Уладзімір Змітрэвіч у Навагрудскім раённым аддзеле міліцыі прайшоў шлях ад старшыны да палкоўніка

Уладзімір Змітрэвіч у Навагрудскім раённым аддзеле міліцыі прайшоў шлях ад старшыны да палкоўніка

Уладзімір Змітрэвіч у Навагрудскім раённым аддзеле міліцыі прайшоў шлях ад старшыны да палкоўніка

04 марта 2020 2804

Быць міліцыянерам – значыць шчыра, верна і адважна служыць людзям і сваёй краіне. Уладзімір Канстанцінавіч Змітрэвіч больш як 30 гадоў прысвяціў гэтай прафесіі. Служыў толькі ў Навагрудскім аддзеле і на працягу 14 гадоў яго ўзначальваў. Служба, пачалася яшчэ ў савецкія часы, закранула цяжкія для краіны 90-я і гады станаўлення суверэннай Беларусі, а завяршалася ў час міру і стабільнасці. Гады прайшлі як адно імгненне, і цяпер Уладзімір Канстанцінавіч носіць ганаровае званне ветэрана Міністэрства ўнутраных спраў.


Разглядваем фотаздымкі з уласнага архіва Уладзіміра Канстанцінавіча і гаворым аб адной з самых важных, ганаровых і паважаемых у грамадстве прафесій. Менавіта так да людзей у пагонах ставіліся ў той час, калі ён маладым хлопцам прыйшоў служыць у міліцыю.

– Я – навагрудчанін. Пасля службы ў г. Улан-Удэ (Забайкальская ваенная акруга) старшыной вярнуўся на малую радзіму, – успамінае У.К. Змітрэвіч. – Тэрміновую службу прайшоў паспяхова (меў заахвочванні, быў удзельнікам збораў афіцэраў запасу), таму і не дзіўна, што мне прапанавалі пайсці ў міліцыю. На той час (гэта быў 1973 г.) у склад райаддзела ўваходзіў дзяржпажнагляд (пажарная служба). Праца­ваць у гэтым падраздзяленні я і хацеў. Аднак па волі лёсу зялёную форму я так ні разу і не адзеў.


Міліцэйскі шлях Уладзіміра Канстанцінавіча пачаўся са службы ўчастковым інспектарам, затым некаторы час быў звязаны з дзяжурнай часцю і, нарэшце, следчая работа. За гэтыя гады завочна Уладзімір Канстанцінавіч закончыў факультэт Акадэміі МУС СССР у Мінску.

– Яшчэ ў школьныя гады я з зайздрасцю глядзеў на міліцыянераў, якія ездзілі па Навагрудку на жоўтых «жыгулях». Хто б мог падумаць, што некалі я сам сяду за руль гэтага спецаўтамабіля, – усміхаецца Уладзімір Канстанцінавіч. – Калі прыйшоў у аддзел, большую частку калектыву складалі франтавікі. Гэта былі людзі такой жыццёвай загартоўкі, якіх цяпер вельмі мала.


– У 70-я гады ў склад Навагрудскага аддзела міліцыі ўваходзіла каля 18 падраздзяленняў. Следчае аддзяленне, дазнання, экспертна-крыміналістычная лабараторыя, аддзел аховы, дзяржпажнагляд і інш., – з настальгіяй гаворыць мой суразмоўца. – Многія з іх потым былі выключаны са структуры МУС і цяпер з’яўляюцца самастойнымі ведамствамі. Такія, як медвыцвярэзнік, зусім ліквідаваны. З часам перастаў працаваць ізалятар часовага ўтрымання. Раней навагрудская міліцыя ўключала парадку 230 чалавек. Увогуле, раённы аддзел міліцыі выглядаў зусім інакш, чым цяпер – як па структуры, так і знешне. Сучасны будынак РАУС быў пабудаваны толькі ў 1986 г.

Афіцэру трэба шмат працаваць, калі ён хоча быць дастойным свайго звання і мець аўтарытэт у калектыве. Уладзіміру Канстанцінавічу ўсё ўдалося, магчыма, таму, што ён сапраўды быў на сваім месцы. Пасля сямі гадоў працы следчым яму прапанавалі заняць пасаду першага намесніка начальніка райаддзела, начальніка крымінальнай міліцыі.


