Сёння споўнілася 100 гадоў з дня падпісання Рыжскага мірнага дагавора

Сёння споўнілася 100 гадоў з дня падпісання Рыжскага мірнага дагавора

Сёння споўнілася 100 гадоў з дня падпісання Рыжскага мірнага дагавора

18 марта 2021 1798
Сёння споўнілася 100 гадоў з дня падпісання Рыжскага мірнага дагавора. Ён стаў завяршэннем савецка-польскай вайны і падзяліў гістарычную Беларусь на дзве часткі.

Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора (18 сакавіка 1921 г.)  значная частка Беларусі ўвайшла ў склад Польшчы. Яна атрымала назву Заходняй Беларусі і ўключыла ў сябе тэрыторыі Віленскага, Навагрудскага, Палескага і ўсходняй часткі Беластоцкага ваяводстваў.

Аб тым, якія падзеі адбываліся на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства, што сабой уяўляла эканоміка, сельская гаспадарка, як жыло насельніцва ў міжваенны перыяд 1921-1939 гадоў, наша размова са старшым навуковым супрацоўнікам УК «Дом-музей А. Міцкевіча ў г. Навагрудку», гісторыкам  Мікалаем ГАЙБАМ.

– Мікалай Паўлавіч, калі было ўтворана Навагрудскае ваяводства, якія змены адбыліся ў адміністрацыйным упарадкаванні?

– Навагрудскае ваяводства было ўтворана на падставе Закона ад 4 лютага 1921 года «Аб унармаванні прававога палітычнага стану на землях, далучаных да Рэчы Паспалітай». Ваяводскім цэнтрам быў абраны Навагрудак, які ўжо меў вопыт ваяводскага статусу ў 1507-1795 гадах. Ён быў найменшым па колькасці насельніцтва ваяводскім горадам з усіх 16 ваяводстваў Польшчы. Тут жыло, згодна з перапісам 1921 года, усяго 6367 чалавек. Суседнія гарады Ліда, Баранавічы, Слонім былі большымі, аднак яны сталі павятовымі цэнтрамі ваяводства ў тагачаснай Польшчы (павятовымі цэнтрамі сталі і такія буйныя гарады, як Гродна, Роўна, Быдгашч, Чанстахова і інш.). Думаецца, на выбар Навагрудка паўплывала тое, што ён не зведаў вялікіх спусташэнняў у гады Першай сусветнай вайны, тут была буйная дарожная развязка ў розных напрамках. Напэўна, адыграла ролю і настальгічнае ўспрыманне Навагрудка як «сталіцы Міндоўга» і радзімы Адама Міцкевіча.

У адміністрацыйным упарадкаванні Навагрудскага ваяводства ў міжваенны перыяд адбываліся пэўныя змены. Напачатку ў яго ўваходзіла 10 паветаў: Наварудскі, Слонімскі, Баранавіцкі, Нясвіжскі, Стаўбцоўскі, Лідскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзісненскі і Дунілавіцкі. З пералічаных тры апошнія ў ліпені 1922 года былі перададзены Віленскай зямлі (пазней – Віленскае ваяводства). Завяршылася фарміраванне тэрыторыі Навагрудскага ваяводства ў 1929 годзе дабаўленнем Шчучынскага павета, які ўтварылі з частак тэрыторый Лідскага і Гродзенскага паветаў.

Першым навагрудскім ваяводам быў прызначаны Уладзіслаў Рачкевіч, які змяніў тут выконваючага абавязкі Чэслава Крупскага. Усяго да 1939 года пасаду навагрудскага ваяводы займалі шэсць чалавек.

Першы будынак, у якім размяшчалася адміністрацыя ваяводства, 

знаходзіўся на тэрыторыі сучаснага вінзавода (да сённяшняга часу не захаваўся)

– Што ўяўляла сабой эканоміка беларускіх земляў, якія ўвайшлі ў склад Польшчы, ці развівалася вытворчасць?

– Эканоміка беларускіх земляў, якія ўвайшлі ў склад Польшчы, мела даволі нізкі ўзровень. Цяжкая прамысловасць адсутнічала. Вядома, улады павінны былі развіваць тут вытворчасць. Але эканоміка Заходняй Беларусі, як паказала жыццё, павінна была выконваць перш за ўсё ролю аграрна-сыравіннага прыдатку больш развітай эканомікі этнічнай Польшчы.

