"Авантуры жыцця Саламеі Русецкай" (да 300-годдзя нараджэння першай жанчыны-ўрача)

"Авантуры жыцця Саламеі Русецкай" (да 300-годдзя нараджэння першай жанчыны-ўрача)

19 марта 2018 1329

Па ўяўленнях нашых продкаў, жанчына – гэта пяшчотнае, слабое стварэнне, якой наканавана лёсам быць клапатлівай гаспадыняй, пакорнай жонкай, паслухмянай дамаседкай. Наша сённяшняя гераіня зусім не адпавядае гэтай характарыстыцы. Саламея Рэгіна Русецкая ўвайшла ў гісторыю як першая на тэрыторыі Рэчы Паспалітай жанчына-ўрач, як неардынарная пісьменніца і асветніца, як смелая вандроўніца і бясстрашная авантурыстка. Жыццё гэтай жанчыны, якая не валодала ні значным капіталам, ні дваранскімі прывілеямі і пры гэтым здолела наведаць мноства краін і паўсюль займала высокае становішча, здаецца вельмі дзіўным і неверагодным для свайго часу.

З Наваградка – у Стамбул

Нарадзілася Саламея Рэгіна ў 1718 годзе ў сям’і Яўхіма Русецкага на Наваградчыне. З якіх слаёў насельніцтва яна паходзіла, нам невядома. Хутчэй за ўсё, бацька быў збяднелым шляхціцам. Па веравызнанні была хрысціянкай, спавядала каталіцкую веру. Адукацыя яе была даволі сціплая. З маладых гадоў Саламея выдзялялася сярод іншых, напрыклад, любіла нежаночы, здавалася б, занятак – стральбу з пісталета.

Дзяўчыну рана аддалі замуж: у чатырнаццацігадовым узросце яна стала жонкай нямецкага ўрача-акуліста Якуба Хальпіра, з якім неўзабаве паехала ў Стамбул. Саламея мела дапытлівы розум і неблагія здольнасці. Яна стала дапамагаць мужу лячыць хворых, навучылася ад яго і яшчэ ад аднаго ўрача з Ірака вылечваць нескладаныя хваробы вачэй. Праз некаторы час жанчына набралася столькі ведаў і вопыту, што атрымала афіцыйны дазвол на медыцынскую дзейнасць. Напачатку яна лячыла захворванні вачэй у жанчын, а пасля і іншыя хваробы як у жанчын, так і ў мужчын. Па мусульманскіх звычаях мужчына, нават лекар, не меў права наведваць гарэм, а прававерныя мусульманкі не мелі права ля­чыць мужчын. Хрысціянка ж Русецкая магла практыкаваць і сярод мужчын, і сярод жанчын, і гэта спрыяла яе папулярнасці. Да яе сталі звяртацца за дапамогай нават высокапастаўленыя султанскія чыноўнікі.

Небяспечнасць турэцкага жыцця

Праўда, лячыць насельнікаў турэцкай сталіцы было вельмі рызыкоўна. Аднаго разу ў двор, дзе жыла Саламея, прыйшлі два янычары, пераапранутыя ў жаночае адзенне і пад чадрой. Яны папрасілі Саламею пайсці з імі нібы да іх хворай маці, нават прапаноўвалі папярэдне апла­ціць дарогу. Але яна адмовілася, бо яе ўжо чакаў вазок, каб везці да іншай хворай. У размову ўступіла суседка, таксама жонка лекара. Жанчына сказала, што менавіта яна мае добры вопыт лячэння, а Саламея нічога не ведае, і згадзілася з імі пайсці. У Турцыі раней сярод жанчын існаваў звычай на­дзяваць на сябе шмат каштоўных упрыгожванняў, калі яны выходзілі з дому. Лекарка прыбралася нібы на свята. На гэта і разліч­валі янычары: яны абрабавалі няшчасную даверлівую жанчыну і забілі яе.

