Свята першакласнікаў прайшло ў Ладзеніцкай школе

Свята першакласнікаў прайшло ў Ладзеніцкай школе

Свята першакласнікаў прайшло ў Ладзеніцкай школе

05 марта 2021 1081

У сваім жыцці мне давялося наведаць шмат розных цікавых мерапрыемстваў. А вось на Пасвятах пабывала ўпершыню. Арганізавала і правяла яго настаўніца пачатковых класаў Наталля Васільеўна Чубрык.

Тут я даведалася, што такія святы ў нашай школе адбываюцца з 2002 года. У 2002 годзе нашу школу і свята наведаў аўтар, прафесар і першаадкрывальнік інавацыйнага праекта “Этнашкола” Ілья Іванавіч Сучкоў. Наведалі ў розныя гады нас госці з Карэліцкага раёна Лукскай школы, школы № 189 г.Мінска і іншыя. Я лічу, што гэта цудоўна, калі людзей звязвае дружба, шчырыя чалавечыя адносіны. А яшчэ – наша родная мова і фальклор.


Прыемна адзначыць, што ўдзел у свяце прынялі не толькі першакласнікі, але і іх бацькі, настаўнікі і вучні. У зале прысутнічалі людзі трох пакаленняў: бабулі і дзядулі – старэйшае, бацькі і настаўнікі – сярэдняе, дзеці – маладое пакаленне. І вось пры дапамозе гульні Наталля Васільеўна як бы звязала гэтыя тры пакаленні. Іграла музыка, вяночак перадавалі з рук у рукі. Калі музыка сціхала, то той, у каго быў вяночак у руках, чытаў верш, расказваў лічылку, спяваў песеньку з дзяцінства. Гэта было здорава!

А хіба забудзеш урок! Вачаняты дзяцей так пільна пазіраюць на настаўніцу… Адно захапленне! Колькі ж цеплыні і шчырасці ўклалі вучні ў словы, калі чыталі радкі Эдзі Агняцвет “Зямля з блакітнымі вачамі…” На “Ура” была сыграна інсцэніроўка пра бусла. Пранікнёна, узнёсла чыталі вучні цудоўныя вершы Пімена Панчанкі.

Хочацца адзначыць, што дзеці вельмі добра размаўляюць па-беларуску. Таму, калі ўбачыла пастаноўку казкі “Як курачка пеўніка ратавала” склалася ўражанне, што пабывала ў тэатры.

Не менш цікавым і добра арганізаваным быў канцэрт-віншаванне. Проста выдатна, калі адміністрацыя, кожны клас, нават самыя маленькія выхаванцы дзіцячага сада віншавалі першакласнікаў са святам і ўручалі падарункі. Станоўчых эмоцый – не злічыць! Радаваліся і тыя хто віншаваў, і тыя, каго віншавалі.

Не магу не адзначыць яшчэ адзін момант: школа спрацавала зладжана, дружнаі даволі паспяхова. Узаемапавага і ўзаемавыручка панавалі на працягу ўсяго свята.

Мне ад шчырага сэрца хочацца пажадаць плёну ў працы нашым настаўнікам: каб і далей на беларускай зямлі гучала роднае слова, каб маладыя пакаленні захоўвалі і зберагалі традыціі нашага народа.

Ганна Новік,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры,

Наталля Чубрык,

настаўнік пачатковых класаў Ладзеніцкага д/с-БШ