Як усё пачыналася – год 1919. Устанаўленне савецкай улады на Навагрудчыне. Частка 1

Як усё пачыналася – год 1919. Устанаўленне савецкай улады на Навагрудчыне. Частка 1

17 декабря 2018 2544

1 студзеня 2019 года спаўняецца 100 год з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. БССР як дзяржава праіснавала амаль усё ХХ стагоддзе і  стала падмуркам для сучаснай беларускай дзяржавы.

Пачатак ХХ стагоддзя стаў вельмі складаным і няпростым часам не толькі для Беларусі, але  ў тым ліку і для Навагрудчыны. Не паспела закончыцца Першая сусветная вайна, як пачаліся новыя выпрабаванні: грамадзянская вайна, інтэрвенцыя, голад, разруха, а за імі –  цяжкі перыяд узнаўлення.

Кропкай адліку фарміравання беларускай дзяржавы на савецкай аснове стала правядзенне Першага Усебеларускага з’езда, які быў скліканы ў снежні 1917 года пры фінансавай падтрымцы ўрада Савецкай Расіі. На гэтым з’ездзе быў абраны орган, якому перайшла ўся паўната ўлады на тэрыторыі Беларусі. У прынятай з’ездам рэзалюцыі адзначалася, што дэлегаты, замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, заваяванае Расійскай рэвалюцыяй, пастанавілі стварыць Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў.

На тэрыторыі Навагрудчыны адразу пачалі неадкладна праводзіцца  пераўтварэнні ў розных сферах жыцця. Аб тых па­дзеях  сведчаць дакументы, якія захоўваюцца ў Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі.

1 студзеня 1919 г. у Навагрудку быў створаны Павятовы Рэвалюцыйны камітэт, якому была перададзена ўся ўлада. Рэвалюцыйны камітэт быў часовым органам улады і дзейнічаў да выбару пастаяннага органа – Саветаў. Рэўкам займаўся ваеннымі і гаспадарчымі справамі. Амаль адразу была створана камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і спекуляцыяй.

У адным з першых загадаў павятовага рэўкама было патрабаванне здаць зброю, якая магла захоўвацца ў грамадзян яшчэ з часоў правядзення на гэтай тэрыторыі ваенных дзеянняў. Зброя павінна была здавацца праз сельскія і валасныя камітэты, а затым перадавацца ваеннаму камісару пад квітанцыю.

НД 1592

У горадзе і павеце прыступілі да ўліку ўсёй маёмасці, у першую чаргу прадуктаў першай неабходнасці. У сувязі з тым, што многія гандляры пачалі хаваць тавары ў сваіх жылых памяшканнях і іншых сховішчах, загадам Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Навагрудка было прапісана, што ўсе тавары і прыпасы павінны захоўвацца толькі ў крамах, складах і адпаведных памяшканнях, было забаронена хаваць прадукты і тавары па жылых памяшканнях і іншых сховішчах. У выпадку выяўлення схаваных прыпасаў і прамысловых вырабаў яны будуць канфіскаваны павятовым камітэтам, а віноўныя будуць аштрафаваны.

У некаторых сёлах грама­дзяне пачалі разбіраць пакінутую памешчыкамі ці ўзятую на ўлік мясцовымі саветамі маёмасць. Камітэт тлумачыў, што дадзеная маёмасць не з’яўляецца ўласнасцю вёскі, а агульнанароднай, таму яе нельга самавольна рабаваць.

Г. Кавальчук,

старшы навуковы супрацоўнік гістарычна-краязнаўчага музея.