Трагедыя, якую нельга забыць

Трагедыя, якую нельга забыць

17 Декабря 2018 429

Непрыкметна мінае час… Прайшло ўжо 75 гадоў з дня, калі 232 вязні здзейснілі ўцёкі з навагрудскага гета. Выраслі дзеці, унукі, праўнукі тых, хто неверагоднымі намаганнямі, нягледзячы на голад і хваробы, амаль чатыры месяцы па начах капаў тунэль. Іх жаданне жыць аказалася мацнейшым за смерць, і яны змаглі вырвацца з гета.

Сёння нашчадкі вязняў навагрудскага гета і партызан атрада Бельскага прыязджаюць на Навагрудчыну.

Што ведаюць яны пра страшныя гады Халакосту, пра вялікае імкненне да свабоды іх бацькоў і родных? Вяртанне  да падзей мінулага многім нашчадкам дапамагае адкрыць невядомыя старонкі жыцця іх сем’яў.

IMG_9671Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны Фані Дунец працавала настаўніцай. Дваццацігадовай дзяўчынай яна апынулася ў гета, была сакратаром юденрата. Праз дзесяцігоддзі яе дачка Бэці Коэн прыехала з Ізраіля на радзіму маці. У 2012 годзе, калі нашчадкі ўцекачоў з розных краін свету разам з моладдзю з Навагрудка шукалі тунэль, у Навагрудак прыязджалі муж Бэці, сын і дачка, Сёлета Бэці зноў прыехала са сваёй дачкой Шыран, якая суправаджала маці, хвалюючыся за яе здароўе. Год таму Бэці перанесла складаную аперацыю па перасадцы печані, і ўрачы зусім нядаўна дазволілі ёй падарожнічаць. Яна проста не магла не прыехаць у Навагрудак у 75-ую гадавіну ўцёкаў вязняў гета праз тунэль.

Вялікую частку свайго жыцця Бэці Коэн займаецца даследаваннем лёсу 240 вязняў навагрудскага гета. Яўрэяў, якія выбралі жыццё і ўцякалі праз тунэль, каб з’явіліся на свет іх дзеці і ўнукі. І гэта гісторыя не толькі тых, хто змог выратавацца, але і іх нашчадкаў – другога пакалення.

Пра гады Вялікай Айчыннай Нэлі Ажухоўская нічога не памятае, бо нарадзілася ў 1941 годзе. Яе маці Іду разам з малым дзіцём хавала на хутары непадалёку ад Навагрудка сялянская сям’я. Хто былі іх выратавальнікі і дзе знаходзілася тая вёска, Нэлі не ведае. Вядома толькі, што знаёмага звалі Мікалаем, ён і яго родныя выратавалі іх ад немінучай смерці. 

IMG_9617

– Маё даследаванне пачалося ў 2007 годзе, калі я ўпершыню прыехала ў Навагрудак, – расказала Бэці Коэн. – Падчас наведвання Музея яўрэйскага супраціўлення я прапанавала яго куратару Тамары Вяршыцкай дапамогу ў перакладзе спіса імён вязняў з ідыш на англійскую мову. Гэты спіс, складзены Іцхакам Розенхаусам, вызначаў парадак, па якім людзі павінны былі ўцякаць праз тунэль. Калі я прапанавала сваю дапамогу, то нават і не ўяўляла, што гэта работа запоўніць усё маё жыццё на працягу дзесяці год. Я сустракалася і размаўляла з тымі, хто перажыў гэтыя жудасныя па­дзеі, і з іх нашчадкамі. Працавала з архіўнымі дакументамі і сведчаннямі, звярталася да спецыялістаў па генеалогіі.

Першапачатковы спіс тых, хто ўцякаў праз тунэль, налічваў 130 поўных і няпоўных імён і прозвішчаў. Дзякуючы даследаванням Бэці Коэн, ён дапоўніўся і зараз налічвае больш за 200 чалавек. Спачатку яна расшыфравала імёны, якія можна было прачы­таць, а потым з іншых крыніц дапоўніла спіс імёнамі людзей, пра якіх было дакладна вядома, што яны ўцякалі праз тунэль.

