Прыпынкі ёсць, парадку няма…

Прыпынкі ёсць, парадку няма…

29 сентября 2018 2162

Большасць навагрудчан і гасцей нашага горада і раёна адзначаюць, што ў апошнія гады Навагрудчына абнавілася і папрыгажэла. Змяніліся вуліцы, дамы і будынкі дагледжаны, з ранняй вясны да позняй восені квітнеюць клумбы. І вось такую чысціню і парадак хочацца бачыць усюды. У тым ліку ў такім важным месцы, як аўтобусны прыпынак. Аднак тут не ўсё так добра, асабліва на прыпынках у сельскай мясцовасці.

Не хочацца рабіць высновы па адным толькі аўтобусным прыпынку ў аграгарадку Нягневічы, які выглядае не зусім прывабна. А пра тое, што гэты прыпынак наогул знаходзіцца ў аграгарадку, напэўна, ведаюць толькі мясцовыя жыхары. Тут няма нават указальніка з назвай населенага пункта. Мы праехалі і па іншых аграгарадках, вёсках, а таксама сярэдне- і маланаселеных пунктах. І тут сітуацыя мала чым адрозніваецца: аблупленыя сцены, непрыбранае смецце, бутэлькі з-пад напіткаў, на многіх знайшлі прытулак поўныя мяшкі са смеццем. І гэта месца, дзе дарослыя з дзецьмі чакаюць грамадскі транспарт.

Адразу ўзгадваецца мудрае выказванне пра тое, што чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не сме­цяць. Магчыма, і так. Аднак цікава: хто ж адказны за парадак на аўтобусных прыпынках у нашым раёне?

19.09.2018 002 19.09.2018 011 IMG_1625 IMG_1631

За тлумачэннямі мы звярнуліся да галоўнага ўрача Навагрудскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Пятра ГРАМЫКІ.

– Тэатр пачынаецца з вешалкі, а дарога – з аўтобуснага прыпынку, – і гэта сапраўды так. Аўтобусны прыпынак з’яўляецца месцам пасадкі і высадкі пасажыраў. Тут павінна быць утульна і чыста. Аднак такая сітуацыя назіраецца не на ўсіх прыпынках раёна, на большасці патрэбна навесці парадак, – гаворыць галоўны ўрач. – У нас ёсць прыпынкі, якія знаходзяцца на абслугоўванні ДРБУ-189 (дарогі мясцовага значэння) і ДЭУ-56 (дарогі рэспубліканскага значэння). Падчас работы камісіі былі правераны прыпынкі, асаб­лівая ўвага была звернута на стан прыпынкаў у аграгарадках, аб’ектаў дарожнага сэрвісу. Трэба сказаць, што калі па прыпынках, якія абслугоўвае ДЭУ-56, пытанняў у нас амаль не ўзнікла, то па прыпынках, якія знаходзяцца на абслугоўванні ДРБУ-189, заўваг вельмі шмат. У арганізацыі на абслугоўванні знахо­дзіцца больш за 130 дарог. На дарогах мясцовага значэння маюцца аўтобусныя павільёны (39) і пляцоўкі (130). На гэтых аб’ектах правяраецца іх добраўпарадкаванне: лаўкі, сметніцы, стан павільёна, чыстата і парадак. Летам у нас вельмі шмат было пытанняў па ўборцы смецця і абкошванні. У верасні на першым месцы – афарбоўка аблупленых сцен, надпісаў. Такіх у нас 21 населены пункт, а рамонт і афарбоўка лавак патрабуецца ў 15 населеных пунктах. Аднак трэба сказаць, што непрывабны выгляд прыпынкаў – гэта бяда не толькі дарожнай службы. Сметніцы, якія ўстаноўлены на прыпынках, прызначаны для збору дробнага смецця: акуркаў, білетаў, абгортак ад цукерак ці марожанага. Але несумленныя грамадзяне ператварылі аўтобусныя прыпынкі у звалкі, куды выкідваюць пакеты і мяшкі са смеццем.

IMG_1634 IMG_1636 IMG_1640 19.09.2018 003 IMG_7730

– На абслугоўванні нашага прадпрыемства знаходзіцца 664 км дарог мясцовага значэння ў раёне. Асобных грошай на ўтрыманне аўтобусных прыпынкаў не выдзяляецца. У першую чаргу сродкі выдзяляюцца на бяспеку дарожнага руху, – расказаў начальнік Навагрудскага ДРБУ-189 Яўгеній ВІНЧА. – Нашы супрацоўнікі праводзяць ямачны рамонт, грэйдзіраванне, падсыпку размытых дарог. Разам з тым паступова праводзім і рамонт аўтобусных прыпынкаў. Ужо адрамантаваны прыпынкі ў в. Рутка, Чамяроўка, дэманціраваны прыпынак паблізу в. Будныя, хутка будуць устаноўлены новыя павільёны ў в. Вераскава і Заполле. У бліжэйшыя два месяцы ва ўсіх 15 населеных пунках будзе зроблены рамонт прыпынкаў. Ачыстка ад смецця паласы адводу таксама ў абавязках дарожнікаў. Аднак хочацца звярнуць увагу на тое, што некаторыя людзі ператвараюць яе ў сапраўдную звалку. Яны пакідаюць каля дарогі ці на прыпынках пакеты, іншыя непатрэбныя рэчы. Замест выканання сваіх асноўных абавязкаў (забеспячэння камфортнага, бесперашкоднага і бяспечнага карыстання аўтамабільнымі дарогамі) дарожныя работнікі вымушаны прыбіраць за грамадзянамі смецце ўздоўж трас і на аўтобусных прыпынках. Урны на аўтобусных прыпынках прызначаны для невялікай колькасці дробнага смецця пасажыраў, якія чакаюць маршрутныя транспартныя сродкі. Аднак у некаторых населеных пунк­тах мясцовыя жыхары прыносяць пакеты на прыпынак, пакідаюць смецце на ўскрайках дарог. Праб­лема забруджвання аўтобусных прыпынкаў найбольш актуальная для аг. Шчорсы, Нягневічы, Пятрэвічы, Уселюб, в. Налібакі, Гнесічы, Старыя Нягневічы. У летні перыяд непрыгожа выглядаюць прыпынкі вёсак Слабада, Купіск. Дарожнікам даводзіцца затрачваць значныя сродкі, задзейнічаць людзей для навядзення парадку. У выніку траціцца час, сродкі, нерацыянальна выкарыстоўваецца тэхніка. Для таго, каб прыцягваць да адказнасці парушальнікаў, у многіх раёнах пачалі выкарыстоўваць мабільныя камеры фотафіксацыі («фотапасткі»).

Як паабяцаў начальнік Навагрудскага ДРБУ, у бліжэйшыя два месяцы парадак на аўтобусных прыпынках будзе наведзены, аднак многае, пагадзіцеся, залежыць ад нас саміх. Калі хочаш, каб навокал было чыста, прыгожа і ўтульна, пачні з сябе, з культуры паводзін, а таксама паважай чужую працу.

В. ЗАЧОСАВА, «НЖ».

Стоит почитать:

Забытыя, закінутыя, небяспечныя

Дом без хозяина