Як працуе гандаль на сяле?

Як працуе гандаль на сяле?

02 января 2024 505

У горадзе сёння нікога не здзівіш аб’ектамі гандлю, якія адкрываюцца адзін за адным. Тут у пакупнікоў ёсць магчымасць выбару – ад цаны да якасці абслугоўвання. А што ж у сельскай мясцовасці, дзе хоць і няма супермаркетаў, але пакупнік не менш патрабавальны. Тут няма магчымасці выбару магазіна, і добра, калі ён ёсць, у іншым выпадку даводзіцца спадзявацца толькі на аўталаўку. Ці дастатковы выбар тавараў, ці якасныя і даступныя цэны ў сельскіх магазінах і аўталаўцы, праверылі падчас маніторынгу член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Эльвіра Сарока і начальнік упраўлення эканомікі, гандлю і паслуг Навагрудскага райвыканкама Вольга Скобля.


Удзельнікі маніторынгу праверылі, як выконваецца Дырэктыва кіраўніка дзяржавы «Аб недапушчальнасці росту цэн», пацікавіліся меркаваннем пакупнікоў, вывучылі асартыментны пералік. Увага звярталася таксама на долю тавараў айчынных вытворцаў і наколькі шырока прадстаўлены ў продажы мясцовыя вытворцы.

– Падчас маніторынгу мы не толькі правяраем цэны, асартымент і наяўнасць тавараў першай неабходнасці, але і стараемся высветліць меркаванне пакупнікоў, наколькі якасна іх абслугоўваюць у магазінах. Перш, чым выехаць на раён, мы правялі «прамую тэлефонную лінію», каб даведацца, якія праблемы існуюць у сферы гандлю і ў чым патрэбна дапамога. Ад жыхароў раёна прагучалі рэкамендацыі і прапановы па паляпшэнні работы гандлёвых аб’ектаў, – адзначыла сенатар Эльвіра Сарока.

Першым гандлёвым аб’ектам на шляху рэйдавай групы стаў магазін «Родны кут» у аг. Нягневічы. Гандлёвая кропка знаходзіцца на балансе Навагрудскага райспажыўтаварыства. У магазіне прадстаўлены шырокі асартымент усёй прадукцыі: малочнай, мясной, каўбасных вырабаў, бакалеі. Як адзначыла начальнік упраўлення эканомікі, гандлю і паслуг райвыканкама Вольга Скобля, асартыментны пералік і ўмовы захоўвання прадуктаў выконваюцца – нараканняў на работу магазіна няма. Пацвярджаюць гэта і пакупнікі, якіх, дарэчы, нягледзячы на дзённы час і суседства прыватнага магазіна, тут шмат. Мясцовыя жыхары станоўча ацэньваюць работу гандлёвага аб’екта.

– Прадавец Людміла Петрыкевіч у нас проста золата, і сам магазін добры, усяго хапае, усё свежае. І асартымент, і абслугоўванне – усё задавальняе, – адзначае пенсіянерка Таццяна Мікалаеўна Даражэй. – Пахваліце і выдзеліце прэмію нашаму прадаўцу – чалавек на сваім месцы. Заўсёды дапаможа вы браць, параіць, што лепш набыць. Магазін вельмі добры, усё можна купіць, а калі трэба – і заказаць можна, прывязуць. Усё задавальняе.

Наступным аб’ектам маніторынгу стаў маршрут аўталаўкі Несутычы-Вінніца-Баярская-Пабрэззе. Згодна з графікам у гэтыя вёскі аўталаўка прыязджае два разы на тыдзень – у аўторак і чацвер. Праўда, на адным з прыпынкаў не знайшлі раскладу работы аднаго з маршрутаў.


Жыхарка в. Пабрэззе Валянціна Іванаўна выказала незадаволенасць тым, што ў вёсцы няма магазіна.

– Аўталаўка добра, але лепш было, калі працаваў магазін. У любы момант сходзіш, што патрэбна купіш. А аўталаўку стой і чакай, калі прыедзе. Вось гэта і не падабаецца. Да работы прадаўца аўталаўкі, вадзіцеля, асартыменту прадуктаў пытанняў няма. Усё ёсць, патрэбны толькі грошы, – гаворыць жанчына.

– Комплекснае развіццё вёскі – адзін з прыярытэтаў сацыяльна- эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Жыхары сельскай мясцовасці павінны атрымліваць тыя ж выгоды і мець такія ж магчымасці, як і гараджане. Гандаль павінен працаваць для людзей. У нашым раёне многае ў гэтай сферы зроблена, але ёсць яшчэ пытанні, якія патрабуюць рашэння. Мінімальныя сацыяльныя стандарты па гандлёвым абслугоўванні насельніцтва ў цэлым у раёне выконваюцца. Разам з тым у бягучым годзе маюць месца працяглыя перыяды закрыцця асобных гандлёвых аб’ектаў Навагрудскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства па прычыне адсутнасці прадаўцоў. Пэўны перыяд не працавалі магазіны ў аг. Шчорсы і Нёўда. Зараз не працуе магазін у аг. Кашалева, – расказала Вольга Скобля. – Маланаселеныя вёскі абслугоўваюць аўталаўкі. У асобныя вёскі аўтамагазін ездіць 3-4 разы. Максімальная колькасць прыпынкаў аўталаўкі ў кожным населеным пункце да 11 прыпынкаў. Прыкладна гадзіна на адзін населены пункт прадугледжана. У выпадку, калі затрымліваюцца з-за ўмоў надвор’я, то прадавец тэлефануе па кантактным нумары, які ёсць у кожнай вёсцы. Увогуле, імкнуцца прыязджаць згодна з графікам. Аднак маюцца выпадкі недастатковага інфармавання насельніцтва аб рэжыме работы. Гэта мы ўбачылі ў в. Пабрэззе. На адным прыпынку адсутнічала інфармацыя аб рабоце аўтамагазіна № 6 па чацвяргах. У бліжэйшы час гэта будзе выпраўлена.

На пастаянным кантролі пытанні забеспячэння жыхароў сельскай мясцовасці неабходнымі таварамі знаходзяцца як у кіраўніцтва Навагрудскага райспажыўтаварыства, так і ў мясцовай улады. Упраўленне эканомікі адсочвае выкананне гандлёвага асартыменту і яго насычанасці, пастаянна трымае на кантролі гэтыя пытанні. Галоўная ацэнка работы гандлёвых аб’ектаў – гэта адсутнасць сур’ёзных заўваг і скаргаў ад вяскоўцаў.


Вольга Пісар, «НЖ»