Віншаванне пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксяндза Юрыя Жэгарына

Віншаванне пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксяндза Юрыя Жэгарына

Віншаванне пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксяндза Юрыя Жэгарына

25 декабря 2019 1859

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Свята Божага Нараджэння чарговы раз уводзіць нас у вялікую таямніцу веры аб Богу, які знаходзіцца ў пастаянным пошуку чалавека. Езус Хрыстос – «Эммануэль – Бог з намі» (Мц 1,23), як узгадвае Біблія, уваходзіць у гісторыю чалавека і прагне пасяліцца ў людскіх сэрцах.

У Старым Запавеце адзін з тытулаў чаканага Збаўцы, які павінен прыйсці, гучыць Князь Супакою (Іс 9,5). У сённяшнім свеце, якое разрываюць войны, нянавісць, зай­здрасць, супакою становіцца ўсё менш. У тых кутках зямлі, дзе супакой яшчэ захоўваецца, многія жывуць у пастаяннай трывозе, што штосьці або хтосьці можа супакой парушыць.

А Князь Супакою – Хрыстос – кажа, што супакой можа прынесці толькі Ён, калі мы даверымся і дазволім Яму ўвайсці ў нашае асабістае жыццё, нашыя справы і ўчыніць Яго сваім адзіным Валадаром. Супакой пачынаецца з сэрца чалавека, у якім нараджаецца Бог. Таму не варта шукаць супакою звонку, бо, напэўна, там яго не знойдзем. Чым больш сярод нас дазволіць Хрысту стаць Валадаром сваіх сэрцаў, тым больш людзей стане носьбітамі супакою ў сваіх асяроддзях і тым мацней супакой закараніцца ў сем’ях, грамадстве і нашай краіне.

У глыбіні сэрца ёсць моцнае спадзяванне, што супакой паміж людзьмі будзе толькі ўмацоўвацца, таму што Божае Нараджэнне – гэта перш за ўсё свята супакою. Пра гэта ўзгадваюць нам словы анёльскага прывітання «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі» (Лк 2,14). Паводле традыцыі, Каталіцкая Царква пачынае Новы год з малітвы аб супакоі. 1 студзеня ўрачыс­тасць Багародзіцы Марыі і Сусветны Дзень Малітваў аб Супакоі. Супакой паміж людзьмі непарыўна звязаны з прымірэннем чалавека з Богам. А гэтае прымірэнне сталася дасягальным дзякуючы Уцелаўленню Езуса Хрыста.

Спадзяюся і жадаю, што святкаванне свята Божага Нараджэння ў гэтым годзе пераменіць сэрцы многіх з нас. Жадаю каталіцкім вернікам стаць сапраўднымі носьбітамі супакою. Няхай святкаванне свята Божага Нараджэння адбудзецца ў гармоніі з Богам і бліжнімі, а Езус благаслаўляе Вас у гэтыя прыгожыя святочныя дні!

Віншую ад шчырага сэрца ўсіх хрысціян са Святам Божага Нараджэння і жадаю спакойнага і шчаслівага Новага года ўсім людзям добрай волі!

Ад усяго сэрца ксёндз Юрый Жэгарын,

пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку