Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча. Частка 1

Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча. Частка 1

29 сентября 2018 2030

І праз сотні гадоў гэтыя радкі з паэмы «Бульба» Адама Міцкевіча гучаць пяшчотна і кранальна. У іх светлы ўспамін дзяцінства і цяпло бацькоўскага дома. Навагрудчына – самы мілы, самы дарагі сэрцу край, дзе назаўсёды засталася часцінка душы паэта. А колькі любві, болю, тугі ў словах яго прызнання: «І вечна сняцца мне Навагрудак і Туганавічы…» Чытаючы яго творы, яго пісьмы, успаміны аб ім сучаснікаў, здаецца, не было ў жыцці Адама Міцкевіча ні аднаго дня, каб ён не ўспамінаў Радзіму. Навагрудская зямля таксама памятае свайго славутага сына. На малой радзіме нямала робіцца для ўшанавання памяці Адама Міцкевіча. З нагоды 220-годдзя з дня нараджэння паэта 5-7 кастрычніка ў Навагрудку пройдзе Першае Міжнароднае свята паэзіі «О Навагрудскі край – мой родны дом...».

Напярэдадні гэтага свята мы запрашаем жыхароў нашага горада і раёна завітаць у Дом-музей, здзейсніць экскурсію, прачытаць разам паэтычныя творы, узгадаць вядомыя звесткі з жыцця паэта і даведацца пра малавядомыя факты біяграфіі.

Сёння мы пачынаем наша знаёмства з гісторыі стварэння і адкрыцця музея Адама Міцкевіча ў нашым горадзе, а таксама завітаем у першую залу музея – «Дзіцячы пакой».

А. Міцкевіч

 

О Навагрудскі край – мой родны дом,

Праслаўлены Трамбецкага пяром,

Куды б мяне ні кінуў лёс жыццёвы,

Забыць я не магу твае палі, дубровы…

 

 

Гiсторыя стварэння Дома-музея Адама Мiцкевiча

Дом-музей Адама Міцкевіча размешчаны на месцы дома, дзе калісьці жылі бацькі паэта. Пляц для пабудовы дома ў 1803 годзе купіў у Навагрудку бацька паэта Мікалай Міцкевіч. Спачатку быў пабудаваны сціплы драўляны домік, які ў 1806 годзе згарэў у выніку гарадскога пажару. Пазней на гэтым месцы быў пабудаваны новы, мураваны дом.

Першая спроба стварэння музея Адама Міцкевіча адносіцца да 1920 года. Музей быў адкрыты значна пазней. 10 мая 1930 года добраахвотнае навуковае таварыства «Міцкевічаўскі камітэт» прыняло рашэнне аб стварэнні ў былым доме Міцкевічаў музея. Урачыстае адкрыццё музея Адама Міцкевіча адбылося за год да Другой сусветнай вайны – 11 верасня 1938 года. Пасля рамонту дома ў ім былі сабраны ўнікальныя экспанаты, якія да сённяшняга часу не захаваліся. Знішчыла іх, як і дом, нямецкая бомба ў чэрвені 1941 года. Захавалася толькі мадэль парыжскага помніка Адаму Міцкевічу, набытая «Міцкевічаўскім камітэтам» у жонкі скульптара Антуана Бурдэля.

У 1955 годзе дом быў адбудаваны ў даваенным выглядзе, і на 100-годдзе з дня смерці паэта ў ім быў адкрыты Дом-музей Адама Міцкевіча з біяграфічнай экспазіцыяй, аздобленай нешматлікімі памяткамі, копіямі партрэтаў і фатаграфіямі, якія даслаў Літаратурны музей імя Адама Міцкевіча ў Варшаве.

У 1989-1990-х гадах віленскім аддзяленнем польскай фірмы «Budymex» была праведзена рэканструкцыя ся­дзібы Міцкевічаў: адноўлены будынак па ўзоры пач. ХІХ ст., пабудаваны флігель, які злучаецца з асноўным будынкам падземным пераходам, а таксама свіран, калодзеж, альтанка. У адноўленым будынку 12 верасня 1992 г. адкрылася новая экспазіцыя, створаная сумесна супрацоўнікамі Дома-музея і Літаратурнага музея імя А. Міцкевіча ў Варшаве.

Зараз Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку – не толькі біяграфічная музейная экспазіцыя – гэта таксама і музей «пад адкрытым небам». Дзеючая сёння экспазіцыя адкрыта 25 мая 2001 г. Аўтары навуковай канцэпцыі – супрацоўнікі Дома-музея Сафія Анісімава, Наталля Чарняўская, Мікалай Гайба. Мастацкае рашэнне ажыццявіў мастак Генадзій Чысты (г. Мінск).

