Дзеці і падлеткі на несанкцыянаваных акцыях. Ці ўсё так нявінна, як свярджаюць бацькі?..

Дзеці і падлеткі на несанкцыянаваных акцыях. Ці ўсё так нявінна, як свярджаюць бацькі?..

Дзеці і падлеткі на несанкцыянаваных акцыях. Ці ўсё так нявінна, як свярджаюць бацькі?..

01 октября 2020 1285

У апошнія дні на прасторах Інтэрнэту і ў грамадстве актыўна абмяркоўваецца тэма ўдзелу дзяцей і падлеткаў у несанкцыянаваных мітынгах і акцыях. Вядома, самі бацькі, якія на падобныя мерапрыемствы бяруць сваіх сыноў і дачок, нічога страшнага ў гэтым не бачаць і перакананы, што ўсё нармальна. А вось дзяржаўныя органы і службы, якія стаяць на абароне правоў і інтарэсаў юных грамадзян нашай краіны, «б’юць трывогу». Чаму ў такім правядзенні вольнага часу яны бачаць небяспеку? Ці ўсё так нявінна, як свярджаюць законныя прадстаўнікі?

Вывучаючы навіны аб зборах пад бела-чырвона-белымі сцягамі, сапраўды, на фотаздымках і відэа часта можна ўбачыць маленькіх дзетак, якіх бацькі нясуць на плячах ці руках, школьнікаў, якія крочаць побач са сваімі мамамі і татамі. Узнікае лагічнае пытанне: «Навошта?». Не трэба быць «сямі пядзяў у лбе», каб зразумець, што дзецям не месца на несанкцыянаваных акцыях і шэсцях, гэта не забава і не свята.

Абавязак бацькоў – абараняць сваіх дзяцей – замацаваны дзеючым заканадаўствам і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Прыцягваючы непаўналетніх да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, дарослыя здзяйсняюць наўмыснае дзеянне, свядома падвяргаючы дзяцей небяспецы. Аб гэтым заявіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка. Ён звярнуў увагу, што за мяжой такіх выпадкаў нідзе не назіраецца. На думку Ігара Віктаравіча, правапрымяняльную практыку дзеючых заканадаўчых норм у частцы абароны правоў непаўналетніх неабходна ўдасканаліць у адпаведнасці з выклікамі, з якімі Беларусь сутыкнулася.

– Прававы механізм павінен забяспечваць яшчэ большую абарону дзяцей, каб бацькі не падвяргалі небяспецы іх жыццё і здароўе, наўмысна прыцягваючы да ўдзелу ў незаконных акцыях, – канстатаваў намеснік прэм’ер-міністра.


Аб тым, што дзецям не месца на несанкцыянаваных мерапрыемствах, заявіў таксама член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Аляксей Прышчэпскі.

– Па-першае, ёсць Канвенцыя аб правах дзіцяці ААН, Канстытуцыя Беларусі, Закон «Аб правах дзіцяці» і іншыя прававыя акты, якія рэгулююць пытанні адказнасці баць­коў. Калі гаварыць пра тое, што адбываецца на масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах, то тут ёсць парушэнне правоў дзіцяці. Задача дзяржавы і сям’і – гэта абарона дзіцяці. Ці можам мы гарантаваць бяспеку на такім несанкцыянаваным мерапрыемстве? Вядома, не. Відавочна, што дзіцяці там не месца, – сказаў Аляксей Прышчэпскі. – Негатыўная ацэнка таго, што бацькі бяруць з сабой дзяцей на несанкцыянаваныя мерапрыемствы даецца і ў еўрапейскіх краінах. Гэта не толькі наша пазіцыя.

Калі хтосьці з дарослых забыўся ці па нейкіх прычынах не ведаў, нагадваем, што ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах цягне адміністрацыйную адказнасць.

– Згодна з ч. 1 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікеціравання, іншага масавага мерапрыемства, здзейсненае ўдзельнікам такіх мерапрыемстваў, а роўна публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікеціравання, іншага масавага мерапрыемства з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі або правядзення, учыненыя ўдзельнікам такіх мерапрыемстваў альбо іншай асобай, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства, цягнуць папярэджанне, або накладанне штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь, або адміністрацыйны арышт, – тлумачыць пракурор Навагрудскага раёна Аляксандр Шляжко. – Гэтыя ж дзеянні, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, могуць быць пакараны штрафам у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйным арыштам. А калі чалавек дзейнічаў за ўзнагароджанне, то памер штрафу складзе ад 30 да 50 базавых велічынь або яго чакае адміністрацыйны арышт.

