Анжэла Літвін: «Прыгажосць можна намаляваць… іголкай»

Анжэла Літвін: «Прыгажосць можна намаляваць… іголкай»

Анжэла Літвін: «Прыгажосць можна намаляваць… іголкай»

01 июня 2019 1780
У многіх з нас вышыўка крыжыкам асацыіруецца з мінулымі стагоддзямі, калі адным з асноўных заняткаў у жанчын было рукадзелле. Навагрудчанка Анжэла Літвін з гэтым меркаваннем не згаджаецца.
– Вышыўка – мастацтва, і мастацтва сучаснае, – пераканана яна і пацвярджае гэта сваімі – без сумнення! – яркімі і таленавітымі работамі. Да слова, персанальная выстаўка карцін Анжэлы Літвін у гэтыя дні  праходзіць у арт-кутку «Эфект» Навагрудскай гарадской бібліятэкі.
– Мая бабуля Вера Мікіцічна Хіневіч заўсёды была рукадзельніцай, а выраб­леныя ёю вязаныя рэчы з задавальненнем насіла ўся сям’я . Цяпер бабулі 91 год, і яна па-ранейшаму добра вяжа, – расказ­вае пра сябе Анжэла Уладзіміраўна. – Я пачала вязаць у школьным узросце і не бачыла ў гэтым нічога складанага і не­звычайнага. Спіцы, шыдэлак, макрамэ – усё гэта мне падабалася і прыносіла задавальненне.Захапленне вышыўкай прыйшло ўжо ў сталым узросце.
– Мне было 33 гады. Старэйшая дачка Насця вучылася ў школе, і на ўроках працы ў старэйшых класах дзяўчынкі вышывалі крыжыкам. Я спачатку прыглядвалася, а потым папрасіла паказаць мне тэхніку вышыўкі. Першай работай была … мышка, – гаворыць яна. 
– Атрымалася, спадабалася – і неўзабаве я літаральна «захварэла» гэтым відам рукадзелля, – працягвае Анжэла Літвін. – Адзін маленькі «крыжык», другі  – і вось ужо цэлая карціна. Колькі патрэбна такіх «крыжыкаў», каб атрымаўся сапраўдны твор!
Кожную вольную хвіліну яна прысвячае любімаму занятку. «Фільм гляджу – вышываю, гатую абед – тканіна-канва побач», – усміхаецца жанчына.
Вышыўка як прыгожая музыка: супакойвае, расслабляе і дазваляе забыць усё негатыўнае. А яшчэ – гэта цэлы свет, які зачароўвае сваімі магчымасцямі для рэалізацыі самых смелых фантазій. З дапамогай звычайнай іголкі, тканіны і каляровых нітак ствараюцца сапраўдныя творы мастацтва. 
Работы Анжэлы Літвін уражваюць і захап­ляюць сваёй шчырасцю і пяшчотай. Вось немаўлятка салодка спіць на матулінай далоні, а вось анёл сарамліва-сціпла паглядае нам у вочы, а гэта зімовыя прыцемкі ў вёсцы, а вунь лянівы кот на галіне дрэва… Многа карцін выканана ў бела-карычневай гаме. Такое спалучэнне колераў асабліва падабаецца майстру. Сярод работ ёсць іконы. Першую з іх Анжэла Літвін вышыла 10 гадоў таму. Пасля вышыўкі гэтыя іконы былі асвечаны ў царкве. 



Работа над карцінай займае ад трох месяцаў да аднаго года.
– Гэта залежыць ад складанасці выб­ранай тэмы, – тлумачыць Анжэла Ула­дзіміраўна. 
Кожнае палатно натхняе на новыя ідэі, сюжэт становіцца больш складаным і смелым.
– З простымі мне працаваць нецікава, – удакладняе жанчына. 
Яна карыстаецца гатовымі наборамі, якія прадаюцца ў спецыялізаваных аддзелах. Разам з тым стварае і самастойныя сюжэты: дачка Насця, будучы школьніцай, знайшла ў інтэрнэце і распрацавала спецыяльную праграму, з дапамогай якой творчыя задумкі пераносяцца на канву. 
– Мне вельмі хочацца вышыць усю нашу сям’ю, – дзеліцца планамі майстар. – Спадзяюся, што гэта ў мяне атрымаецца.
Вышыўка – не адзінае захапленне Анжэлы Літвін. Яшчэ яна даволі прафесійна займаецца бісерапляценнем. І калі вышыўкай «заразілася» ад дачкі, то бісерам – ад 11-гадовага сына Арцёма. У мінулым годзе работы Анжэлы і Арцёма Літвін былі прадстаўлены на тэматычнай праваслаўнай выстаўцы, прымеркаванай да Вялікадня.
– Мне падабаецца рукадзелле ўвогуле, таму хочацца паспрабаваць розныя яго віды, адзначае яна.
Па прафесіі Анжэла Літвін урач-стаматолаг. У Навагрудскай стаматалагічнай паліклініцы працуе больш як 20 гадоў. Да слова, у мужа Генадзія сугучная прафесія: ён зубны тэхнік. Але гэта не адзінае, што іх яднае. Абодва захапляюцца творчасцю, толькі работы Генадзія маюць практычнае прымяненне: ён працуе з дрэвам. Стол на аснове старой швейнай машынкі, рамантычныя арэлі, утульная альтанка – яго вырабы вызначаюцца акуратнасцю і грунтоўнасцю выканання.  
– Як жа вы ўсё паспяваеце? – шчыра здзіўляюся я. – У вашых сутках больш гадзін ці вы валодаеце асаблівымі сакрэтамі планавання часу?
– На жаль, гадзін столькі ж – 24, але я стараюся нейкія моманты сумяшчаць па меры магчымасцей, – усміхаецца Анжэла Уладзіміраўна. – Сын выконвае ўрокі, а я побач за сталом, і тут жа бісер...
Спрытныя рукі гэтай жанчыны не могуць без працы. І я ўпэўнена, што Анжэла Літвін і яе сям’я парадуюць нас яшчэ новымі відамі творчасці.
Вольга Навагран, «НЖ»