У Навагрудскім раёне знізілася нараджальнасць і ўступленне ў шлюб навагрудчан (+Інфаграфіка)

У Навагрудскім раёне знізілася нараджальнасць і ўступленне ў шлюб навагрудчан (+Інфаграфіка)

15 июля 2018 767

Паводле статыстычных даных аддзела ЗАГС па Навагрудскім раёне, за шэсць месяцаў бягучага года, у параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года, нязначна, але знізілася  як нараджальнасць, так і ўступленне ў шлюб навагрудчан.

 

Жаданне стаць баць­камі

Як паведаміла начальнік аддзела ЗАГС Навагрудскага райвыканкама Нэлі КОЗАЛЬ, найбольшая колькасць нараджэнняў зарэгістравана ў Любчанскім (10), Нягневіцкім (6) сельвыканкамах.

Сярэдні ўзрост мам – 27 гадоў. А вось самай маладой маме на момант нараджэння дзіцяці было 16 гадоў. За першае паўгоддзе 2018 года ўсяго тры дзяўчыны сталі мамамі ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў. Аднаму з татаў таксама на момант нараджэння дзіцяці яшчэ не споўнілася 18 гадоў.

Сярэдні ўзрост татаў у Навагрудскім раёне – 30 га­доў. У той жа час татамі становяцца і ў больш сталым узросце. Так, два мужчыны сталі татамі ва ўзросце больш за пяцьдзясят гадоў. У бягучым годзе шэсць жанчын захацелі стаць мамамі пасля 40, 45 гадоў.

Сярод жаночых імён у нашым раёне зараз лі­дзіруе Аня. Папулярныя і такія імёны, як Сафія, Анастасія, Ксенія, Ульяна. У ліку рэдкіх, якія некалі былі вельмі папулярныя – Сняжана, Вольга, Карына, Алеся. Такімі імёнамі ў нашым раёне названа толькі па адной дзяўчынцы за паўгода.

Сярод мужчынскіх імён у Навагрудскім раёне зараз лідзіруюць Арцём, Максім і Цімафей. Папулярны і такія імёны, як Мацвей, Аляксандр, Іван і Раман.

Пра жаніхоў і нявест

За шэсць месяцаў бягучага года ў раёне зарэгістравана 97 шлюбаў. Як патлумачыла Нэлі Козаль, 46 пар уступілі ў шлюб упершыню.

Маладыя людзі сталі звязваць сябе вузамі Гіменея больш асэнсавана. Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб з пачатку года ў жанчын склаў 28 гадоў, у мужчын 30 (за аналагічны перыяд 2017 года – 29 і 31 адпаведна). У гэтым годзе зарэгістравалі шлюб у даволі сталым узросце – больш за 60 гадоў – адзін мужчына і адна жанчына. А вось за аналагічны перыяд мінулага года жаніхоў ва ўзросце больш за 60 гадоў было пяцёра і толькі адна нявеста ў такім «залатым» узросце.

123

Дзяўчынкі і хлопчыкі: колькі іх?

За шэсць месяцаў года ў Навагрудку з’явілася на свет 197 дзяцей, з іх – 91 дзяўчынка і 106 хлоп­чыкаў. За аналагічны перыяд мінулага года колькасць нованаро­джаных была амаль роўная – 104 дзяўчынкі і 102 хлопчыкі.

Начальнік аддзела ЗАГС Навагрудскага райвыканкама Нэлі Козаль паведаміла яшчэ некалькі цікавых лічбаў дэмаграфічнай статыстыкі. Сярод новых жыхароў Навагрудчыны адна двойня. У сарака сем’ях з’явілася трэцяе дзіця, у васьмі – чацвёртае, у пяці – пятае, у трох – шостае.

Алена Ермакова, «НЖ»