Сонечны вецер. Як у Навагрудскім раёне будуюць зялёную эканоміку: ад мегаватаў да цяпла ў дзіцячым садку

Сонечны вецер. Як у Навагрудскім раёне будуюць зялёную эканоміку: ад мегаватаў да цяпла ў дзіцячым садку

30 Ноября 2019 249
Сонечны вецер

Навагрудак вядомы не толькі сваёй багатай гісторыяй. Сёння першую сталіцу ВКЛ называюць беларускім цэнтрам узнаўляльнай энергетыкі. Тут увасобілі не адну цікавую ідэю рэсурсазберажэння. І райцэнтр пакуль адзіны сярод малых і сярэдніх гарадоў, дзе ёсць уласная стратэгія развіцця зялёнай эканомікі. Карэспандэнт «Р» пабачыла, як гэта працуе.

af0396784c7b246c447618d2f6693976.jpg
Будынак інтэрната аграрнага каледжа асвятляюць з дапамогай ветравой устаноўкі.

Першыя крокi

Курс на развіццё бяспечнай для навакольнага асяроддзя эканомікі тут узялі шэсць год таму. Райвыканкам падпісаў Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі (міжнародны праект, фінансуемы Еўрасаюзам), тэрмін якога мінае ў гэтым годзе. Адно з галоўных абавязацельстваў — скарачэнне выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу на 20 працэнтаў. Як паведаміла начальнік аддзела прамысловасці, эканамічнага аналізу і прагназавання райвыканкама Алена Пярко, абавязацельствы практычна выкананы датэрмінова — яшчэ ў мінулым годзе. А мясцовыя ўлады падпісалі новае пагадненне на наступныя дзесяць год, каб і далей паляпшаць экалагічную сітуацыю. Скараціць выкiды вуглякiслага газу плануецца на 30 працэнтаў.

А вось паменшыць выкарыстанне прыроднага газу дапамаглі знакамітыя мясцовыя ветракі, парк якіх пастаянна пашыраецца. Горад знаходзіцца на ўзвышшы 323 метры, а хуткасць ветру на асобных пляцоўках перавышае 8 м/с. А гэта аптымальныя для ўкаранення ветраэнергетыкі параметры. У раёне функцыянуе 20 ветравых установак, большая частка якіх належыць прыватнаму бізнесу.

Для мам и немаўлят

Сонечныя калектары — яшчэ адна «фішка» раёна. Апрабавалі гэтую крыніцу энергіі некалькі год таму — на будынку дзіцячага сада № 10 на сродкі ЕС усталявалі сонечныя вакуумныя калектары, якія падаграваюць ваду ў басейне. Наступным, хто скарыстаў сонца, каб гарантаваць гарачае забеспячэнне, стаў радзiльны дом Навагрудскай ЦРБ.

Бадай, не трэба прыводзіць аргументы, наколькі важная для парадзіх гігіена. А часовыя перабоі з гарачай вадой з-за правядзення прафілактычных ці рамонтных работ раней былі рэгулярнымі. Зараз жа сонечная энергія трансфармуецца ў цеплавую, у палатах і радзільных залах 365 дзён у год можна мыць рукі і прымаць душ.

3bda64875cc10827326653b6871b5a18.jpg
Раддом мясцовай ЦРБ скарыстоўвае для гарачага водазабеспячэння сонечную энергію.

Зараз канец лістапада. На вуліцы хмурна. Прашу паказаць значэнне тэмпературы вады ў сістэме — 41 градус. Але ж сонца на небе няма! Начальнік гаспадарчай службы райбальніцы Андрэй Смаляк тлумачыць:

 Калі дзень пахмурны, вада награваецца цеплавымі насосамі, якія працуюць на электрычнасці. Пры гэтым расход электраэнергіі невялікі — 270 кілават за год. Столькі расходуе трохпакаёвая кватэра за месяц, а тут цэлы корпус, які функцыянуе кругласутачна. Калі здарыцца форс-мажор і электрычнасці не будзе, у ручным рэжыме можна падключыцца да сістэмы гарачага водазабеспячэння ЖКГ.

Андрэй Смаляк адзначае: 40 сонечных калектараў даюць радзільнаму аддзяленню энергіі больш, чым яно спажывае. Каб гэты лішак скарыстаць, праклалі правады ў рэанiмацыйна-анестэзіялагічнае аддзяленне. Укараненне навінкі дазволіла за год працы сонечнай станцыі сэканоміць каля 10 тысяч еўра. Для бальніцы гэта сур’ёзная сума. Наватары хочуць пайсці далей — стварыць замкнуты цыкл, поўнасцю адмовіўшыся ад электрычнай і іншых відаў энергіі пры падагрэве вады. Запраектавана блок-станцыя магутнасцю 47 кілават са 150 фотапанэлямі.

Святло — навуцы

Альтэрнатыўную энергетыку сонца і ветру ўкараняюць і ў мясцовым аграрным каледжы. З верасня будынак інтэрната тут асвятляецца з дапамогай ветравой устаноўкі, а душавы пакой пры кабінеце фізкультуры забяспечваецца вадой, падагрэтай сонечнымi батарэямi. Эканомію ўжо заўважылі: энергаспажыванне інтэрната скарацілася на 200 кілават- гадзін.

Аднак місія вучэбнай установы куды шырэйшая. З мінулага года каледж з’яўляецца інфармацыйна-адукацыйным цэнтрам у сферы энергазберажэння і зялёнай эканомікі. Па-першае, тут сталі рыхтаваць спецыялістаў па ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным скарыстанні прыродных рэсурсаў. На ўзроўні сярэдне-спецыяльнай адукацыі гэта першы ў краіне вопыт падрыхтоўкі такіх спецыялістаў.

