Хібаў у рабоце не дапушчана. Санітарная служба Навагрудскага раёна падвяла вынікі работы за 2019 год

Хібаў у рабоце не дапушчана. Санітарная служба Навагрудскага раёна падвяла вынікі работы за 2019 год

Хібаў у рабоце не дапушчана. Санітарная служба Навагрудскага раёна падвяла вынікі работы за 2019 год

11 января 2020 1513

Санітарна-эпідэміялагічную абстаноўку можна лічыць кіруемай – так коратка ахарактарызаваў вынікі работы сваёй службы за мінулы год галоўны санітарны ўрач раёна Пётр Грамыка.

Сітуацыя на аб’ектах нагляду

Не зарэгістравана выпадкаў харчовых атручванняў, прафесійных захворванняў, групавых інфекцыйных захворванняў, звязаных з аб'ектамі нагляду.

Узровень агульных інфекцыйных і паразітычных захворванняў (без вострых інфекцый верхніх дыхальных шляхоў) склаў 1362,2 выпадкі на 100 тыс. насельніцтва і паменшыўся ў параўнанні з 2018 годам на 14,6%. У раёне не рэгістраваліся такія захворванні, як дызентэрыя, эпідэмічны паратыт, коклюш, вострыя вірусныя гепатыты, менінгакокавая інфекцыя.

Рост захворвання назіраўся па вострых кішачных інфекцыях устаноўленай этыялогіі (хваробе Лайма, энтэравірусных інфекцыях і інш.). Праведзеныя мэтанакіраваныя наглядныя мерапрыемствы на эпідзначных аб’ектах дазволілі стабілізаваць сітуацыю, а шырокая інфармацыйна-адукацыйная работа з мэтай павышэння інфармаванасці сярод насельніцтва – папярэдзіць распаўсюджванне захворванняў.

У раёне на працягу многіх гадоў падтрымліваюцца аптымальныя ўзроўні прафілактычных прышчэпак, што забяспечвае высокую эфектыўнасць вакцынацыі, якая пацвярджаецца адсутнасцю такіх захворванняў, як дыфтэрыя, адзёр, краснуха, слупняк, эпідэмічны паратыт.

У прафілактыцы вострых рэспіраторных вірусных інфекцый найбольш эфектыўнай мерай з'яўляецца вакцынацыя супраць сезоннага грыпу, і гэтаму мерапрыемству надавалася вялікая ўвага. У цэлым па раёне прышчэплена 17900 чалавек, што склала 40,1% насельніцтва раёна. Гэта дазволіла папярэдзіць эпідэмічны рост захворвання.

Намецілася тэндэнцыя да зніжэння захворвання на туберкулёз (-11,8%), а групай рызыкі па-ранейшаму застаюцца дарослыя жыхары старэйшыя за працаздольны ўзрост. Сярод асоб, якія пацярпелі ад укусаў кляшчоў (293 чал.), рэгістраваліся выпадкі Лайм-барэліёзу і клешчавага энцэфаліту. Усе выпадкі захворванняў звязаны з познім зваротам за медыцынскай дапамогай і познім пачаткам лячэння. Санітарна-супрацьэпідэмічныя і прафілактычныя мерапрыемствы ў цэлым дазваляюць зніжаць і папярэдж­ваць інфекцыйныя захворванні.


На абароне жыцця і здароўя людзей

На працягу года адным з асноўных напрамкаў дзейнасці службы з’яўлялася зніжэнне патэнцыяльнай рызыкі ўплыву шкодных фактараў асяроддзя пражывання, небяспечнай прадукцыі для жыцця і здароўя чалавека. З гэтай мэтай па паказчыках бяспекі даследавана 2988 проб харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў. У даследаваных пробах павышанага ўтрымання нітратаў, антыбіётыкаў, солей цяжкіх металаў, пестыцыдаў і афлатаксінаў не выяўлена.

