Забытыя, закінутыя, небяспечныя

Забытыя, закінутыя, небяспечныя

03 июня 2018 2015

Праблема пустуючых і старых дамоў не раз падымалася на старонках нашай газеты. Чарговай падставай зноў звярнуцца да гэтага пытання стаў зварот у рэдакцыю жыхаркі г.п. Любча В.Я. Хартановіч.

 

Валянціна Яўгеньеўна на працягу дзесяці гадоў жыве ў Любчы. Побач па вул. Чайкоўскага, 20 пустуючы дом. Ён адкрыты для доступу, а ўнутры сапраўдная звалка. Найбольшую нязручнасць для Валянціны Яўгеньеўны вызываюць адуванчыкі, якія растуць па ўсёй тэрыторыі закінутага ўчастка і насенне якіх пастаянна прылятае на яе агарод.

– Гэта толькі на першы погляд адуванчыкі – прыгожыя кветкі, а для агароднікаў – пустазелле, якое не так проста звесці, – скардзіцца В.Я. Хартановіч. – Я штогод звяртаюся ў сельвыканкам, каб гэту тэрыторыю прывялі ў парадак своечасова, пакуль насенне адуванчыкаў не пачынае рассейвацца. Няўжо за столькі гадоў нельга было вырашыць праблему з гэтым домам і ўчасткам?

IMG_5183

Сітуацыю пракаменціраваў старшыня Любчанскага сельвыканкама І.М. ЯРМАЦ.

– Пустуючыя і старыя дамы – вялікая праблема, якая існуе не толькі на тэрыторыі нашага сельсавета і раёна, але і па ўсёй краіне, – гаворыць І.М. Ярмац. – На тэрыторыі нашага сельсавета каля 1000 пустуючых дамоў, у тым ліку больш за 400, дзе няма ўладальнікаў. Незаселенныя дамы – гэта яшчэ і закінутыя зямельныя ўчасткі, догляд за якімі ў сельскай мясцовасці ажыццяўляюць сельвыканкамы. Усе работы выконваюць сезонныя рабочыя, якія пачынаюць працаваць у пачатку красавіка. У першую чаргу парадак наводзіцца на могілках (іх на тэрыторыі сельсавета 13), воінскіх пахаваннях і манументах (24) і цэнтральных вуліцах населеных пунктаў, якіх у складзе сельсавета 24. Мы проста не маем рэсурсаў, каб усе тэрыторыі былі абкошаны адразу, на гэта патрэбен час. Тым не менш сітуацыя з пустуючымі дамамі і адпаведна прылеглымі тэрыторыямі знахо­дзіцца пад пастаянным кантролем. На ўчастку па вул. Чайкоўскага, 20 у г.п. Любча вышыня травы і пустазелля на сённяшні дзень не перавышае 15-20 см. Каб вырашыць лёс гэтага дома і адпаведна ўчастка, мы не раз спрабавалі ўстанавіць месцазнахо­джанне ўласніка. Ёсць інфармацыя, што гаспадыня памерла, але для таго, каб сельвыканкам мог прыняць пэўныя меры (на пачатку прызнаць дом вымарачным), неабходна атрымаць пасведчанне аб смерці гаспадыні. Далей – упэўніцца, што няма нашчадкаў ці атрымаць іх згоду на тое, каб дом перайшоў ва ўласнасць сельвыканкама. У любым выпадку такая працэдура доўгатэрміновая і праводзіцца праз суд.

IMG_5188

Напрыканцы Іван Мікалаевіч запэўніў, што ў бліжэйшы час тэрыторыя на ўчастку каля дома па вул. Чайкоўскага, 20 будзе абкошана, і стрымаў сваё слова. Праз некалькі дзён Валянціна Яўгеньеўна патэлефанавала ў рэдакцыю і паведаміла, што ўсё зроблена. Аднак нам бы хацелася звярнуць увагу на яшчэ адну праблему, якая звязана з пустуючымі дамамі. Гэта рэальная небяспека, якую яны нясуць для людзей.

– Закінутыя дамы часта становяцца месцам збору грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, – гаворыць намеснік начальніка Навагрудскага РАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі А.П. КРАЎЧУК. – Супрацоўнікі міліцыі, якія ажыццяўляюць ахову грамадскага парадку, пастаянна правяраюць такія будынкі і ў выпадку выяўлення фактаў адміністрацыйнага правапарушэння прыцягваюць адпаведных грамадзян да адказнасці. На жаль, часта ў пустуючых дамах і ў горадзе, і ў раёне можна ўбачыць і падлеткаў. Напярэдадні летніх канікул хочацца звярнуцца да бацькоў, каб растлумачылі сваім дзецям аб небяспецы, якую нясе знаходжанне ў такіх дамах, а таксама кантралявалі іх вольны час. У рэспубліцы вядомы выпадкі абрушэння пустуючых і старых дамоў, распаўсюджаны і пажары ў іх. Незразумела толькі, чаму людзі гэта ігнаруюць і безадказна ставяцца да сябе, свайго здароўя і жыцця. Падобныя збудаванні негатыўна ўплываюць на стан грамадскай бяспекі, таму пастаянна знаходзяцца пад пільнай увагай супрацоўнікаў міліцыі.

IMG_5186 IMG_5180

У раёне пастаянна праводзіцца работа па скарачэнні пустуючага жылля і закінутых будынкаў, аднак канчаткова вырашыць гэту праблему проста немагчыма. Лёс адных дамоў вырашаецца, але з’яўляюцца другія. Таму мясцовыя ўлады і адпаведныя службы вымушаны пастаянна трымаць руку на пульсе. А лю­дзям варта больш адказна ставіцца да ўласнай бяспекі і такія будынкі абмінаць. Калі пустазелле можна звесці, то наступствы ў выпадку абрушэння ці пажару ў старым доме могуць быць неабарачальнымі.

Настасья Леанідава, "НЖ"

Фота аўтара

 

Стоит почитать:

Дом без хозяина

Объявления на столбах: как сохранить порядок?