Варта адзначыць, што Саламея была вельмі знаходлівая, рашучая і смелая, і гэта не раз дапамагала ёй у цяжкіх сітуацыях. Аднойчы, калі яе муж ужо амаль вылечыў аднаго важнага саноўніка ад сур’ёзнай хваробы, той нечакана памёр пасля прыёму мікстуры. Сваякі нябожчыка ўжо хацелі звярнуцца да ўлад з хадайніцтвам аб пакаранні смерцю Хальпіра, але Саламея ўгаварыла не рабіць гэтага, а задаволіцца толькі грашовай кампенсацыяй. Затым лекарка выявіла, што падчас прыгатавання лякарства прысутнічаў яшчэ адзін доктар – канкурэнт яе мужа. Яна абвінаваціла ўрача ў тым, што той падмяшаў у мікстуру атруту. Ён прызнаў сваю віну і згадзіўся выплочваць штраф, накладзены на мужа Саламеі.

1_2

Доўгая дарога да мужа

У 1735 годзе Якуб Хальпір паехаў працаваць у Боснію, а праз нейкі час Саламея разам з маленькаю дачкою Канстанцыяй накіравалася следам за мужам. Па дарозе спынялася ў розных гарадах і лячыла дзяцей. Шлях быў вельмі доўгі і небяспечны. Каб трапіць у Сафію, трэба было пераехаць праз Балканскія горы. Саламея апранула мужчынскае адзенне, наняла дзясятак коней і рушыла ў дарогу ў суправаджэнні трох слуг. Шмат прыгод чакала яе. Так, у горадзе Філіпбей з ёй здарыўся выпадак, які ледзь не каштаваў жыцця. Саламея лячыла хворую сямігадовую дачку мясцовага каменданта. Дзяўчынка памерла праз дзве гадзіны пасля таго, як выпіла некалькі кропляў  прызначанага ёй эліксіру. Лекарцы пагражала верная смерць. Выратавала яе тое, што ў прысутнасці раз’юшанага бацькі яна выпіла рэшткі лякарства, каб даказаць яго бясшкоднасць.

У Сафіі Саламея сустрэлася з мужам, які прыехаў палячыцца на мясцовых мінеральных водах. Разам з Хальпірам быў слуга - італьянскі лекар, які стаў для Саламеі выдатным настаўнікам. Ён навучыў жанчыну выпісваць рэцэпты на лацінскай мове, пазнаёміў яе з разнастайнымі фармакалагічнымі пропісямі, а таксама перадаў ёй свае кнігі. Дзякуючы італьянцу Саламея прайшла больш-менш сістэматычны курс медыцынскага навучання.

Новая сям’я

Нечакана з Босніі прыйшла вестка пра смерць мужа. Аўдавеўшая Саламея пераехала ў балгарскі горад Відзін. Якраз у гэты час там вяліся ваенныя дзеянні паміж туркамі і аўстрыйцамі. Саламея вырашыла скарыстацца момантам і выкупіць у турэцкага военачальніка чатырох палонных аўстрыйскіх афіцэраў, каб затым атрымаць за іх выкуп ад родных. Такі “бізнэс” аказаўся даволі прыбытковым: хутка ёй прыслалі добрыя грошы за трох афіцэраў, таму жанчына іх адпусціла. А чацвёртаму палонніку Фартунату Піхельштэйну, за якога родныя не прыслалі выкуп, давялося суправаджаць лекарку далей у яе вандроўках. Тады жанчына яшчэ не ведала, што гэты вымушаны спадарожнік стане яе другім мужам.

Па дарозе ў Расію, ва Украіне, Саламея і выратаваны ёю ваенны павянчаліся, жанчына прыняла скарочаны паланізаваны варыянт прозвішча мужа “дэ Пільштын”. Там жа Піхельштэйн пазнаёміўся з вялікім гетманам літоўскім Міхаілам Радзівілам Рыбанькай, паступіў да яго на службу і пераехаў у Нясвіж. Саламея некаторы час удала займалася медыцынскай практыкай у гэтым беларускім горадзе, але неўзабаве адправілася ў Пецярбург, бо хацела стаць лекаркай пры імператарскім двары.