– Аналагічным чынам, калі дзіця прымае ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, то на яго таксама можа быць накладзены штраф, калі гэта падлетак, – дадае Аляксандр Уладзіміравіч. – Калі непаўналетні не дасягнуў узросту адміністрацыйнай адказнасці і прыняў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, то будзе разглядацца пытанне аб адміністрацыйнай адказнасці бацькоў за неналежнае выхаванне. У начны час, нават калі ваша дзіця проста выйшла «паглядзець на лю­дзей», але яму няма 16 гадоў і вы не забяспечылі яго суправаджэнне, то на аднаго з бацькоў будзе накладзены штраф згодна з арт. 17.13 КоАП РБ.


– Думаю, у большасці падобных выпадкаў бацькі свядома бяруць дзяцей з сабой на несанкцыянаваныя акцыі і шэсці, каб імі «прыкрыцца», – выказала меркаванне намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга Гізоўская. – Бацькі, якія б палітычныя погляды не мелі, перш за ўсё нясуць адказнасць за жыццё і здароўе сваіх дзяцей. Гэта аксіёма! І ніякія довады і апраўданні тут недарэчныя. Любое несанкцыянаванае масавае мерапрыемства – гэта заўсёды патэнцыяльная крыніца небяспекі. Натоўп і эмацыянальна ўзбуджаныя людзі непрадказальны. У такой сітуацыі здарыцца можа ўсякае. Да таго ж ёсць сярод удзельнікаў падобных акцый і людзі ў нецвярозым стане. І не проста чужыя, а самі бацькі, якія прыйшлі з дзецьмі.

У падобным выпадку камісія па справах непаўналетніх і іншыя службы падымуць пытанне аб сацыяльна небяспечным становішчы дзіцяці. Калі сітуацыя не выправіцца і працягнецца ў тым жа рэчышчы, то верагоднасць таго, што дзіця забяруць з сям’і, вельмі вялікая. Непаўналетні ў такім выпадку змяшчаецца на дзяржаўнае забеспячэнне: у прытулак альбо ў замяшчальную сям’ю на тэрмін да шасці месяцаў. У гэты час з бацькамі вядзецца рэабілітацыйная, аднаўленчая работа, каб вярнуць дзіця ў сям’ю.

У адрозненне ад пратэстаў у Беларусі на Захадзе дарослыя праяўляюць вялікую свядомасць і на мітынгі дзяцей не бяруць.

Незалежны журналіст Люк Рыве таксама выказаўся на гэту тэму: «Дзіця проста не разумее, чаму ўсе гэтыя людзі крычаць слоганы, чаму паліцыя вакол? Навошта ўсе гэтыя сутыкненні? Дзеці проста пачынаюць плакаць, і тое, што іх бацькі бяруць з сабой, гаворыць аб тым, што дарослыя самі не разумеюць, навошта яны ідуць на гэтыя пратэсты. І калі мы бачым, як узнікаюць сутыкненні паміж дэманстрантамі і паліцэйскімі, узнікае жорсткасць, – гэта не месца для дзяцей».

– Псіхіка непаўналетняга – вельмі далікатная сістэма, – пацвярджае педагог-псіхолаг раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Вольга Свораб. – Псіхалагічны шок можа наступіць не толькі ад дзеянняў, накіраваных у дачыненні да яго, але і ад падзей, якія адбываюцца побач. Непаўналетні яшчэ не мае механізмаў псіхалагічнай абароны, не ведае, як рэагаваць на падобную сітуацыю, таму дзеці і падлеткі асабліва востра рэагуюць на такія падзеі. Важна не толькі не браць дзяцей на пратэсты, а яшчэ і поўнасцю засцерагчы іх ад праглядаў агрэсіўнага відэакантэнту. Усё пералічанае для дзіцяці – стрэс, а значыць ёсць вельмі вялікая верагоднасць узнікнення страхаў, з якімі можна і не справіцца.

І нават калі несанкцыянавае мерапрыемства прайшло без здарэнняў, гэта ўсё роўна пакіне след у псіхіцы дзіцяці. Прычым негатыўныя наступствы могуць праявіцца як адразу, так і праз гады. Дык можа бацькам пара задумацца аб сапраўднай, а не выдуманай адказнасці перад сваімі дзецьмі?..

Падрыхтавала Н. Леанідава, «НЖ»

Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц