Наталля Коршун - гонар сярэдняй школы №7 г.Навагрудка

Наталля Коршун - гонар сярэдняй школы №7 г.Навагрудка

30 января 2020 1608

У школе Наташу Коршун ведаюць як актыўную, мэтанакіраваную, працалюбівую, творчую і адказную дзяўчыну.Сябры ж дамалёўваюць яе партрэт такімі якасцямі, як шчырасць, вернасць, дабрыня, гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу.


Наташа з першых класаў палюбіла родную мову і літаратуру, працоўнае навучанне: першая настаўніца была такой, што не захапіцца гэтымі прадметамі было немагчыма. У далейшым спіс інтарэсаў папоўніўся: музыка, спорт, праектаванне і мадэліраванне адзенне, захапленне сусветнай класічнай літаратурай і нават мэйкап.

Патэнцыял адоранай вучаніцы заўважылі. Так пачалося насычанае жыццё. Наташа ўжо некалькі год з’яўляецца капітанам школьнай каманды «Арол і рэшка 7», якая прымае ўдзел у інтэлектуальных турнірах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, член БЛІК (Беларускай Лігі Інтэлектуальных Клубаў). У 2019 годзе ў якасці дызайнера і мадэлі разам з іншымі дзяўчынкамі прыняла ўдзел у конкурсе «Жывіца» і атрымала дыплом III ступені на абласным этапе. У гэтым жа годзе атрымала дыплом II ступені на абласным этапе конкурса «Жывая класіка». Зараз Наташа рыхтуецца да ўдзелу ў конкурсе «Таленты Прынёмання 2020» у намінацыі «Тэатральная творчасць. Мастацкае слова».

Акрамя ўсяго гэтага Наташа – алімпіядніца. Вучоба ў дзясятым класе займае значны час, а падрыхтоўка да алімпіяды па працоўнаму навучанню патрабуе не толькі глыбокіх тэарэтычных ведаў, але і практычных навыкаў. Дзяўчына паставіла перад сабой мэту і падпарадкавала ёй усе свае дзеянні. Вынікі і тут не прымусілі сябе чакаць: Наташа атрымала дыплом II ступені на трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды і ў сакавіку будзе абараняць гонар вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.

Я пацікавілася ў Наташы, як яна ўсё паспявае.

– Калісьці Якуб Колас сказаў: «Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш». Дык вось мне падабаецца тое, што я раблю. Я дакладна ведаю, што калі працаваць, то вынікі абавязкова будуць, а цяжкасці толькі загартоўваюць, – адзначыла дзяўчына. – Спаборніцтвы дапамагаюць мне паверыць у свае сілы, а душэўны пад’ём, які я адчуваю, калі разам са мною радуюцца мае бацькі, сябры, настаўнікі, – найлепшая ўзнагарода.

Знаходзіць баланс паміж вучобай, падрыхтоўкай да алімпіяды, актыўным школьным жыццём нялёгка. Але спыняцца на паўдарозе Наташа не прывыкла. Моцны ўнутраны стрыжань, адказныя адносіны да ўсяго, разуменне родных, сяброў, падтрымка настаўнікаў дапамогуць ёй. Мы жадаем нашай зорачцы моцнага здароўя і поспехаў.

 

Вольга Савасцюк, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ №7 г.Навагрудка