«Спакой нам толькі сніцца». Чым заклапочаны жыхары вуліцы Паўночнай Навагрудка?

«Спакой нам толькі сніцца». Чым заклапочаны жыхары вуліцы Паўночнай Навагрудка?

«Спакой нам толькі сніцца». Чым заклапочаны жыхары вуліцы Паўночнай Навагрудка?

14 Ноября 2020 527

У навагрудчан, якія жывуць у горадзе на вул. Паўночнай, сітуацыі дыскамфорту здараюцца адна за другой. На пэўны час вырашаць праблемы атрымліваецца, але толькі пасля зваротаў у райвыканкам. Менавіта сістэматычнасць праблем, якія ўзнікаюць, і падштурхнула жыхароў гэтай вуліцы звярнуцца ў нашу рэдакцыю.

Каб выслухаць прэтэнзіі да адпаведных службаў і на свае вочы ўбачыць, з чым даводзіцца мець справу жыхарам вул. Паўночнай, выехалі на месца.


– Даўно пастаяннай стала праблема з якасцю дарогі па нашай вуліцы, і нам ужо здаецца, што нармальнай мы так і не ўбачым, – сустракае нас Уладзімір Бузук, які на гэтай вуліцы жыве ўжо каля 12 гадоў. – Будаўніча-мантажнае ўпраўленне, якое пракладвала па вуліцы камунікацыі і зараз абслугоўвае дарогу, кантроль за станам дарожнага пакрыцця не ажыццяўляе. РУП ЖКГ ад праблем з нашай вуліцай «адмахваецца», бо дарога і камунікацыі афіцыйна яму на абслугоўванне не перададзены. Работы па правядзенні водаправода завершаны год таму. Але мала таго, што прыйшлося доўга дабівацца ад БМУ засыпкі катлаванаў і ўраўноўвання дарогі, дык і цяпер з праездам узнікаюць пастаянныя праблемы. Няма грошай заасфальтаваць вуліцу? Не трэба. Няхай будзе гравійная, але нармальная, каб можна было ёй карыстацца. А то калі пачынаецца перыяд дажджоў – ні прайсці ні праехаць. Пастаянна здараюцца прарывы водаправода, і на пэўных участках вада выходзіць наверх то ў адным месцы, то ў другім. Вадзіцелі службаў таксі не дадуць схлусіць – ніхто з іх не заязджае на нашу вуліцу, таму што потым можна проста не выехаць. Патэлефануеш у райвыканкам – парамантуюць камунікацыі і зробяць падсыпку дарогі. Якраз учора пасля чарговага званка БМУ выгрузіла машыну пяску. Аднак гэтых мер хапае ненадоўга.


На вуліцы, на самой справе, выдзяляўся ўчастак, які быў нядаўна падсыпаны. Але нават чалавеку несвядомаму зразумела, што пры першых дажджах гэта месца ператворыцца ў балота. У доказ сваіх слоў і нашых меркаванняў Уладзімір дэманструе фота і відэа, знятыя пры дажджлівым надвор’і. Сапраўды, ні прайсці ні праехаць.



– Мала таго, што з камунікацыямі і дарогай не можам разабрацца, дык узнікла яшчэ адна праблемная сітуацыя – вось ужо паўтара месяца на нашай вуліцы і суседніх не працуе асвятленне, – гаворыць навагрудчанін. – У электрасетках абяцалі ўключыць ліхтары да 29 кастрычніка, а сёння на двары 10 лістапада. Светлавы дзень пачынаецца пазней, цямнее рана. Калі едзеш на работу і вяртаешся дамоў, нічога не відаць. А як быць з бяспекай дзяцей? Да бяды мала трэба. Нам здаецца, што пры планаванні работ на пэўны перыяд года гэта неабходна ўлічваць і праводзіць іх ці летам, ці ў максімальна скарочаны тэрмін.

–  На вуліцы ХХІ стагоддзе, а нам спакой толькі сніцца, – падсумаваў Уладзімір Бузук. – Чаму мы павінны пастаянна турбаваць кіраўніцтва раёна, каб вырашыць элементарныя пытанні добраўпарадкавання, асвятлення?..


Пракаменціраваў сітуацыю начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Калюк:

– Аб праблемах, з якімі сутыкнуліся жыхары вул. Паўночнай падчас будаўнічых работ у мікрараёне «Эканомія», мы ведаем і неадкладна рэагуем на звароты грамадзян. Заказчыкам усіх работ выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Навагрудскага раёна. Навагрудскае БМУ з’яўляецца падрадчыкам работ, звязаных з будаўніцтвам камунікацый. Так як не ўсё выканана, камунікацыі і сама дарога на абслугоўванне РУП ЖКГ пакуль не перададзены. Завяршыць работы плануецца да канца года, пасля чаго па ўсіх пытаннях можна будзе звяртацца на адзіную службу 115. Па інфармацыі кіраўніцтва БМУ, праблемы з водаправодам, з-за якіх псуецца дарожнае пакрыццё, ужо ліквідаваны. Зараз праводзяцца работы па добраўпарадкаванні самой дарогі – ажыццяўляецца яе падсыпка і грэйдзіраванне. Калі ж непрыемная сітуацыя з камунікацыямі і дарогай паўторыцца, то жыхарам вул. Паўночнай пакуль неабходна звяртацца ва ўпраўленне капітальнага будаўніцтва па тэл. 2-09-60, так як арганізацыя ажыццяўляе кантроль за выкананнем названых будаўнічых работ у гэтым мікрараёне. Што датычыцца адсутнасці вулічнага асвятлення, то гэта звязана з будаўніцтвам падстанцыі і пракладкай ліній электраперадач. Як заверылі ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва, у бліжэйшы час работы будуць завершаны і вулічнае асвятленне ўключаць практычна з дня на дзень. Між тым усе названыя праблемныя пытанні застануцца на кантролі спецыялістаў райвыканкама.

***

Нягледзечы на дасягненні чалавецтва, на жаль, і тэхніка, і абсталяванне, і камунікацыі маюць уласцівасць ламацца і псавацца. Да гэтага трэба адносіцца з разуменнем. Аднак спадзяёмся, што меры па рамонце і ліквідацыі праблем, якія прымаюцца адпаведнымі арганізацыямі, будуць больш эфектыўнымі і своечасовымі, каб людзям не даводзілася клапаціцца аб элементарным.

Настасся Леанідава, «НЖ»