– Займаючыся даследаваннем, сабраўшы ўсю гэтую інфармацыю, я задала пытанне: а што, я пакіну гэта для сябе? –  разважае Бэці Коэн. – І стала працаваць. Думала, што напішу па некалькі радкоў пра кожнага з былых вязняў. Аднак было сабрана столькі інфармацыі, сведчанняў, у якіх была такая мужнасць і смеласць… Так паступова пачала нараджацца кніга, якая ў хуткім часе выйдзе ў свет. І гэта кніга будзе не толькі пра тых, хто ўцякаў праз тунэль, але і пра іх нашчадкаў.

З 232 чалавек, якія ажыццявілі праз  тунэль уцёкі з навагрудскага гета, былі ўстаноўлены імёны 229. Ужывых засталося 125 чалавек, 68 загінулі, лёс 35 невядомы.

Нашчадкаў удзельнікаў уцёкаў Бэці Коэн шукала пры дапамозе базы дадзеных Чырвонага Крыжа і іншых баз дадзеных, звязаных з Халакостам. І не заўсёды гэта работа была хуткай і выніковай. Але яе даследаванні даюць падставу сцвярджаць, што ўцёкі з навагрудскага гета – гэта самыя паспяховыя ўцёкі ў гісторыі яўрэйскага супраціўлення. Да гэтага часу лічылася, што ўцёкі з лагера Сабібор адны з самых паспяховых у Еўропе. Там з 660 чалавек ужывых засталося толькі 60. У навагрудскім гета ўжывых засталося больш за палову.

– Калі я ўпершыню пачала тэлефанаваць нашчадкам тых, хто застаўся ўжывых, я была ў стане шоку, – успамінае Бэці. – Я расказ­вала ім пра ўцёкі з гета ў Навагрудку, а ў адказ чула: Нова… Што? Як гэта звязана з маімі роднымі? Былі і тыя, хто адмаўляўся ве­рыць. Адзін з нашчадкаў сказаў мне: «Мой бацька слабы і хворы чалавек, у яго не атрымалася б уцячы праз тунэль. А калі так, хіба мог ён не расказаць мне пра гэта?».

Шматлікія даследаванні і сустрэчы дазваляюць Бэці Коэн рабіць высновы аб тым, чаму многія з нашчадкаў нават не ведалі аб існаванні навагрудскага гета.

– Тыя, хто перажыў Халакост тут і пераехаў у Ізраіль, саромеліся перажытага, – лічыць Бэці. – А тыя, хто пераехаў у Амерыку, баяліся сказаць, што былі ў партызанах. Іх сувязь з партызанамі маглі палічыць супрацоўніцтвам з камуністамі. У часы халоднай вайны людзі баяліся, што гэтыя звесткі могуць негатыўна паўплываць на атрыманне імі амерыканскага грамадзянства. Яны лічылі, што лепш маўчаць і заставацца ў цені. Акрамя таго, у многіх выпадках тыя, хто выратаваўся праз тунэль, былі адзінымі з іх сем’яў, хто застаўся ўжывых. І ўспаміны пра страту сваіх блізкіх, жонак, дзяцей маглі справака­ваць пачуццё віны, якое яны і так перажывалі. І гэта нежаданне гаварыць звычайна адчувалі дзеці.

– Сярод тых, хто ўцякаў праз тунэль, былі людзі розных узростаў і прафесій, – працягвае Бэці. – Але іх аб’ядноўвала адзінае вялікае жаданне – жыць. Я спадзяюся, што маё даследаванне дапаможа многім убачыць сваіх бацькоў і родных па-новаму і зразумець, што  яны былі мужнымі і адважнымі. Яны смела ішлі насустрач свабодзе, унеслі свой уклад у будаўніцтва тых краін, дзе жылі, дзякуючы таму, што выбралі жыццё. Я ўдзячна Тамары Вяршыцкай, якая натхніла мяне на даследаванне і дапамагла даведацца пра маю сям’ю тое, чаго я не ведала. Вельмі ўдзячна ўладам горада і жыхарам за захаванне памяці аб трагедыі яўрэяў Навагрудчыны.

Дзякуючы адраджэнню гісторыі навагрудскіх яўрэяў, пра лёс сваіх родных даведаліся многія з нашчадкаў былых вязняў і партызан атрада Бельскага. З небыцця да нас вяртаецца слаўны і адначасова трагічны лёс яўрэяў Навагрудчыны.

Алена Ганцэвіч, «НЖ»

 

Усе матэрыялы праекта «Жыць і помніць»:  http://novgazeta.by/category/nashi-proekty/zhyc-i-pomnic/