У райвыканкаме. З якімі вынікамі Навагрудскі раён спрацаваў за першы квартал бягучага года?

У райвыканкаме. З якімі вынікамі Навагрудскі раён спрацаваў за першы квартал бягучага года?

У райвыканкаме. З якімі вынікамі Навагрудскі раён спрацаваў за першы квартал бягучага года?

24 мая 2019 1471
З якімі вынікамі раён спрацаваў за першы квартал бягучага года? У чым прычыны правалу некаторых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця? Якія меры неабходна прыняць, каб у першым паўгоддзі выправіць сітуацыю? Гэтыя і іншыя пытанні былі абмеркаваны падчас чарговага сумеснага пасяджэння райвыканкама і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло на мінулым тыдні.

Аб выкананні ключавых паказчыкаў  

Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першы квартал 2019 года далажыла першы намеснік старшыні райвыканкама Алена СЯЛЕВІЧ. 
– Большасць ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы за першы квартал выкананы. Не дасягнуў раён прагнознага задання па экспарце тавараў – гэта адзін з ключавых паказчыкаў. Пры плане 100,6% экспарт тавараў склаў – 80,4%. З паказчыкаў, якія аказваюць найбольшы ўплыў на фарміраванне ўнутранага валавага прадукту, не выкананы заданні па рознічным тавараабароце – пры плане 103,1% выкананне склала – 101,7% і па аб’ёме будаўніча-мантажных работ – пры заданні 4050 тыс. рублёў паказчык склаўся на ўзроўні 2998 тыс. рублёў. 
Не выканана дадатковае заданне па пасажыраабароце: пры плане 100,3% ён склаўся на ўзроўні 95,5%. Па аператыўнай інфармацыі заданне мінус 0,5% па зніжэнні ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі фактычна складзе плюс 4,9%. 
На думку Алены Сялевіч, невыкананне дадзеных паказчыкаў абумоўлена як аб’ектыўнымі, так і суб’ектыўнымі прычынамі. Напрыклад, невыкананне паказчыка па экспарце тавараў абумоўлена выдаткамі ў планаванні. Гэта датычыца ААТ «Малочная кампанія Навагрудскія Дары», якая не забяспечыла экспарт тавараў у аб’ёме, запланаваным у бізнес-плане развіцця, а ўдзельная вага ў экспарце тавараў  прадпрыемства даволі высокая – 44,2%. Разам з тым, за першае паўгоддзе 2019 года прадпрыемства плануе забяспечыць экспарт тавараў на 104,7%, пры запланаваным у бізнес-плане паказчыку 100,0%. 
Алена Сялевіч адзначыла, што на выкананне паказчыка па рознічным тавараабароце, безумоўна, паўплываў высокі ўзровень тавараабароту ў адпаведным перыядзе мінулага года – 109,7%.
Разам з тым структурна-рознічны тавараабарот на 84% складаецца з тавараабароту арганізацый гандлю, тэмп росту па якіх склаў 104,4% і 16% адпаведна складае тавара­абарот ІП і фізічных асоб на рынках і гандлёвых цэнтрах. Менавіта зніжэнне тавараабароту па дадзенай структурнай групе больш чым на 10% да ўзроўню мінулага года аказала негатыўны ўплыў на паказчык у цэлым.
Ёсць сур’езныя недахопы ў рабоце некаторых гандлёвых арганізацый. З улікам удзельнай вагі на агульны паказчык найбольшы ўплыў аказалі такія арганізацыі, як аптэка №60 ДГП РУП «Фармацыя», ААТ «Задняпроўе», філіял «Навагрудскі хлебазавод», ААТ «Дзіцячы свет РГ», ПГУП «Пралайнсервіс», ТДА «Пісарук і К» і нізкія тэмпы па Навагрудскім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства і інш. Акрамя гэтага, назіраецца істотнае зніжэнне рознічнага тавараабароту па фармацэўтычных кампаніях, - канстатавала Алена Леанідаўна.
Што датычыцца невыканання задання будаўніча-мантажных работ у першым квартале 2019 года, то гэта толькі суб’ектыўныя прычыны, – падкрэсліла Алена Сялевіч, якія заключаюцца ў дрэннай арганізацыі работ.  Асноўнае адставанне па аб’ёмах будаўніча-мантажных работ дапушчана па спартыўным комплексе для гульнявых відаў спорту (удзельная вага 35,8% у агульным аб’ёме будаўніча-мантажных работ). Будаўніча-мантажныя работы па аб’екце амаль удвая ніжэйшыя за планавыя. 
Па аб’ектах жыллёвага будаўніц­тва дапушчана адставанне больш чым на 30% (33,8% у агульным аб’ёме будаўніча-мантажных работ). Асноўнай задачай на наступны перыяд з’яўляецца забеспячэнне ў другім квартале аб’ёму будаўніча-мантажных работ больш чым 8 000 тыс. рублёў, каб за першае паўгоддзе 2019 года выканаць даведзенае раёну заданне на ўзроўні 11 050 тыс. рублёў. Умовы для гэтага ў раёне на сённяшні дзень ёсць, – рэзюмавала першы намеснік старшыні райвыканкама.   
Па словах Алены Сялевіч, у невыкананні паказчыка па зніжэнні ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі ёсць аб’ектыўныя прычыны, сітуацыя будзе выраўнена па выніках работы  за першае паўгоддзе.  

