Бытавая злачыннасць: статыстыка па Навагрудскім раёне несуцяшальная. Колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян вырасла

Бытавая злачыннасць: статыстыка па Навагрудскім раёне несуцяшальная. Колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян вырасла

Бытавая злачыннасць: статыстыка па Навагрудскім раёне несуцяшальная. Колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян вырасла

11 февраля 2020 1330

Папярэджанне злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, у тым ліку ў сферы сямейна-бытавых адносін, з’яўляецца адной з прыярытэтных задач у рабоце падраздзяленняў міліцыі грамадскай бяспекі Навагрудскага РАУС. Тым не менш, па выніках мінулага года супрацоўнікі органаў унутраных спраў нашага раёна прыводзяць зусім несуцяшальную статыстыку.
Зрэшты, і 2020 год пачаўся адразу з двух цяжкіх бытавых злачынстваў.

– Сітуацыя з бытавой злачыннасцю і здзяйсненнем цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян на тэрыторыі Навагрудскага раёна за 2019 год склалася не лепшым чынам, – адзначае начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Максім Урбан. – У бытавой сферы злачынствы здзяйсняюцца ў дачыненні да знаёмых і членаў сям’і. Прычыны з году ў год застаюцца нязменнымі: злоўжыванне алкагольнымі напіткамі, сумеснае распіццё спіртнога, непрыязныя адносіны паміж абвінавачаным і пацярпелым, сямейныя скандалы і інш.

За 2019 год дапушчаны рост цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян – 9 (у 2018 г. – 6).

З зарэгістраваных злачынстваў – 1 забойства, 1 замах на забойства, 7 наўмысных прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

– З дзевяці злачынстваў шэсць былі здзейснены ў сельскай мясцовасці (на тэрыторыі Пятрэвіцкага, Брольніцкага, Уселюбскага і Любчанскага сельскіх саветаў) і тры ў г. Навагрудку, – дапаўняе М. Урбан. – Восем злачынстваў здзейснены мужчынамі і адно жанчынай. Ахвярамі сталі пяць жанчын і чатыры мужчыны. У пяці выпадках падазроныя асобы нідзе не працавалі, у дваіх віноўнікаў мелася непагашаная судзімасць, усе дзевяць злачынцаў знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

– З году ў год усё актуальней становіцца праблема хатняга насілля. Аб гэтым сведчыць той факт, што з дзевяці зарэгістраваных у мінулым годзе цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў чатыры здзейснены ў сферы сямейна-бытавых адносін. Да параўнання – у 2018 годзе зарэгістравана адно такое злачынства, – канстатуе Максім Урбан. – У трох з названых выпадкаў ахвярамі сталі жанчыны, а дакладней – жонкі, якія пацярпелі ад сваіх мужоў. У адным выпадку пацярпелы мужчына – злачынства здзейснена жонкай у адносінах да мужа.


Наступствы – цяжкія

Так, 7 студзеня 2019 г. 41-гадовы мужчына каля пад’езда аднаго са шматкватэрных дамоў па вул. Валчэцкага ў ходзе раптоўнай сваркі з-за рэўнасці наўмысна нанёс удар у жывот сваёй жонцы. 19 ліпеня 47-гадовы мужына ў в. Крываногава пабіў сваю жонку. 21 снежня 21-гадовая жанчына, знаходзячыся ў гасцях у в. Гірдаўка, падчас раптоўнай сваркі нанесла удар нажом у вобласць грудной клеткі свайму мужу. Усе віноўнікі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення і сваімі супрацьпраўнымі дзеяннямі прычынілі пацярпелым цялесныя пашкоджанні, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх.

– Былі ўзбуджаны крымінальныя справы па арт. 147 Крымінальнага кодэкса РБ, – расказаў М. Урбан. – Згодна з ч. 1 названага артыкула, да якой адносяцца вышэйпералічаныя злачынствы, наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання караецца абмежаваннем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад 4 да 8 гадоў.