 Летась мы без праблем набралі 25 навучэнцаў, — канстатуе эксперт па мiжнародных адносінах каледжа Юрый Літавар. — А сёлета i другую групу.

Па-другое, на базе аграрнага кале-джа з’явіўся вучэбна-кансультацыйны цэнтр, мэта якога — сфармiраваць у насельніцтва экалагічны светапогляд. Прадстаўнікі цэнтра аб’ехалі з лекцыямі ўсе дзіцячыя ўстановы, многія жыхары да iх прыходзяць самі. За год існавання каля тысячы дзяцей і дарослых праслухалі лекцыi аб прыродзе, правільным абыходжанні з адходамі.

На Навагрудчыне кажуць «так» i энергазберагальнаму асвятленню на вуліцах. Некалькі год таму ў пасёлку Любча замест 150 ртутных ліхтароў на трох ажыўленых скрыжаваннях з’явіліся светадыёдныя. Пешаходныя пераходы, якія падсілкоўваюцца ад сонечных калектараў i накапляльнікаў энергіі, асвятляюцца на працягу ўсяго цёмнага часу сутак. Выкіды вуглякiслага газу пры гэтым знізіліся больш чым на 4 тоны ў год. Цяпер такое «разумнае» асвятленне ўсталёўваецца і ў райцэнтры.

КАМЕНТАРЫЙ

338f4999ec7b6d18797fc76dfbfe6a2f.jpg
Сяргей ФЕДЧАНКА, старшыня Навагрудскага райвыканкама:

— З часу падпісання Пагаднення мэраў мы рэалізавалі 5 праектаў матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі i 5 мясцовых ініцыятыў у сферы зялёнай эканомікі. Затрачана больш за 6 мільёнаў долараў. Для ўкаранення карысных інавацый узаемадзейнічаем з Еўрасаюзам, іншымі міжнароднымі арганізацыямі ў фармаце дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Ёсць такая станцыя

Тры гады таму на адзін з грантаў Еўрасаюза пад Навагрудкам пабудавалі станцыю сартавання бытавых адходаў. Каб паглядзець, як зараз працуе аб’ект, едзем у вёску Брацянка.

d59e5db8869841169a82e6a14bc64bc8.jpg

Зараз станцыя пераведзена ў двухзменны рэжым. Колькасць працаўнікоў тут вырасла ўдвая, калі параўнаць з годам уводу ў эксплуатацыю.

— Магутнасці сартавальнай станцыі загружаны на 115 працэнтаў, — расказвае начальнік службы аказання камунальных паслуг Навагрудскага ЖКГ Дзмітрый Плотнікаў. — Адпаведна вырас і працэнт здабывання другасных матэрыяльных рэсурсаў. З цвёрдых бытавых адходаў мы вымаем 8,5 працэнта другаснай сыравіны. А калі браць змесціва спецыяльных кантэйнераў для паасобнага збору смецця, то там доля другаснай сыравіны дасягае ста працэнтаў.

Вось на станцыю прыехаў смеццявоз. Заязджае на спецыяльную платформу, дзе яго ўзважваюць разам са смеццем, пасля выгрузкі — зноў на вагі. Першапачаткова планавалася сартаваць толькі тое, што паступае з кантэйнераў для паасобнага збору, аднак потым вырашылі прапускаць праз станцыю ўсе адходы.

Ля канвеера — некалькі рабочых. Адзін ловіць на стужцы і кідае ў прыёмнікі пэт-бутэлькі, другі — поліэтыленавую плёнку, трэці — тару з-пад бытавой хіміі, чацвёрты — тонкія бляшаначкі з алюмінію. Магнітны сепаратар прыцягвае металічныя часткi. Поўныя прыёмнікі хутка трапляюць пад прэс, які цісне іх у цюкі па 300–400 кілаграмаў.

— Паўтара года таму здаць поліэтылен было праблемна, усё ляжала на складзе, — расказвае адказны майстар лініі сартавання Андрэй Пранкевіч. — Зараз перапрацоўшчыкі самі нас знаходзяць. Закупачная цана поліэтылену, канечне, залежыць ад ступені яго забруджвання, аднак зараз нічога не залежваецца. Пэт-бутэлька проста «ляціць» на адно з магілёўскіх прадпрыемстваў.

Хутка сартавальная станцыя ізноў стане пляцоўкай для рэалізацыі новых ідэй: будзе наладжана вытворчасць вырабаў з адсартаванай сыравіны. Якой менавіта — палімерных гранул ці палімерна-пясчаных вырабаў, — абмяркоўваецца. Для рэалізацыі другога варыянта, па падліках, недастаткова сыравіны — яе патрабуецца разоў у 10 больш, чым зараз нарыхтоўваецца. І гэта з улікам таго, што сюды звозяць другасныя рэсурсы з мабільных i стацыянарных нарыхтоўчых пунктаў.

Магчыма, гэтая праблема хутка вырашыцца. Палімерныя адходы прапаноўваецца прывозіць з Карэліцкага, Дзятлаўскага і Іўеўскага раёнаў.

— Паралельна разглядаюцца i іншыя варыянты выкарыстання адсартаваных біяадходаў, — гаворыць кіраўнік праекта Еўрасаюза і Навагрудскага райвыканкама «Развіццё ўзнаўляльных крыніц энергіі — дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі» Уладзімір Кузьміч. — Надалей плануем з каналізацыйных стокаў, адходаў жывёлагадоўлі і раслінаводства, харчовай прамысловасці вырабляць біягаз. Так знізім нагрузку на наваколле і атрымаем лёгказасваяльныя арганічныя ўгнаенні. Ад ідэі спальвання адходаў мы адмовіліся.

sb.by