– Служба на кіруючай пасадзе зусім іншая, чым, так сказаць, «у полі». Да звычайных якасцей, якімі павінен валодаць супрацоўнік органаў унутраных спраў, дадаецца ўменне арганізаваць не толькі сваю працу, але і ўсяго калектыву. Патрэбна быць упэўненым у сваіх рашэннях, нават самых складаных. Нельга баяцца адказнасці. А яшчэ быць сапраўдным дыпламатам, – перакананы Уладзімір Канстанцінавіч. – Але я б ні адбыўся як міліцыянер і кіраўнік, каб не падтрымка і парады вопытных супрацоўнікаў, з якімі служыў. Гэта В.В. Раманюк, Я.М. Паспелаў, Н.В. Паспелава, Ф.Ф. Гушча, Л.С. Корзун, Э.М. Вераб’ёў, М.Ц. Палубок, Б.Б. Мазур, В.І. Пісарук, В.І. Радчанка і інш. Многаму навучыўся ў начальнікаў райаддзела А.М. Быстрова, Я.А. Саўчука, В.В. Шляхцюка, В.В. Шаталіна, пад кіраўніцтвам якіх давялося служыць. А пасля таго, як у 1991 г. я ўзначаліў Навагрудскі аддзел, сапраўднымі настаўнікамі для мяне сталі Ф.П. Гудзей, а затым і А.А. Белашэўскі – на той час начальнікі абласнога ўпраўлення. Верным таварышам па службе ўвесь час быў І.Л. Фурса, з якім мы падтрымліваем сяброўскія адносіны па сённяшні дзень. Шмат гадоў служыў з П.М. Літвінскім, І.А. Каратаем, П.П. Палавіковым, І.А. Гаўрашам, К.К. Скрундзем, Г.Э. Райманам, А.А. Несцерам і інш. Штогод з задавальненнем сустракаюся з былымі кіраўнікамі суседніх РАУС і калегамі з роднага аддзела.


– Пасля распаду СССР аператыўная абстаноўка ў краіне вельмі абвастрылася. Не стала выключэннем і Навагрудчына, – расказвае Уладзімір Канстанцінавіч. – Увесь райаддзел працаваў суткамі. Многія супрацоўнікі калі і хадзілі дадому, каб адпачыць, то трымалі пры сабе зброю: і для ўласнай абароны, і каб у любы час быць гатовымі «явіцца» па трывозе. І ні ў каго не ўзнікала жадання паскардзіцца на неспрыяльныя і складаныя ўмовы працы.

Вядома, увесь цяжар службы ў 90-я перанёс і сам кіраўнік. Уладзімір Канстанцінавіч упэўнены – каб калектыў працаваў на сумленнасць, начальнік павінен быць прыкладам.


– Яшчэ на пасадзе намесніка ў пошуках злачынцаў прыходзілася пастаянна ездзіць у іншыя рэгіёны краіны. Год за годам злачынныя групы разрасталіся. Цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў станавілася ўсё больш. Жорсткія і адкрытыя грабяжы, разбоі, рэкет на дарогах. За суткі аператыўна-следчая група аддзела магла ажыццявіць каля 10 выездаў, – працягвае размову пра службовыя будні У.К. Змітрэвіч. – Нашы намаганні не прапалі дарэмна, і абстаноўка ў раёне стабілізавалася. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што ў гэтым заслуга выключна тых людзей, якія служылі ў навагрудскай міліцыі. Сфарміравалася каманда аднадумцаў, высокапрафесійных і па-сапраўднаму адданых сваёй справе супрацоўнікаў – ад намеснікаў і кіраўнікоў падраздзяленняў да радавых міліцыянераў. Кожны быў на сваім месцы.

Нездарма за вопытам да навагрудскіх міліцыянераў прыязджалі калегі з усёй вобласці. На базе раёна праходзілі выязныя калегіі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама і МУС. У раёне пабывалі ўсе міністры ўнутраных спраў Беларусі, якія на той час узначальвалі ведамства. Пра наш аддзел у 2005 г. Беларусьфільм нават зняў дакументальную стужку.


– Вялікую падтрымку ў вырашэннні многіх службовых задач пастаянна аказвалі гарвыканкам і райвыканкам. У паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы вельмі дапамагалі гаспадаркі раёна і гарадскія прадпрыемствы, – дадаў былы начальнік РАУС.

Падчас сустрэчы з Уладзімірам Канстанцінавічам мы не гаварылі пра прызнанне яго заслуг. Але, гартаючы кнігу аб гісторыі міліцыі Гродзенскай вобласці, яго імя я прачытала адразу на трох старонках, дзе змешчаны звесткі аб уладальніках высокіх узнагарод. У 2000 г. У.К. Змітрэвіч занесены ў Кнігу гонару МУС Беларусі. У 2003 г. яму ўручаны нагрудны знак «Ганаровы супрацоўнік МУС Рэспублікі Беларусь». У 2007 г., ужо ў адстаўцы, Уладзімір Канстанцінавіч занесены ў Кнігу гонару ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама.

 

– І хоць мне не раз паступалі прапановы заняць больш высокія пасады, я застаўся жыць і працаваць у родным горадзе. Магчыма, таму і адчуваў асаблівую адказнасць перад жыхарамі раёна, якім ніколі не баяўся глядзець прама ў вочы, – падзяліўся напрыканцы Уладзімір Канстанцінавіч Змітрэвіч. – З нагоды юбілею аддзела і Дня беларускай міліцыі хачу ветэранам МУС і дзеючым супрацоўнікам органаў унутраных спраў пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, поспехаў у службе і Божай дапамогі ва ўсіх справах.

Анастасія Пятрова, "НЖ"