1 верасня мінулага года 45-гадовы мужчына, таксама знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, у аг. Пятрэвічы ў ходзе сваркі з-за рэўнасці наўмысна нанёс удар нажом сваёй жонцы ў жывот, у выніку чаго прычыніў ёй цяжкае цялеснае пашкоджанне, якое выклікала смерць пацярпелай. Узбуджана крымінальная справа па арт. 139 КК РБ «Забойства». Згодна з ч. 1, наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця іншага чалавека (забойства) караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 6 да 15 гадоў.

Тое, што абсалютная большасць правапарушэнняў і злачынстваў здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення, зусім не здзіўляе. Ужыванне спіртных напіткаў, а тым больш сістэматычнае, спрыяе згасанню эмацыянальных перажыванняў, паслабленню або страце самакантролю, праяўленню жорсткасці, грубасці, агрэсіўнасці. Ап’яненне рэзка абвастрае і іншыя адмоўныя якасці характару, пачуццё помсты, рэўнасці.

– Ракавым днём для двух чалавек аказалася 14 студзеня гэтага года – у гэты дзень у выніку сваркі кожнаму з іх былі насены нажавыя ўдары. Здарылася ўсё ў горадзе: адна сітуацыя па вул. 17 верасня, другая па вул. Чырвонаармейскай. Аднак на гэты раз віноўнікамі аказаліся жанчыны, а пацярпелымі – мужчыны, а дакладней – іх сужыцелі. Абодва злачынствы здзейнены зноў жа ў стане алкагольнага ап’янення. У адным выпадку віноўніцай стала 47-гадовая жанчына, у другім 39-гадовая, але справакавалі канфлікты пацярпелыя. Адна са сварак адбылася з-за рэўнасці, другая – з-за грошай. Дайшло да бойкі, і як вынік – нанясенне нажавых удараў, – паведаміў М. Урбан. – Вядома, тое, што абодва злачынствы падобны і здзейснены ў адзін дзень – звычайнае супадзенне, але нагода задумацца аб сваім жыцці і тым, што чакае наперадзе.  


Сямейных скандалаў становіцца больш

– Насілле ў любой форме ніколі не праходзіць бясследна і рана ці позна прывядзе да вельмі цяжкіх наступстваў – страты здароўя ці нават жыцця. Гэта страшна і зусім не мае значэння, хто пацярпелы – жанчына ці мужчына, – упэўнены Максім Урбан. – Між тым па статыстыцы апошніх гадоў у большасці сямейных канфліктаў усё ж віноўнікамі з’яўляюцца прадстаўнікі моцнага полу (толькі ці можна так назваць асоб, якія падымаюць руку на слабых людзей). Адным з эфектыўных рычагоў процідзеяння насіллю ў сям’і з’яўляецца своечасовае прыняцце мер прэвентыўнага (папераджальнага) уздзеяння да асоб, якія яго здзяйсняюць, у тым ліку прыцягненне іх да адміністрацыйнай і крымінальнай (па прэвентыўных артыкулах) адказнасці.

Так, па ініцыятыве РАУС у мінулым годзе ўзбуджана 12 крымінальных спраў па арт. 153 «Наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання», 154 «Катаванне» і 186 «Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці» Крымінальнага кодэкса. Усяго за 2019 год раённым аддзелам Селедчага камітэта РБ распачата 15 прэвентыўных крымінальных спраў (у 2018 г. – 9). За студзень 2020 года ўжо ўзбуджана 3 крымінальныя справы па прэвентыўных артыкулах.

– Кожныя суткі ў дзяжурную службу РАУС паступае каля трох паведамленняў аб сямейных скандалах. У выхадныя, святочныя, а таксама папярэднія ім дні іх колькасць падвойваецца, – інфармуе М. Урбан. – Большасць скандалаў адбываецца ў вячэрні час. Асноўныя прычыны зноў жа – алкаголь, рэўнасць і маёмасныя спрэчкі. Назіраецца рост паведамленняў аб сямейных скандалах, якія паступаюць у аператыўна-дзяжурную службу райаддзела. Пасля іх праверкі прымаецца рашэнне аб прыцягненні віноўных да адміністрацыйнай адказнасці.