Нездавальняючыя вынікі ў 1,6% выпадкаў зарэгістраваны толькі па мікрабіялагічных паказчыках. Сярод груп прадуктаў адзначалася бактэрыяльная забруджанасць вырабаў з мяса і гародніны. На ўтрыманне радыенуклідаў цэзія даследавана 853 пробы харчовых прадуктаў. У 6 пробах грыбоў і лясных ягад удзельная радыеактыўнасць перавышала дапушчальныя ўзроўні ў 1,2-1,7 разы. Асноўнай крыніцай цэнтралізаванага водазабеспячэння насельніцтва з’яўляюцца падземныя воды. Па даных лабараторных даследаванняў якасць пітной вады па мікрабіялагічных паказчыках стабільная. Не адпавядалі патрабаванням гігіенічных нарматываў толькі санітарна-хімічныя паказчыкі ў 23,6% пробаў даследаванай вады (утрыманне жалеза, мутнасць). У раёне на водаправодах функцыянуе 13 станцый абезжалезвання, якія забяспечваюць здавальняючую якасць вады ў размеркавальнай сетцы. Застаецца складанай сітуацыя з прыватнымі калодзежамі ў сельскай мясцовасці, дзе ў 57,7% пробаў адзначаецца павышанае ўтрыманне нітратаў.

Маніторынг прамысловых аб’ектаў

На прамысловых аб’ектах раёна праводзіўся пастаянны маніторынг стану вытворчых фактараў. Лабараторным кантролем ахоплена 776 працоўных месц на 70 аб’ектах нагляду. Асноўнымі шкоднымі фактарамі, узроўні якіх не адпавядаюць гігіенічным нарматывам, з’яўляюцца павышаны шум – на 13,8% працоўных месц з ліку абследаваных, зніжана штучная асветленасць – на 4,3% працоўных месц, нездавальняючыя параметры мікраклімату – на 1,6% працоўных месц. Найбольшая ўдзельная вага працоўных месц, якія не адпавядаюць гігіенічным нарматывам па шуме, прыпадае на сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, будаўніцтва, дрэваапрацоўчыя вытворчасці і металаапрацоўку. Наймальнікамі на дадзеных працоўных месцах у рамках вытворчага кантролю распрацоўваюцца меры абароны для забеспячэння бяспекі выконваемых работ для здароўя чалавека, што дазволіла палепшыць умовы працы на 198 працоўных месцах для 243 працуючых, у тым ліку 92 жанчынам.


Кантроль за работай гандлёвых аб’ектаў

Асноўныя парушэнні былі выяўлены на гандлёвых аб’ектах, рынках, аб’ектах грамадскага харчавання. Найбольш характэрнымі парушэннямі з’явіліся: парушэнне тэмпературных рэжымаў і ўмоў захоўвання пры рэалізацыі харчовых прадуктаў – 28,4% ад усіх парушэнняў, рэалізацыя харчовых прадуктаў са скончаным тэрмінам прыдатнасці – 19, %, невыкананне маркіроўкі харчовых прадуктаў – 16,1%.

Па выніках наглядных мерапрыемстваў выдадзена 818 прадпісанняў і рэкамендацый аб ліквідацыі парушэнняў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 56 службовых і 9 юрыдычных асоб. Знята з рэалізацыі 746,063 кг харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў, 63 адзінкі дзіцячых тавараў і 30,8 кг тавараў бытавой хіміі. Вынесена 10 прадпісанняў аб прыпыненні эксплуатацыі аб’ектаў і спыненні работ.

Навядзенне парадку на зямлі

На працягу года праводзіўся пастаянны аператыўны аналіз вынікаў дзяржаўнага санітарнага нагляду за навядзеннем парадку на зямлі і добраўпарадкаваннем тэрыторый населеных пунктаў. Парушэнні ў санітарным утрыманні выяўлены пры правядзенні 20,3% абследаванняў тэрыторый.

Больш за ўсё парушэнняў выяўлена пры абследаванні тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый, дваровых тэрыторый, населеных пунктаў, у тым ліку прыватных домаўладанняў. Сярод асноўных парушэнняў выяўляліся засмечанасць тэрыторый дробным бытавым смеццем, нездавальняючае ўтрыманне кантэйнерных пляцовак. Парушэнні ў забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы выяўлены на 65,7% правераных прамысловых аб’ектах. Асноўныя парушэнні датычыліся ўтрымання вытворчых і санітарна-бытавых памяшканняў, функцыянавання сістэм вентыляцыі. На сельскагаспадарчых прадпрыемствах асаблівая ўвага надавалася выкананню ўмоў працы, быту, харчавання людзей, якія працуюць на масавых сельскагаспадарчых работах.

Прыярытэтнымі накірункамі ў рабоце санітарна-эпідэміялагічнай службы раёна ў бягучым годзе будуць забеспячэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, захаванне і ўмацаванне здароўя насельніцтва.

Алена Ермакова, «НЖ»

Фота з адкрытых крыніц