Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны на тэрыторыі Навагрудскага раёна ішла размова падчас пасяджэння райвыканкама

Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны на тэрыторыі Навагрудскага раёна ішла размова падчас пасяджэння райвыканкама

11 февраля 2020 1246

На чарговым пасяджэнні Навагрудскага райвыканкама быў разгледжаны ход рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» на тэрыторыі раёна.

 

Старшыня райвыканкама Сяргей Федчанка:

“Аналіз вынікаў выканання Дырэктывы № 1 паказвае, што ў раёне замацоўваюцца станоўчыя тэндэнцыі ў адпаведнасці з намечанымі і рэалізуемымі ўсімі суб’ектамі гаспадарання, арга­нізацыйнымі структурамі грамадскіх арганізацый мерапрыемствамі. Разам з тым рэзервы ў рабоце, безумоўна, ёсць. Жыццё дынамічнае і ўвесь час патрабуе карэкціроўкі нашых дзеянняў, каб аператыўна выяўляць і своечасова знімаць узнікаючыя праблемы і асобныя недахопы ў функцыянаванні сістэмы грамадскай бяспекі нашага рэгіёну.”

 

Пажарная бяспека

У 2019 г. на тэрыторыі раёна зарэгістравана 50 пажараў, што перавысіла ўзровень 2018 г. на 11,1 % (у 2018 г. – 45), паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр ГРЫЦ.  – Рост колькасці пажараў у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 г. адбыўся ў г. Навагрудку з 11 да 18, на тэрыторыі сельсаветаў: Ладзеніцкага – з 3 да 8, Валеўскага – з 0 да 2, Вераб’евіцкага – з 0 да 2.

Па словах Аляксандра Грыца, для вывучэння эфектыўнасці дзейнасці назіральных камісій праведзены маніторынг ва ўсіх назіральных камісіях, якія працуюць у раёне. У выніку абстаноўка стабілізавалася на тэрыторыі Уселюбскага, Кашалеўскага і Пятрэвіцкага сельскіх саветаў, падкрэсліў намеснік старшыні.

У тэму

У раёне паказчык колькасці пажараў на 10 тыс. насельніцтва складае 11,2 пры сярэднеабласным – 7,52. На пажарах загінула 3 чал., што перавышае ўзровень 2018 г. на 50 % (у 2018 г. загінула 2 чал.). Паказчык колькасці загінулых на пажарах людзей на 100 тыс. насельніцтва складае 6,7 пры сярэднеабласным 4,72.

Асаблівая ўвага нададзена абследаванню месц пражывання састарэлых, адзінокіх і адзінокапражываючых грамадзян, няпоўных, шматдзетных сем’яў і сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі.

Для забеспячэння бяспечных умоў пражывання грамадзян у раёне выкананы работы па рамонце няспраўнай электраправодкі ў 232 домаўладаннях, з іх 213 у домаўладаннях сацыяльна неабароненых грамадзян. Выкананы работы па прывядзенні ў належны стан печаў у 546 домаўладаннях ці 99 % ад запланаванага аб’ёму. У раёне ідзе планамерная работа па ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у домаўладаннях усіх катэгорый грамадзян.

На жаль, існуе і шэраг праблем. Застаюцца нявырашанымі праблемныя пытанні па забеспячэнні пажарнай бяспекі на некаторых сельскагаспадарчых аб’ектах, не ўсе аб’екты з масавым знаходжаннем людзей абсталяваны сістэмамі аўтаномнай пажарнай сігналізацыі і інш.

Ахова працы

– Выкананню патрабаванняў аховы працы таксама надаецца вялікая ўвага, але аналіз эфектыўнасці функцыянавання сістэмы кіравання аховай працы ў раёне, парушэнні, якія выяўляюцца на аб’ектах арганізацый, а таксама дынаміка і прычыны вытворчага траўматызму апошніх гадоў паказваюць на недастатковасць прымаемых мер, – канстатаваў Аляксандр Грыц.

Ён адзначыў, што ў апошнія гады назіраецца рост колькасці траўміраваных у выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці ў арганізацыях малога прадпрымальніцтва і без ведамаснай падпарадкаванасці. У 2019 г. у такіх арганізацыях пацярпела 5 чал., з іх 2 чал. атрымалі цяжкія траўмы: ТАА «БиоЭнергоТранс» і ПГВУП «Шпара і К». Па выніках разгляду няшчаснага выпадку, які адбыўся на ТАА «БиоЭнергоТранс» прызнана віна наймальніка.

Старшыня райвыканкама С. Федчанка заўважыў, што неабходна звярнуць больш пільную ўвагу на вывучэнне ўмоў працы і захаванне тэхнікі бяспекі на прадпрыемствах малога і сярэдняга бізнесу Навагрудскім міжраённым аддзелам Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, што павінна паса­дзейнічаць навядзенню парадку ў гэтых пытаннях і павышэнню адказнасці кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Па-ранейшаму дрэнна складваецца сітуацыя з забеспячэннем бяспечных умоў працы і вытворчага траўматызму на аб’ектах сельскай гаспадаркі. За 2019 г. у сельгасарганізацыях раёна траўмы атрымалі 5 чал. ці 42 % ад агульнай колькасці траўміраваных: па два работнікі ў ААТ «Кашалева-Агра» і ААТ «Уселюб», адзін у ААТ «Гарадзечна».

Былі абмеркаваны таксама пытанні працоўнай дысцыпліны, кадравая сітуацыя са спецыялістамі па ахове працы ў сельгасарганізацыях, дзе яны проста адсутнічаюць ці не маюць вопыту работы ў сферы аховы працы.  

Асаблівая ўвага звернута на абсталяванне запорнымі прыладамі гарышчаў і падвалаў, а таксама выключэння магчымасці пранікнення ў непрыдатныя будынкі з мэтай ліквідацыі ўмоў, пры якіх магчыма прычыненне шкоды жыццю і здароўю людзей.

Па першым пытанні са справаздачамі выступілі прадстаўнікі РАУС, РАНС, міжраённага аддзела Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.

У тэму

У 2019 г. назіралася зніжэнне агульнай колькасці траўміраваных на вытворчасці ў параўнанні з 2018 г. з 19 да 12 чал. Аднак ёсць рост няшчасных выпадкаў з атрыманнем работнікамі цяжкіх вытворчых траўмаў – 3 выпадкі ў 2019 (у 2018 г – 2, у тым ліку 1 смяротны).

 

У пасяджэнні райвыканкама прыняў удзел кіраўнік справамі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Папоў. Па кожным з абмеркаваных пытанняў прыняты адпаведныя рашэнні.

 

Алена Ермакова, «НЖ»