правапарушэнні. Гэта тычыцца не толькі правапарушэнняў, звязаных з парадкам арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Таксама ўзмацняецца адказнасць за правапарушэнні, звязаныя з кіраваннем транспартам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, непадпарадкаваннем законным патрабаванням службовых асоб дзяржаўных органаў і інш.

Да прыкладу, у абноўленым артыкуле 24.23 КаАП адбыліся змены ў бок павелічэння штрафаў, выключана папярэджанне ў якасці альтэрнатыўнага асноўнага адміністрацыйнага спагнання.

Новы від адказнасці

Новымі кодэксамі ўведзены і новы від пакарання – грамадскія работы (выкананне фізічнай асобай у вольны ад асноўнай працы, службы або вучобы час бясплатных работ, накіраваных на дасягненне грамадска-карысных мэт). Пры гэтым відзе пакарання грама­дзянін з яго згоды і па рашэнні суда будзе выконваць грамадскія работы не больш за 4 гадзіны ў дзень. Канкрэтныя віды работ вызначаць мясцовыя органы ўлады.

Васілій Аляхновіч,

старшыня суда Навагрудскага раёна