Так, у Навагрудскім павеце меліся толькі прадпрыемствы, занятыя перапрацоўкай прадуктаў сельскай гаспадаркі і асобных відаў мясцовай сыравіны. Непасрэдна ў Навагрудку ў сярэдзіне 30-х гадоў працавала толькі некалькі невялікіх прадпрыемстваў: фабрыка па вырабе кафлі і дахоўкі Лейтнекера, лесапільня, дзве фабрыкі валёнак, сталярная майстэрня, механічна-слясарная майстэрня, млын, павятовая і прыватная друкарні. Найбольшым прадпрыемствам у горадзе была фабрыка кафлі, на якой працавала 18 рабочых, на астатніх – ад 6 да 10 чалавек. Большая частка насельніцтва займалася рамесніцтвам, гандлем, вырошчваннем на продаж агародніны.

Паўночна-ўсходнія (заходнебеларускія) ваяводствы Польшчы не маглі самастойна вырашаць задачы гаспадарчага развіцця і былі вымушаны спадзявацца на цэнтр. Заработную плату рабочыя атрымлівалі ў 1,5 – 2 раза меншую, чым у цэнтральных раёнах Польшчы. Шырокае распаўсюджванне набылі штрафы. На прадпрыемствах адсутнічала сістэма бяспекі, страхавання. Рабочых звальнялі за прыналежнасць да прафсаюзаў, да іншых рабочых арганізацый. Напрыклад, газета «Рольнік Наваградскі» ад 19 мая 1935 года паведамляла, што рабочыя валюшнай фабрыкі  за 12-гадзінны рабочы дзень атрымліваюць 1 – 1,5 злотых. Праца іх цяжкая і шкодная. У памяшканні, як у лазні, з-за густай пары не відаць людзей. У такіх умовах многія хварэюць і вымушаны пакідаць работу.

Навагрудак у 1920-х гг.

– У якім стане знаходзілася сельская гаспадарка, якія вынікі мела аграрная рэформа?

–  Сельская гаспадарка ўяўляла даволі сумную карціну. Ураджайнасць была нізкая. Далёка не кожны двор меў каня, неабходны інвентар і насенне. Падатковая палітыка ўрада насіла жорсткі класавы характар. Памешчыкі плацілі з 1 га зямлі ў 1,5 – 2 раза менш, чым малазямельныя сяляне. Шырока практыкаваўся продаж маёмасці даўжнікоў з публічнага торгу.

У ліпені 1925 года сейм Польшчы прыняў закон аб парцэляцыі і асадніцтве, згодна з якім дробнымі ўчасткамі (парцэлямі) прадаваліся асобныя надзелы памешчыцкай і дзяржаўнай зямлі, уводзілася хутарызацыя сялянскіх гаспадарак і інш. Урад выкарыстаў парцэляцыю для насаджэння на акупіраваных землях польскіх каланістаў-асаднікаў, якія сталі яго ваенна-палітычнай апорай. У пачатку 1933 года ў Навагрудскім ваяводстве было зарэгістравана 2846 гаспадарак асаднікаў, з іх 846 – у Навагрудскім павеце.

Аграрная рэформа прывяла да расслаення сялянства. Калі ў 1921 годзе ў Навагрудскім ваяводстве бядняцкіх гаспадарак з надзелам да 5 га было 68 756, то ў 1931 годзе – ужо 99 682. Налічвалася таксама 17 644 беззямельных сялян.

Ванда Міхалеўская ў кнізе ўспамінаў «Сэрцам і справай» пісала: «Дзве трэці сялянскіх сем’яў на Навагрудчыне мелі свой хлеб толькі да Каляд. Уласную хатнюю жывёлу яны прадавалі, каб заплаціць падаткі. Цукар быў раскошай нават для сярэднезаможных гаспадарак, не кажучы ўжо пра беднякоў. Польскі цукар, недаступны для сялянскіх дзяцей, вывозіўся за мяжу для адкорму англійскіх свіней».