Больш за 90% адміністрацыйных спраў распачынаюцца па ч. 2 арт. 9.1 КоАП РБ – нанясенне пабояў, якое не пацягнула прычыненне цялесных пашкоджанняў, наўмыснае прычыненне болю, фізічных або псіхічных пакут, учыненых у дачыненні да блізкага сваяка або члена сям’і (калі ў гэтых дзеяннях няма саставу злачынства), альбо парушэнне ахоўнага прадпісання. За студзень гэтага года ў РАУС паступіла 43 паведамленні аб сямейных скандалах, па факце праверкі якіх прынята рашэнне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці 10 грамадзян.

 

У 96% выпадкаў пацярпелымі ў выніку сямейных канфліктаў з’яўляюцца жанчыны. Тыповы партрэт сямейнага дэбашыра – гэта мужчына 
30-40 гадоў, які не працуе, злоўжывае спіртнымі напіткамі.

У мэтах прафілактыкі

– Па выніках разгляду паведамленняў аб сямейным насіллі, акрамя прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, да асоб, якія іх дапусцілі, прымяняецца комплекс мер індывідуальнай прафілактыкі, у тым ліку пастаноўка на ўлік і пастаянны кантроль за іх паводзінамі па месцы жыхарства і на рабоце, – тлумачыць начальнік аддзела аховы правапардку і прафілактыкі. – Акрамя гэтага, Законам РБ ад 04.01.2014 г. №123-З «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» прадугледжана такая мера, як ахоўнае прадпісанне, якое прадугледжвае устанаўленне грамадзяніну, які здзейсніў насілле ў сям’і, абмежаванне на здзяйсненне пэўных дзеянняў.

За мінулы год было ўжыта 21 ахоўнае прадпісанне (+7 у параўнанні з 2018 годам). З іх 12 прадпісанняў (+5 да 2018 г.) ужытыя з усталяваннем абавязку грамадзяніну, які здзейсніў насілле, часова пакінуць агульнае з пацярпелым жылое памяшканне і забаронай распараджацца агульнай сумеснай уласнасцю. На тэрмін дзеяння прадпісання віноўныя асобы пражывалі ў спецыяльным памяшканні, якое вызначана рашэннем Навагрудскага райвыканкама і знаходзіцца ў горадзе.

З мэтай аказання дапамогі і падтрымкі пацярпелым ад сямейнага насілля маецца магчымасць для іх часовага пражывання асобна ад дэбашыра ў спецыяльным пакоі (месца знаходжання не паведамляецца). Для памяшчэння ў дадзены пакой неабходна звярнуцца з заявай у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцства (ТЦСАН) ці раённы аддзел унутраных спраў. На пачатак гэтага года ў пакой для часовага знаходжання грамадзян, якія пацярпелі ад насілля ў сям’і, было змешчана 10 асоб.

– Не чакайце, пакуль бяда прыйдзе ў ваш дом, – звяртаецца да навагрудчан Максім Урбан. – Бытавыя злачынствы можна папярэдзіць, варта ўсяго толькі звярнуцца за дапамогай адпаведных спецыялістаў і служб. Помніце, няма нічога каштоўней за здароўе і жыццё!

Спіс тэлефонаў, па якіх ахвяра хатняга насілля можа звярнуцца за дапамогай спецыялістаў:

102, 2-04-28 – аператыўна-дзяжурная служба РАУС (кругласутачна);

4-01-58 – раённая «гарачая лінія» (будні – з 8.00 да 17.00; субота – 
з 9.00 да 13.00);

8-(801)-100-8-801 – рэспубліканская «гарачая лінія» (з 8.00 да 22.00, што­дзённа);

4-24-35 – аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН (загадчык, псіхолаг);

4-25-26 – спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН.

Анастасія Пятрова, “НЖ”