На службе ў імператрыцы

Пазнаёміцца з расійскай імператрыцай Ганнай Іванаўнай Саламея змагла зноў жа дзякуючы свайму лекарскаму таленту. Аднойчы яе запрасілі ў дом, дзе працавала сляпая прачка. Саламея зрабіла ёй аперацыю, і дзяўчына ўбачыла свет ва ўсіх яго фарбах і праявах. У гэты час у доме ў гасцях былі слугі з царскага палаца, яны ўсё бачылі на свае вочы. Чуткі пра ўмельства замежнай лекаркі дайшлі да імператрыцы, і яе запрасілі ў Зімовы палац.

Першы прыём быў вельмі паспяховым. Як і патрабаваў этыкет, Саламея тройчы стала на калені перад тронам імператрыцы і пацалавала яе руку. На пытанне, чаго яна прыехала ў Пецярбург, дыпламатычная госця хітра адказала, быццам у далёкім Стамбуле чула, што Расіяй кіруе мудрая жанчына, і вельмі захацела пабачыць яе на свае вочы. Гэта вельмі спадабалася Ганне Іванаўне, таму госцю правялі ў вялікі пакой, паставілі для яе ложак пад шаўковым балдахінам, засланы цёплай ярка-чырвонай коўдрай. Так Русецкая паступіла на царскую службу.

У хуткім часе ў Саламеі з’явілася шмат пацыентаў. Прыдворныя дамы звярталіся да яе па дапамогу намнога ахвотней, чым да дактароў-мужчын. Гэта выклікала пэўную зайздрасць з іх боку. Яны папракалі Саламею ў тым, што яна не мае дыплома, а значыць, не мае права і лячыць.  Па яе рэцэптах нават перасталі выдаваць лекі ў прыдворнай аптэцы. Але заступніцтва імператрыцы дапамагло Саламеі адстаяць свой аўтарытэт.

Не змагла Ганна Іванаўна адмовіць лекарцы і ў просьбе падарыць ёй чатырох турэцкіх палонных, за якіх Саламея хацела атрымаць выкуп, як калісьці і за палонных аўстрыйцаў. У хуткім часе жанчына разам з нявольнікамі пакінула Пецярбург і адправілася ў турэцкую зямлю. Але на гэты раз “бізнэс” не ўдаўся. Аказаўшыся у Рэчы Паспалітай, яна вымушана была адпусціць палонных, бо гэтая краіна была ў мірных адносінах з Турцыяй і на яе тэрыторыі забаранялася мець турэцкіх нявольнікаў.

Нягоды сямейнага жыцця

Муж Саламеі Фартунат Піхельштэйн тым часам працаваў харунжым на Палессі, у вёсцы Лахва. Апынуўшыся там, маладая жанчына вельмі засумавала. Хутка яна знайшла прычыну, каб пакінуць палескую глуш: вырашыла паехаць да сваякоў мужа з надзеяй усё ж такі атрымаць грошы за даўні выкуп Фартуната. І, нягледзячы на тое, што чакала дзіця, рушыла ў дарогу. Зноў вазок, запрэжаны коньмі, павёз вандроўніцу праз Польшчу, Сілезію, Маравію, Аўстрыю. Сям’я мужа ветліва сустрэла яе, але бацькі мужа аддалі ёй толькі трэцюю частку выкупу, бо, па іх словах, Фартунат заўсёды іх не слухаўся, патраціў нямала іх грошай ды яшчэ самавольна паступіў на аўстрыйскую ваенную службу.