Каб палепшыць сваё жыццё, сяляне шукалі дадатковыя заробкі, але атрымаць такую работу было цяжка, акрамя як у гаспадарках асаднікаў. Але там працавалі ў асноўным за збожжа, пазычанае на насенне. Атрымлівалі за дзень 65-75 грошаў. Цяжкім выпрабаваннем для народа стаў сусветны эканамічны крызіс 1929-1933 гадоў. На 29 жніўня 1931 года ў Навагрудскім павеце было 1621 чалавек беспрацоўных. Прамысловы крызіс пераплёўся з аграрным. Па прызнанні афіцыйных улад, у Навагрудскім ваяводстве ў 1933 годзе 57,4 % сялянскіх гаспадарак не маглі забяспечыць самі сябе.

– Якую палітыку польскія ўлады праводзілі ў адносінах да беларускага насельніцтва?

– Знаходзячыся ў складзе Польшчы, беларусы былі пазбаўлены многіх палітычных, эканамічных правоў, магчымасці развіваць свае культурна-нацыянальныя патрэбы, хаця ўмовы Рыжскага мірнага дагавора абавязвалі польскі ўрад садзейнічаць развіццю нацыянальнасцей.

Па нацыянальным складзе, згодна з перапісам 1921 года, у Навагрудскім павеце беларусаў было 58,8 %, палякаў – 35,4%, яўрэяў – 5,5 %. Па веравызнанні 80,2 % жыхароў павета былі праваслаўныя, 12,3 % – католікі, 7 % – старазаконнікі.

Палітыка польскага ўрада ў адносінах да беларускага насельніцтва, асабліва ў 1930-я гады, як прызнаюць і сучасныя польскія даследчыкі, зводзілася перш за ўсё да яго паланізацыі (апалячвання). Негатыўна адбівалася такая палітыка на стане ўсіх нацыянальных меншасцей. Беларусы, яўрэі, рускія, украінцы, літоўцы, іншыя этнічныя супольнасці не атрымалі магчымасці для паўнапраўнага нацыянальна-культурнага развіцця. Яны спрабавалі сумеснымі намаганнямі супрацьстаяць паланізацыі, але вынік быў мізэрны.

Ужо з сярэдзіны 1930-х гадоў у палітыцы Польшчы ўзмацніліся нацыяналістычныя тэндэнцыі. Быў узяты курс на ўзмацненне паланізацыі. У гэтым напрамку дзейнічала і мясцовая адміністрацыя. Летам 1937 года навагрудскі ваявода Адам Сакалоўскі прадставіў на з’ездзе павятовых старастаў асобны даклад, у якім прапаноўваў ажыццявіць шэраг гвалтоўных мер у галіне культуры і асветы.

Аднак нацыянальныя супольнасці здолелі пазбегнуць поўнай страты этнічнай і культурнай ідэнтычнасці. Мэтавыя ўстаноўкі польскай нацыянальнай палітыкі адносна беларусаў і іншых этнасаў, акрамя палякаў, засталіся нерэалізаванымі.

Навагрудак. Будынак староства

У тэму

Рыжскі мірны дагавор 1921 года – дагавор паміж РСФСР (за сябе і па паўнамоцтве ўрада БССР), УССР з аднаго боку і Польскай Рэспублікай – з другога.

Падпісаны 18 сакавіка 1921 года ў Рызе. Дагавор быў складзены на рускай, украінскай і польскай мовах у трох раўнапраўных экзэмплярах і ўступаў у сілу пасля яго ратыфікацыі. 14 красавіка 1921 года дагавор быў ратыфікаваны Усерасійскім ЦВК, 15 красавіка – сеймам Польскай рэспублікі, 17 красавіка – ЦВК Украінскай ССР.

З ратыфікацыяй дагавора завяршылася савецка-польская вайна (1919-1921).

Неўзабаве пасля ўступлення дагавора ў сілу, у сувязі з падтрымкай польскім урадам антысавецкіх груповак, затрымкамі з вяртаннем савецкіх ваеннапалонных і неспрыяльнай сітуацыяй у лагерах для савецкіх ваеннапалонных, а таксама невыкананнем дамоўленасцей аб раўнапраўі рускіх, украінцаў і беларусаў, якія пражывалі ў Польскай рэспубліцы, у савецкага боку паўсталі прэтэнзіі да польскага боку па пытаннях выканання Польскай Рэспублікай умоў дагавора.

Падрыхтавала Алена ЕРМАКОВА, «НЖ»