У пяці залах галоўнага будынка прадстаўлена экспазіцыя, дзе расказваецца пра жыццёвы і творчы шлях Адама Міцкевіча, яго сувязі з родным краем. Першыя тры залы: дзіцячы пакой, кабінет бацькі, гасціны пакой набліжаны інтэр’ерам да дома сям’і Міцкевічаў. Сярод экспанатаў музея: асабістыя рэчы (га­дзіннік, акуляры), а таксама мэбля, сталовы посуд, музычныя інструменты, гадзіннікі першай паловы XIX ст., кнігі, рукапісы А. Міцкевіча і іншае.

У фондах музея знаходзіцца 9 прыжыццёвых выданняў твораў Адама Міцкевіча, 120 старадрукаваных кніг, рукапісы беларускіх пісьменнікаў.

Да Нёмна

Нёмне, рэчка мая радаводная, дзе

Тыя воды, што браў я ў маленстве ў далоні,

Па якіх потым плыў у самотным палоне

Сэрца ахаладзіць, што зайшлося ў нудзе?

Цень красы тут Лаура сачыла ў вадзе,

Валасы заплятала і ўвекавечвала скроні,

Вобраз вабны яе ў срэбных хваляў на ўлонні

Я слязамі ў запале муціў у жудзе.

Радаводная рака мая, дзе твае

Маладыя крыніцы, што білі няспынна,

Дзе нявінных гадоў навіна і правіна?

Дзе бунтоўнасць, якой мне цяпер не стае?

Дзе Лаура мая? Дзе былая сябрына?..

Знікла ўсё, што ж не высахлі слёзы мае!

Пераклад Р. Барадуліна.

Бал 2018 756 Бал 2018 758 Бал 2018 765

Сёння мы з вамі завітаем у першую залу экспазіцыі музея – «Дзіцячы пакой», дзе расказваецца пра дзіцячыя і юнацкія гады Адама Міцкевіча, праве­дзеныя на Навагрудчыне.

Mic_2_03a

Першая зала экспазіцыі музея традыцыйна лічыцца пакоем Адама і яго старэйшага брата Францішка. У сувязі з недахопам дакументальных звестак, інтэр’ер дазваляе толькі ўявіць агульны выгляд памяшканняў такога тыпу XIX стагоддзя. Тут знахо­дзіцца стылізаваны пад той час стол, крэсла, побач – этажэрка з кнігамі. У вітрыне паказаны школьныя падручнікі таго часу. Найстарэйшы з іх – падручнік па матэматыцы, надрукаваны ў Вільні ў 1772 годзе. Для характарыстыкі гэтага часу ў экспазіцыі паказаны выгляд і прадметы хатняга ўжытку з фальварка Завоссе – месца нараджэння А. Міцкевіча, віды Навагрудка і яго ваколіц.

Нарадзіўся Адам у сям’і Мікалая і Барбары Міцкевічаў 24 снежня 1798 года. Пра яго нараджэнне і жыццё існуе шмат легенд. Адна з першых звязана з нараджэннем. Хлопчыку перарэзалі пупавіну над кнігай, што азначала, калі вырасце дарослым – будзе вядомым чалавекам. Сям’я была вялікая, маці Барбара займалася выхаваннем сваіх сыноў, а дзетак было пяцёра (Францішак, Адам, Аляксандр, Ежы і Антось (памёр у дзяцінстве). Баць­ка працаваў у судзе адвакатам.

У навагрудскім доме Адам Міцкевіч жыў да 1815 года. Сваё дзяцінства паэт называў «сельскім і анельскім». Старэйшы брат паэта Францішак у сваіх успамінах піша, што ўсе ў сям’і дзеці мелі свае абавязкі: адны даглядалі коней, другія – дамашнюю бібліятэку, наводзілі парадак у пакоях, прыбіралі двор. Вечарамі дзеці ўголас усёй сям’і чыталі газеты, часопісы і кнігі. Тэхніка чытання ў Адама ды і ў яго братоў яшчэ да паступлення ў школу была выдатная. Паэт у Парыжы расказваў сваім сябрам, што ён не помніць, калі навучыўся чытаць, яму здавалася, што з гэтым уменнем ён нарадзіўся.

У верасні 1807 года Адам і Францішак здалі ўступныя экзамены і былі прыняты ў першы клас Навагрудскай дамініканскай школы. Гэтую школу скончыў калісьці і іх бацька. У школе Адам Міцкевіч пасябраваў з Янам Чачотам.

