На п’едэстал – праз спартыўныя школы. Рэкамендацыі для навагрудчан ад спартсмена, урача і псіхолага

На п’едэстал – праз спартыўныя школы. Рэкамендацыі для навагрудчан ад спартсмена, урача і псіхолага

На п’едэстал – праз спартыўныя школы. Рэкамендацыі для навагрудчан ад спартсмена, урача і псіхолага

29 августа 2019 2597

Няма бацькоў, якія не хацелі б, каб іх дзіця расло здаровым, вынослівым і фізічна развітым. Калі яшчэ і сам сын ці дачка вельмі любяць спорт і мараць быць падобнымі да сваіх куміраў, то шлях толькі адзін – спартыўная школа. Аднак аддаць дзіця ў свет прафесійнага спорту – значыць прыняць рашэнне, якое паўплывае на ўсё яго жыццё. Каб не памыліцца ў такім важным выбары, патрэбна старанна ўзважыць усе «за» і «супраць».

Калі вы вырашылі аддаць дзіця ў спартыўную школу, абавязкова патрэбна прыслухацца да яго меркавання. Інакш – заняткі спортам будуць зусім не ў радасць. Але толькі аднаго жадання – мала. Варта ўліч­ваць характар і здольнасці вашага дзіцяці. Арамя гэтага, неабходна прайсці медыцынскае абследаванне. Не будзе лішнім загадзя патэлефанаваць у спартыўныю школу і сустрэцца з трэнерам.

У серыі матэрыялаў мы раскажам аб тым, як правільна выбраць від спорту для свайго дзіцяці, асаблівасцях навучання ў спартыўнай школе і рызыках вялікага спорту. Сённяшняя інфармацыя падрыхтавана разам з начальнікам упраўлення спорту і турызму райвыканкама Сяргеем Чартко, урачом-педыятрам (урач спартыўнай медыцыны) цэнтральнай раённай бальніцы Аленай Сянкевіч, метадыстам вучэбна-метадычнага кабінета, псіхолагам Кацярынай Картасавай.

Вучэбна-спартыўныя ўстановы Навагрудчыны вядуць падрыхтоўку спартсменаў па шасці алімпійскіх відах спорту. Гэта біятлон, лыжныя гонкі, грэка-рымская барацьба (хлопчыкі), барацьба жаночая, футбол, лёгкая атлетыка. Таму акцэнт робім менавіта на іх.

Камандныя (у тым ліку футбол)

Плюсы: спрыяюць развіццю вынослівасці, хуткасці, добрай рэакцыі; умацоўваюць зрок і апорна-рухальны апарат, паляпшаюць работу лёгкіх і сэрца; дазваляюць выплёск­ваць эмоцыі і агрэсію; ву­чаць рабоце ў камандзе і мірнаму вырашэнню канфліктаў у калектыве.

Каму падыдуць: рухомым, гаваркім, камунікабельным дзецям, халерыкам без ярка выяўленага імкнення да індывідуальнай перавагі, тым, хто любіць камандныя гульні.

Рэкамендаваны мінімальны ўзрост: 6 гадоў.

Супрацьпаказанні: няўстойлі­васць шыйных пазванкоў; плоскаступнёвасць; язвавая хвароба; бранхіяльная астма.



Адзінаборствы (у тым ліку барацьба)

Плюсы: спрыяюць развіццю вынослівасці, дакладнасці рухаў, гнуткасці, добрай рэакцыі; выпрацоўваюць навыкі самаабароны; дазваляюць выплёсківаць эмоцыі і агрэсію; вучаць мірнаму вырашэнню канфліктаў і самакантролю; аказваюць аздараўленчае дзеянне на арганізм.

Каму падыдуць: практычна любому дзіцяці – як хлопчыку, так і дзяўчынцы – з любым характарам, бо на гэтых занятках кожнае дзіця знаходзіць нешта сваё. Зрэшты, з вялікай верагоднасцю адзінаборствы падыдуць дзіцяці-індывідуалісту, бо падчас іх «кожны сам за сябе».

Рэкамендаваны мінімальны ўзрост: 9 гадоў.

