Калі імя тваё – камсамолец

Калі імя тваё – камсамолец

29 октября 2018 653

– «Если тебе комсомолец имя – имя крепи делами своими» – для многіх маладых людзей гэтыя радкі з верша Уладзіміра Маякоўскага былі сапраўдным дэвізам  у 80-я гады мінулага стагоддзя. Мы імкнуліся, каб камсамольскія справы былі цікавымі і карыснымі, згуртоўвалі юнакоў і дзяўчат, – так пачынае расказ пра сваё камсамольскае юнацтва навагрудчанка Ніна Шапуцька.

– Несумненна, шкада, што тыя часы мінулі, але я ўдзячная лёсу, што такая арганізацыя, як камсамол, была ў маім жыцці. Удзел у розных мерапрыемствах, падрыхтоўка камсамольскіх сходаў і канцэртаў – усё гэта зараз прыгадваецца з лёгкім смуткам і выклікае толькі станоўчыя эмоцыі. Шырокаму колу сяброў я таксама ўдзячная камсамолу, – не хавае эмоцыі Ніна Казіміраўна.

Ніна Шапуцька родам з вёскі Рахавец, Пасля заканчэння Вераскоўскай школы паступіла ў Баранавіцкі філіял гандлёва-­эканамічнага тэхнікума і атрымала прафесію бухгалтара. Працаваць прыехала на шклозавод «Нёман» у Бярозаўку. Грамадская актыўнасць, неабыяка­васць і працавітасць дзяўчыны сталі падставай для абрання яе на пасаду сакратара пярвічнай камсамольскай арганізацыі цэха выпрацоўкі №2.

У гэты перыяд яна была прынята ў Камуністычную партыю, закончыла вышэйшую партыйную школу ў г. Вільнюсе.

А потым захварэла мама, і Ніна пераехала ў Навагрудак, каб быць бліжэй да яе. Спачатку працавалі на заводзе металавырабаў у аддзеле забеспячэння, потым на швейнай фабрыцы сакратаром камсамольскай арганізацыі прадпрыемства.

– Камсамольская арганізацыя налічвала 284 чалавекі, – працягвае жанчына. – У нас быў вельмі дружны калектыў. Больш правільна нават будзе сказаць – каманда, бо ўсё мы рабілі разам, не было ў нашай справе абыякавых. Памятаю, як мы рыхтаваліся да нашай першай справаздачнай канферэнцыі. Для ўсіх нас гэта было цікава і хвалююча. І трэба адзначыць, што актыўнасць і дзейнасць моладзі не заставалася незаўважанай: прадпрыемства выдзяляла срод­кі, на якія мы набывалі прызы і падарункі. І няхай гэта быў заахвочвальны сувенір, але і ён заставаўся на доўгую памяць і цешыў кожнага ўдзельніка. Ініцыятыве маладых людзей ніхто не перашкаджаў. Кожны мог выбраць занятак сабе па гусце: праводзіліся спартакіяды, музычныя конкурсы, спаборніцтвы сандружын.

– Мы выпускалі сваю насценгазету, у якой адлюстроўвалі работу прадпрыемства, камсамольскія справы, – дзеліцца Ніна Казіміраўна. – Паказвалі станоўчы вопыт, расказвалі аб перадавіках вытворчасці. Ра­зам з тым адлюстроўвалі і негатыўныя моманты, не баяліся крытыкаваць.

Была вельмі развітай сістэма сацыялістычнага спаборніцтва паміж вытворчымі брыгадамі. Работнікі імкнуліся забяспе­чыць высокія тэмпы росту прадукцыйнасці працы, даваць прадукцыю высокай якасці, асвойваць перадавыя тэхналогіі, дапамагаць адзін аднаму ў працы. Праводзіліся конкурсы прафесійнага майстэрства. Камсамол дапамагаў дзяўчатам і юнакам фарміраваць у сабе лепшыя чалавечыя якасці: сумлен­насць, справядлівасць, дабрыню, узаемадапамогу, працавітасць, пачуццё адказнасці за даручаную справу і пачуццё абавязку перад Радзімай.

345_1

– Мы былі актыўнымі, хуткімі на пад’ём: трэба на суботнік – выходзім! Пасадзіць дрэвы – з ахвотай! З ліку камсамольцаў былі сфарміраваны дабра­ахвотныя народныя дружыны, якія дзяжурылі на танцах, сачылі за парадкам. Пры гэтым нас не трэба было ўгаворваць і прымушаць, – падкрэслівае Ніна Шапуцька.

Энергія маладосці і жаданне зрабіць нешта добрае і карыснае ў гэтым жыцці рухала ўсімі справамі. Аляксандр Віскуб, Васіль Сёмуха, Наталля Стэнька, Людміла Малуха, Вольга Бондар, Сяргей Фалюк, Сяргей Трукшанін, Алена Шрамава, Наталля Альховік, Валерый Янчукевіч, Ларыса Мацко, Ірына Кечко – іх аб’ядноўвае агульнае камсамольскае юнацтва, агульныя справы.

Ужо дванаццаць гадоў Ніна Казіміраўна працуе ў БМУ прасеўшчыцай. У іх невялікай брыгадзе чатыры жанчыны: Кацярына Касперчык, Лідзія Арцюх, Таццяна Філон і яна, Ніна Шапуцька.

– Мы ўсе, можна сказаць, з аднаго пакалення, – усміхаецца жанчына. – Часта прыгадваем мінулыя гады, расказваем пра сябе.

Ніна Казіміраўна ахвотна дзеліцца сваімі ўспамінамі і з дочкамі Вікторыяй і Аленай. Дзяўчаты з’яўляюцца членамі БРСМ і ім цікава, як і чым жылі камсамольцы ў мінулыя гады.

– Усе лепшыя і найбольш значныя падзеі майго жыцця звязаны з камсамолам, – прызнаецца Ніна Шапуцька.


Вольга Навагран, «НЖ»