На жаль, Піхельштэйн аказаўся не толькі непаслухмяным сынам, але і дрэнным мужам.  Вярнуўшыся дадому  з нованароджаным сынам Францішкам-Ксаверыем, Саламея дазналася пра нявернасць мужа. Яна вырашыла жыць асобна, але муж дамогся, што жонка вярнулася да яго. Аднак сумеснае жыццё пасля здрады ўжо не ладзілася. Нягледзячы на тое, што Саламея зноў чакала дзіця, яна вырашыла кінуць мужа і зноў паехала за мяжу, на гэты раз – у Балгарыю. Па дарозе яна займалася лекарскай практыкай, у Бухарэсце ў яе нарадзіўся сын Станіслаў-Костка.

Вандроўная душа

Саламея яшчэ шмат блукала па свеце. Яна займалася медыцынскай практыкай і ў Малдавіі, і ва Украіне, і ў Польшчы. Асабістае жыццё зноў не складвалася. У Варшаве яна пакахала падольскага афіцэра-шляхціца, які быў маладзейшы за яе на сем гадоў, але той прынёс ёй шмат гора. Ён не толькі пражываў набыткі лекаркі, але і быў вінаваты ў смерці старэйшага сына. Ён замкнуў хлопчыка ў сырым халодным склепе, каб той не расказаў маці пра айчымавы п’янкі і забавы. Хлопчык прастудзіўся і памёр. Лекарка вырашыла пакінуць межы няўтульнай Польшчы і паехала ў Расію, а затым – зноў у Стамбул.

У турэцкай сталіцы Саламея хутка заваявала давер і павагу, бо надта паспяхова лячыла сваіх пацыентаў і пацыентак. Неўзабаве яна стала прыдворнай лекаркай султанскага гарэма. У 1760 годзе да яе прыехаў васямнаццацігадовы сын Станіслаў. Маці вельмі прасіла сына застацца з ёю, але ён не паслухаўся і вярнуўся назад на радзіму. Засмучаная адмоваю, Саламея вырашыла наведаць “святыя мясціны” – Палесціну і Егіпет. Ці здзейсніла яна свой намер, назаўсёды застанецца загадкай. На жаль, далейшы лёс гэтай адважнай і авантурнай жанчыны-падарожніцы нам невядомы.

1_1

Кніга мемуараў

Саламея Русецкая пакінула пасля сябе надзвычай цікавы дзённік-кнігу «Авантуры майго жыцця». Запіскі лекаркі нагадваюць неверагодна цікавы прыгодніцкі раман. У іх каларытна адлюстраваны норавы і звычаі розных народаў, кніга змяшчае ўспаміны і развагі наконт тагачасных гістарычных падзей, у ёй ёсць цікавыя замалёўкі-партрэты людзей, якія сустракаліся падчас яе вандровак па краінах Захаду і Усходу. Запіскі Саламеі – гэта багатая і цікавая крыніца па гісторыі і геаграфіі шэрага краін Еўропы сярэдзіны XVIII стагоддзя, у кнізе нават апісаны спосабы лячэння розных захворванняў.  Арыгінал рукапісу захаваўся і зараз знаходзіцца ў Кракаве, у бібліятэцы Чартарыйскіх. У 1993 годзе мемуары «доктара медыцыны і акулістыкі», як сама сябе называла Саламея, былі выдадзены ў Мінску на беларускай мове.

Як бачым, наша зямлячка была сапраўды неардынарнай асобай. Гісторыя авантурнага жыцця гэтай вечнай вандроўніцы магла б проста стаць асновай сцэнарыю якаснага высокабюджэтнага фільма. Яна валодала рашучым характарам, адвагай, знаходлівасцю, мела схільнасць да небяспечных прыгод. Яна не баялася перасякаць тэатр ваенных дзеянняў, бралася лячыць складаныя захворванні. Саламея Рэгіна Русецкая – гэта выдатны прыклад таго, што для мэтанакіраванага, таленавітага і працалюбівага чалавека ўсе дарогі адкрыты, у тым ліку і  тыя, што вядуць да сэрцаў далёкіх нашчадкаў.

 

Наталля  КУР’ЯН, г. Навагрудак