Супрацьпаказанні: любыя хваробы ў стадыі абвастрэння; хранічныя захворванні пазваночніка; хранічныя захворванні сардэчна-сасу­дзістай сістэмы.


Лёгкая атлетыка

Плюсы: спрыяе ўмацаванню косна-мышачнай сістэмы; фарміруе спрыт, хуткасць, сілу, цягавітасць, волю.

Каму падыдуць: дзіцяці, якое гэтымі відамі спорту (бег, спартыўная хадзьба, кіданне кап’я, штурханне ядра, скачкі ў даўжыню, вышыню і інш.) сапраўды цікавіцца.

Рэкамендаваны мінімальны ўзрост: 7 гадоў.

Супрацьпаказанні: некаторыя хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы; хранічныя захворванні нырак; цукровы дыябет; прагрэсіруючая блізарукасць; скаліёз.

Лыжны спорт, біятлон

Плюсы: паляпшаюць работу сардэчна сасудзістай сістэмы; умацоўваюць апорна-рухальны апарат; развіваюць цягавітасць, зоркасць; загартоўваюуць арганізм.

Каму падыдуць: дзецям, якія любяць зіму, зімовыя забавы і лёгка пераносяць холад – актыўным і рухомым.

Рэкамендаваны мінімальны ўзрост: 9 гадоў.

Супрацьпаказанні: некаторыя захворванні лёгкіх; астма; блізарукасць.


Асноўны мінус названых відаў спорту – верагоднасць траўмы. Узровень траўматызму ў іх, вядома, розны. Так, найбольш рызыкуюць футбалісты. Але, калі ўважліва слухаць трэнера і выконваць усе патрабаванні, то рызыка атрымліваецца не такая і вялікая.

Вядома, гэта інфармацыя невычэрпная. Калі гаварыць аб медыцынскіх супрацьпаказаннях, то сваё заключэнне ўрач дасць у адпаведнасці з Пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 30.06.2014 г. № 49 «Аб устанаўленні пераліку медыцынскіх супрацьпаказанняў да заняткаў відамі спорту». А ён у сваю чаргу выглядае даволі ўнушальным.

Мінімальны ўзрост для заняткаў – усяго рэкамендацыя. Вядомы выпадкі, калі дзеці прыходзілі ў спорт намнога пазней і дабіваліся высокіх вынікаў. Але ў большасці ўсё наадварот. Напрыклад, каб падрыхтаваць добрага барца, гімнастычную падрыўтоўку лепш пачынаць гадоў з 6-7.

Аб гэтым і не толькі ў наступных артыкулах.


Да ведама

ДЮСШ № 1 – лыжныя гонкі, біятлон.

г. Навагрудак, вул. Паркавая, 3. Тэл. 2-39-49.

ДЮСШ № 2 – лёгкая атлетыка.

г. Навагрудак, вул. Малы Замак, 26. Тэл. 2-39-76.

Заняткі праводзяцца ў г. Навагрудку, г.п. Любча, аг. Валеўка, Пятрэвічы, Шчорсы, Нягневічы, Уселюб.

СДЮШАР прафсаюзаў «Фаварыт» – лыжныя гонкі, біятлон, грэка-рымская барацьба, жаночая барацьба, футбол.

г. Навагрудак, вул. Спартовая, 26а. Тэл. 2-13-45.

Ва ўсіх установах заняткі праводзяцца бясплатна.

На базе агульнаадукацыйных устаноў адкрыты спецыялізаваныя па спорце класы: у СШ № 7 – па біятлоне, у СШ № 5 – па лыжных гонках і барацьбе. Падрыхтоўку вядуць трэнеры-выкладчыкі СДЮШАР прафсаюзаў «Фаварыт»: Ігар Багуслававіч Літвінскі – 8-(029)-6722325 (біятлон), Валерый Генадзьевіч Масла – 8-(029)-1030690 (лыжныя гонкі), Андрэй Анатольевіч Крынскі – 8-(029)-6234704 (грэка-рымская і жаночая барацьба). Ідзе набор у 5-я класы.

Анастасія Зайко, "НЖ"