Школа месцілася пры дамініканскім кляштары, мела 6 класаў, у якіх 6 прафесараў-дамініканцаў выкладалі лацінскую і польскую мовы, арыфметыку, алгебру, геаметрыю, гісторыю, літаратуру, права і маральныя навукі. Вывучаліся ў школе і руская, французская, нямецкая мовы.

Практыкаваліся ў школе і заняткі па фізічным выхаванні – гульні на свежым паветры з мячом, лапта. У 1810 г. вялікую папуляр­насць набыла гульня ў войска, якая захапіла не толькі дзяцей, але і настаўнікаў, бацькоў, амаль увесь горад. Пачалося ўсё з ваенных забаў, якія арганізаваў для сваіх сыноў і іх прыяцеляў Мікалай Міцкевіч. Забавы гэтыя ў хуткім часе літаральна зара­зілі школьную моладзь і іх настаўнікаў. Быў створаны дзіцячы ваенны «корпус», у склад якога ўваходзілі 6 (класаў) палкоў. «Узбраеннем» і «абмундзіраваннем» дзіцячай «арміі» актыўна заняліся настаўнікі, гувернёры і бацькі, якія майстравалі і шылі прылады для гульні. Увесь горад з цікавасцю сачыў за манеўрамі, якія разгортваліся пад гарой Міндоўга і ў маляўнічых ваколіцах Навагрудка.

Да школьных гадоў адносяцца першыя паэтычныя спробы А. Міцкевіча, аднак яны нічым не выдзяляліся сярод падобных твораў аднакласнікаў. Пэўнае прызнанне атрымала паэма «Ода аб пажары», напісаная ў 1810 годзе пад уражаннем пажару ў Навагрудку.

Вялікі след у душы, а пазней і ў творчасці паэта, пакінуў 1812 год.

Аб гэтым напамінае партрэт Напалеона Банапарта і фатаграфія малюнка «Праходжанне французскіх войскаў праз Літву».

У тым жа 1812 годзе сям’ю Міцкевічаў напаткала вялікае гора – памёр бацька. Барбара засталася з чатырма малымі сынамі. Застаўшыся без гаспадара, сям’я Міцкевічаў ледзь зводзіла канцы з канцамі. Братам самім трэба было шукаць дарогу ў жыцці. Ратунак бачылі ў атрыманні адукацыі, якая б дазволіла заняць нейкую дзяржаўную службу. Таму, скончыўшы ў 1815 годзе школу, Адам Міцкевіч паехаў разам са сваім сябрам Янам Чачотам у Вільню. Іх абодвух вабіў Віленскі ўніверсітэт, дзе вучылася пераважна беларуская шляхецкая мо­ла­дзь, дзе іх чакала дарослае жыццё, філамацкае юнац­тва і жыццё, адарванае ад радзімы.

Так здарылася, што пражыў Адам Міцкевіч у Навагрудку да 17 гадоў, а пазней прыязджаў да матулі толькі ў госці. Доўгі час паэт знаходзіўся за мяжою.

Адам Міцкевіч стаў вядомым ва ўсім свеце паэтам, але дзе б ні жыў наш зямляк, ён заўсёды хацеў вярнуцца ў родны горад Навагрудак.

Паважаныя навагруд­чане, запрашаем вас наведаць Дом-музей Адама Міцкевіча! Усе, хто прад’явіць артыкул, надрукаваны ў нашай газеце, атрымае скідку на ўваходны білет, а калі вы прыйдзеце ў музей усёй сям’ёй – станеце яшчэ і героямі газетнай публікацыі.

XXX

Я маю край, радзіму дум сваіх;

Мілейшы ён, чым гэтая краіна,

Што зараз у вачах стаіць маіх,

То майго сэрца любая айчына...

Туды я ад турбот і ад забаў

Люблю ўцякаць. Сяджу там пад дубамі,

Там я ляжу сярод духмяных траў,

Там я ганяюся за матылямі.

У белым з ганка там яна ідзе,

Да нас у гай зялёны прылятае,

У збожжы тоне, быццам у вадзе,

Нам свеціць з гор, нібы заранка тая.

Пераклад А. Зарыцкага.

Ольга Писар, "НЖ"

Стоит почитать:

 Паланэз, кадрыль, кантраданс, дамы і кавалеры ў прыгожых строях. У Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку ладзіўся шляхецкі баль у стылі ХІХ стагоддзя

 «О Навагрудскі край – мой родны дом…»