Па пыльных дарогах Афганістана прайшоў Дзмітрый Язэпаў

Па пыльных дарогах Афганістана прайшоў Дзмітрый Язэпаў

05 февраля 2019 1067

Амаль дзесяць гадоў афіцэры і салдаты праяўлялі ў Афганістане стойкасць і мужнасць, застаючыся вернымі баявой прысязе і воінскаму доўгу. У лёсе кожнага воіна-інтэрнацыяналіста вайна пакінула свой след. Успамінамі аб далёкіх гадах службы на чужыне з намі па­дзяліўся Дзмітрый Дзмітрыевіч Язэпаў.

(Матэрыял з архіва рэдакцыі, быў надрукаваны ў газеце №12 за 15 лютага 2017 года)

Першыя гады службы

Д.Д. Язэпаў лічыць сябе шчаслівым чалавекам: у яго ёсць сям’я – жонка, дзеці, унукі. Але афганская вайна назаўсёды пакінула страшныя ўспаміны. І як бы яму ні хацелася забыцца пра гады службы там, гэта проста немагчыма. А напярэдадні дня вываду войскаў з Афганістана боль і ўспаміны становяцца яшчэ больш адчувальнымі і вострымі.

Пасля заканчэння Магілёўскай сярэдняй школы Д.Д. Язэпаў быў прызваны ў армію. Гады службы праляцелі хутка, і малады чалавек вырашыў застацца служыць далей. Тады ён нават і не думаў, што пазней яго служба будзе азмрочана афганскай вайной. Спачатку на службу ён быў накіраваны ў Чэхаславакію. Служыў у супрацьтанкавай артылерыі вадзіцелем. Паступіў і паспяхова закончыў школу прапаршчыкаў і працягваў службу ў Чэхаславакіі ўжо на пасадзе камандзіра ўзвода. У г. Штурава (Чэхаславакія)  прыехаў не адзін, а з маладой жонкай Антанінай. Тут у сям’і Язэпавых нара­дзілася дачка Аксана. Служба ішла сваёй чаргой. Але наступіў страшны для многіх савецкіх сямей снежань 1979 года. Часць, дзе служыў прапаршчыкам Дзмітрый Дзмітрыевіч, паднялі па трывозе.

Афганістан у маім лёсе

– Для ваеннаслужачых быў вызначаны тэрмін – усяго месяц: здаць пасады, адправіць сем’і дадому. У студзені на самалёце Ту-154 ваеннаслужачыя з нашай вайсковай часці былі накіраваны ў г. Ташкент. Там пераселі на Ан-24 і накіравалі нас на мяжу з Афганістанам. На працягу месяца камплектавалі зброю, тэхніку, а ноччу з 14 на 15 лютага 1980 года мы перасеклі мяжу Афганістана, – успамінае Дзмітрый Дзмітрыевіч Язэпаў. – Пра тое, што ў Афганістане ідзе вайна, мы ведалі. Па маладосці яшчэ не ўсведамлялі ўсёй сур’ёзнасці і адказнасці службы, ды і вайна толькі пачыналася. Мы не разумелі, што гэта і як гэта будзе выглядаць. Нас сустракалі абстрэламі. Складана спачатку было з бытавымі ўмовамі. Прыкладна першыя шэсць месяцаў жылі ў зямлянках. Паступова абуладкавалі быт. Неабходна было адаптавацца ў чужой краіне і з іншым кліматам. Ноччу было холадна, а днём тэмпература падымалася да пяці­дзесяці градусаў. У Афганістане кароткі светлавы дзень, сонца ў гарах мала. Калі падымаліся пясчаныя буры, нічога не было відаць нават на метр перад сабою. А мы ездзілі па пыльных дарогах Афгана, дастаўлялі паліва, боепрыпасы, ежу. Я быў камандзірам узвода падвозу, пад маім камандаваннем было 24 салдаты.

За гады службы на долю Дзмітрыя Дзмітрыевіча выпала нямала выпрабаванняў. Увесь час даво­дзілася служыць у экстрэмальных умовах. Былі абстрэлы, знішчэнне тэхнікі, смерці…

– Усяго хапала. За два гады і дзевяць месяцаў прыйшлося ўбачыць усё: і смерці, і падрывы, і неаднаразова смерць праходзіла побач са мною. Быў і ранены, знаходзіўся на лячэнні, – расказвае Дзмітрый Дзмітрыевіч. – Самы багаты на ўзнагароды ўзвод быў у мяне, бо мае людзі заўсёды былі ў руху і на перадавой. На жаль, першыя раненыя і загінулыя былі таксама ў нашым узво­дзе. Так, былі і чорныя дні, калі мы развітваліся са сваімі сябрамі, саслужыўцамі. Плакалі па-мужчынску стрымана, не хавалі сваіх слёз. Даводзілася нам і гала­даць, і тушканчыкаў елі, калі не было чаго есці. Пра гады службы расказ­ваць можна бясконца, але ці патрэбна. Ды і складана многім сёння зразумець будзе. Мяне лёс пашкадаваў, я вярнуўся дадому жывым. За баявыя заслугі быў узнагаро­джаны медалём, а таксама ордэнам Чыр­вонай Зоркі. Аднак прыйшло толькі пісьмо з паведамленнем з Масквы аб узнагародзе, а ордэн да мяне так і не дайшоў, згубілі.

IMG_8910

Мірны час

Сем’ям ваеннаслужачых выдзялялі кватэры. Сям’я Язэпавых атрымала кватэру ў Навагрудку. Старшы прапаршчык Дзмітрый Дзмітрыевіч служыў адразу ў вайсковай часці 75158, там зараз служаць дачка і зяць, аператарам служыла і жонка Антаніна Пятроўна. У Навагрудку нарадзіўся сын Алег, зараз служыць у МУС. З Навагрудка Д.Д. Язэпаў быў накіраваны на службу ў Германію, затым у Расію ў горад Варонеж. Аднак з часам разам з сям’ёй вярнуўся назад у Навагрудак. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, старшы прапаршчык на працягу 11 гадоў служыў у ваенізаванай ахове. Пасля яе расфарміравання перайшоў у вайсковую часць 14103 вадзіцелем медыцынскага пункта, дзе працуе і сёння.

Нельга забыць

– Афганістан ніколі не забудзеш. А галоўнае – немагчыма забыць сяброў, якія там загінулі, – гаворыць Дзмітрый Дзмітрыевіч. – Са мной служылі і беларусы, і рускія, і ваеннаслужачыя іншых нацыянальнасцей. Служыў і навагрудчанін Дзмітрый Пісарук. Афганістан для многіх стаў месцам цяжкіх выпрабаванняў, але нас аб’ядноўвала братэрская дружба. Ведалі, што ў любой сітуацыі сябар і калега ніколі цябе не пакіне. Гэта і ёсць ваеннае сяброўства. Я заўсёды буду памятаць тых людзей, якія са мной служылі. Мужныя, стойкія, яны дастойна выканалі свой грамадзянскі і інтэрнацыянальны доўг.

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць усім, хто да канца заставаўся верным прысязе. Ад усёй душы пажа­даць моцнага здароўя, аптымізму, дабрабыту, заўсёды толькі мірнага неба над роднай беларускай зямлёй. І каб ніколі Афганістан не паўтарыўся ў лёсах людзей, – дадаў у завяршэнне нашай сустрэчы Дзмітрый Дзмітрыевіч Язэпаў.

Вольга Пісар, “НЖ”

Варта пачытаць:

Афганістан: памяць і боль

 Успаміны трывожаць сэрца