Хто працуе неэфектыўна

Па выніках работы за першы квартал 2019 года ў цэлым атрыманы станоўчы фінансавы вынік у суме 9,7 млн рублёў, што ў 2,3 разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Разам з тым 8 арганізацый раёна ў першым квартале бягучага года  спрацавалі са стратамі. У мінулым годзе за адпаведны перыяд страты дапусцілі 10 арганізацый раёна. З ліку стратных 4 арганізацыі маюць мясцовую падпарадкаванасць: ААТ «Гарадзечна», ААТ «Дзіцячы свет РГ», КВУП «Навагрудская сельгастэхніка», ААТ «Навагрудскі завод металавырабаў».
Для забеспячэння эфектыўнай дзейнасці стратнымі арганізацыямі распрацаваны і зацверджаны планы мерапрыемстваў, а таксама вызначаны канкрэтныя тэрміны выхаду на бясстратную работу. У выніку рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў па выніках першага паўгоддзя 2019 года чакаецца зніжэнне колькасці стратных арганізацый з 8 да 4. За студзень-чэрвень 2019 года плануюць выйсці на бясстратную работу ААТ «Белкрэда«, ТАА «Навагрудская фабрыка спецадзення», ААТ «Навагрудскі завод металавырабаў» і КВУП «Навагрудская сельгастэхніка».

Узровень заработнай платы

Памер сярэднямесячнай заработнай платы па раёне за справаздачны перыяд склаў 727,7 рубля і павялічыўся на 13,3%. Гэта дазволіла выканаць даведзенае заданне па росце заработнай платы за сту­дзень-сакавік 2019 года на 101,1%.
Сярэдняя заработная плата ў прамысловасці склала  805,3 рубля, у сельскай гаспадарцы 635,1 рубля, у работнікаў бюджэтнай сферы 706,1 рубля.
Самы высокі памер заработнай платы за студзень-сакавік 2019 года склаўся ў арганізацыях, якія ажыццяўляюць фінансавую і страхавую дзейнасць – 1 425,5 рубля, самая нізкая заработная плата ў будаўнічых арганізацыях – 553,2 рубля.
Тэмп росту намінальнай сярэднямесячнай заработнай платы па раёне ніжэйшы за сярэднеабласны – 114,4%. Сярод 17 раёнаў вобласці Навагрудскі раён па ўзроўні заработнай платы займае 11 месца. 
Найбольшую занепакоенасць выклікаюць арганізацыі, якія выплач­ваюць нізкую заработную плату – такіх арганізацый у нас 10, у тым ліку і МПМК №156, дзе ўзровень заработнай платы ніжэйшы за 400 рублёў.
У 9 арганізацыях раёна памер заработнай платы склаўся ў інтэрвале ад 400 да 500 рублёў.
Менавіта задачу па выпрацоўцы мер, накіраваных на рост заработнай платы, у дадзеных арганізацыях у найбліжэйшай перспектыве трэба будзе вырашыць,  – рэзюмавала першы намеснік старшыні райвыканкама Алена Сялевіч.
Акрамя гэтага, негатыўным фактам застаецца парушэнне арганізацыямі раёна тэрмінаў выплаты зарплаты. За справаздачны перыяд 2019 года гэтыя парушэнні назіраліся на ТАА «ПравітБел», ТАА «Навагрудская фабрыка спецадзення», РУП ЖКГ, ААТ «БелКрэда».

