Павел Козіч быў адным з байцоў “нябачнага фронту”

Павел Козіч быў адным з байцоў “нябачнага фронту”

05 февраля 2019 1173

Амаль дзесяць гадоў са снежня 1979 па люты 1989 года – цягнулася афганская вайна. Удзел у ёй прынялі больш за 32 тысячы беларусаў, 772 з іх загінулі, а многія вярнуліся хворымі. Павел Уладзіміравіч Козіч быў адным з байцоў “нябачнага фронту”.

(Матэрыял з архіва рэдакцыі, быў надрукаваны ў газеце №11 за 13 лютага 2016 года)

Час аддаляе ад тых жудасных па­дзей. Аднак памяць пра вайну па-ранейшаму болем адгукаецца ў сэрцы Паўла Уладзіміравіча, асабліва ў дні, якія пазначаны ў гісторыі як завяршэнне афганскай аперацыі.

Павел Уладзіміравіч нарадзіўся ў вёсцы Слабада Уздзенскага раёна, Мінскай вобласці. Там закончыў школу і да службы паспеў яшчэ папрацаваць у леспрамгасе вадзіцелем. 31 сакавіка 1981 года ён быў прызваны на службу ў армію ў Мар’іну Горку ў дэсантныя войскі. Тут яго чакала далейшае размеркаванне, толькі куды, адразу ён не ведаў.

скан_нж.бел_0020

У Афганістане ішлі баявыя дзеянні. Па дарозе, у цягніку, прадчуванні васемнаццацігадовых юнакоў пацвердзіліся: так, іх будуць рыхтаваць у Афганістан. Далей была вучэбка ў Тэрмезе (Узбекістан). Навабранцаў вучылі, як экіпіравацца, колькі і якія боепрыпасы браць з сабою, якія медыкаменты патрэбны ў паходах і рэйдах, як весці сябе з мясцовым насельніцтвам, тлумачылі, чаму вада ў гарах на вагу золата. Выхоўвалі ў іх неабходныя на вайне якасці. Пасля прынятай 9 мая прысягі на верталётах перакінулі ў Афганістан. Для Паўла Уладзіміравіча і яго таварышаў пачалася вайна без лініі фронту. Службу праходзіў старшым ва­дзіцелем у 449-м асобным батальёне трапасфернай сувязі ў 2-й роце матэрыяльнага забеспячэння. Галоўная задача, якая была пастаўлена камандаваннем перад імі, – матэрыяльнае забеспячэнне, дастаўка авіяцыйнай газы. Павел Ула­дзіміравіч заўсёды ехаў першым у галоўнай калоне з афіцэрам.

– Горнымі афганскімі дарогамі перамяшчаліся толькі днём. У гарах днём вельмі горача, а ноччу холадна. Пыл, пясок навокал, дыхаць цяжка было, з часам прызвычаіліся, – узгадвае воін-афганец сёння.

У 1982 годзе Павел Ула­дзіміравіч быў кантужаны і атрымаў раненні. Яго накіравалі ў шпіталь у г. Тахіаташ Каракалпакскай АССР. Тут яшчэ захварэў на жаўтуху. Доўга лячыўся, затым была рэабілітацыя і накіраванне назад у Афганістан. Рота папаўнялася кожныя тры месяцы.

скан_нж.бел_0021

– Складана ўспамінаць, што давялося перажыць за два гады службы. Прайшлі цераз пекла, паварыліся ў вогненным афганскім катле, то ваюючы, то ўціскаючыся ў пыльную зямлю, – гаворыць Павел Ула­дзіміравіч. – І ведаеце, што мне часцей за ўсё снілася на вайне? Што я вярнуўся ў родную вёску, да маці, да родных, а калі вярнуўся, то сніцца пачала наша 2-я рота. І сёння часта сняцца тыя, з кім даводзілася дзяліцца ў гарах хлебам і глытком вады. Яны назаўсёды засталіся ў памяці. Хіба пра іх можна забыцца?

Складанасцей хапіла і на пасляваенны час. Давялося доўга лячыцца. Не мог жыць у шумным горадзе, – далей расказвае Павел Уладзіміравіч. – Падчас знаходжання ў Бараўлянах параілі пераехаць у Навагрудак. Так з 1985 года Навагрудак стаў для мяне другой радзімай. Тут нара­дзіліся два сыны, тут сустрэў сваіх сяброў – воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Вайна пакалечыла маё здароўе. Доўга прыйшлося ўлівацца ў мірнае жыццё. На сваім шляху ў Навагрудку я сустрэў людзей, якія дапамаглі – гэта благачынны цэркваў Навагрудскай акругі протаіерэй Анатолій і матушка Наталля Герасімукі. Шчырыя словы ўдзячнасці хачу выказаць у іх адрас. Я доўгі час працаваў пры царкве і зараз па магчымасці дапамагаю. А таксама ўдзячны сябрам, членам раённага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, – адзначыў П.У. Козіч. – Многія мае таварышы з часам змаглі ўліцца ў мірнае жыццё, многія яшчэ працуюць. Аднак, на вялікі жаль, з кожным годам нас становіцца ўсё менш.

IMG_4334

Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць усім, хто добрасумленна выконваў свой грамадзянскі і воінскі абавязак, да канца заставаўся верным прысязе. Ад усёй душы жадаю моцнага здароўя, аптымізму, дабрабыту, заўсёды толькі мірнага неба над роднай беларускай зямлёй, – сказаў у завяршэнне нашай сустрэчы Павел Ула­дзіміравіч.

* Размяшчэнне фатаграфій можа адрознівацца ад часовых перыядаў жыцця ўдзельнікаў праекта.

Вольга Пісар, “НЖ”

Варта пачытаць:

Редакция газеты "Новае жыццё" начинает новый проект "Афганистан - наша боль, наша память"

Успаміны трывожаць сэрца