Сельская гаспадарка 

Прагнозны паказчык па тэмпе росту валавай прадукцыі  выканалі ўсе сельгасарганізацыі раёна, за выключэннем ААТ «Уселюб», – паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей ПЯРКО. Тэмп росту да аналагічнага ўзроўню мінулага года склаў 107,3% пры заданні 103,1%.
Усе сельгасарганізацыі павялічылі вытворчасць малака да аналагічнага перыяду 2018 года. Тэмп росту рэалізацыі малака склаў 110,9%. Сярэдні надой на карову ў параўнанні са студзенем-сакавіком мінулага года павялічыўся на 107 кг і склаў 1270 кг.
На 40 тон або 2,8% павялічылася вытворчасць буйной рагатай жывёлы. Таксама назіраецца рост вытворчасці свіней – на 60 тон або 4,1%.
За тры месяцы 2019 года вытворчасць (вырошчванне) жывёлы склала 2975,4 тон мяса або 103,5% да аналагічнага перыяду 2018 года, у тым ліку буйной рагатай жывёлы – 102,8% і свіней – 104,1%.
Зараз у аграрыяў шмат турбот на палях. Завершаны сеў ранніх зерневых і зернебабовых культур, рапсу, ільну, цукровых буракоў, бульбы. Завяршаюцца работы пасеву кукурузы, адналетніх траў, грэчкі. Актыўна вядзецца ўборка свірэпіцы, падсеў шматгадовых траў, ажыццяўляецца догляд за пасевамі, – канстатаваў Сяргей Пярко.  
Па выніках паўгоддзя чакаецца выкананне прагнознага паказчыка на ўзроўні 105,4%. 

Аб выкананні бюджэту

Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Жанна Лазовік паведаміла, што за першы квартал 2019 года ў бюджэт раёна паступіла 8553,2 тыс. рублёў уласных даходаў, што склала 102,6% да плана на першы квартал і 24,2% да гадавога задання. Тэмп росту да ўзроўню адпаведнага перыяду 2018 года склаў 107,3%. Удзельная вага ўласных даходаў у бюджэце за першы квартал 2019 года склала 59,7%. Акрамя ўласных даходаў, у бюджэт раёна паступіла 5762,0 тыс. рублёў з рэспубліканскага бюджэту, што склала 99,4% да плана на першы квартал і 20,8% да гадавого задання.
Расходная частка бюджэту за справаздачны перыяд склала 16997,5 тыс. рублёў і асвоена на 21,5% да ўдакладненага гадавога плана. Бюджэт раёна, як і раней, мае сацыяльную накіраванасць. На фінансаванне ўстаноў сацыяльнай сферы за першы квартал 2019 года накіравана 83,8% ад агульнага аб’ёму бюджэту.
Па кожным з разгледжаных пытанняў прыняты адпаведныя рашэнні, вызначаны тэрміны і адказныя за іх выкананне.

Падрыхтавала Алена  Ермакова, «НЖ»