Іван Котляр. Права быть самім сабою

Іван Котляр. Права быть самім сабою

22 апреля 2019 1396
Вучоны, педагог, грамадскі дзеяч, ураджэнец Навагрудчыны Іван Котляр праславіў сваю малую радзіму далёка за яе межамі. Прафесар паліталогіі, аўтар кніг і навуковых работ, кіраўнік Беларускай секцыі Міжнароднага таварыства правоў чалавека, ён унёс вялікі ўклад у станаўленне сістэмы адукацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. На мінулым тыдні Іван Котляр пабываў на Навагрудчыне і сустрэўся з моладдзю. Як пачынаўся шлях у навуку звычайнага вясковага хлопца? Якую ролю адыгрываюць правы чалавека ў лёсе прафесара І. Котляра? Якімі прынцыпамі трэба кіравацца, каб дасяг­нуць поспеху? Пачуць адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў зале гарадской бібліятэкі сабраліся навучэнцы Навагрудскага аграрнага каледжа і вучні прававых класаў сярэдняй школы №3. Разам з прафесарам І. Котлярам мы гартаем старонкі кнігі «Асоба: Котляр І.І.» і ўзгадваем асноўныя этапы яго біяграфіі. 1

Родам з Балотца

– Мая малая радзіма – вёска Балотца, што недалёка ад Шчорсаў, – пачынае размову Іван Іванавіч Котляр. – Нара­дзіўся ў звычайнай сялянскай сям’і за тыдзень да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У нашай Шчорсаўскай школе былі выдатныя настаўнікі, дзякуючы якім многія з выпускнікоў атрымалі вышэйшую адукацыю. На мой погляд, такая цяга прос­тых людзей да адукацыі і была адраджэннем вёскі. Бацькі стараліся даць дзецям адукацыю, а ўлады падтрымлівалі гэта. Я ўпэўнены, што менавіта людзі з вёскі маюць вялікія здольнасці і задаткі, трэба толькі працаваць. Зараз нікога з родных у вёсцы няма, таму бываю рэдка. Аднак там жывуць мае добрыя сябры, з якімі вучыўся ў школе. Гэта П. Кавалевіч, В. Радзецкі – вельмі прыстойныя і добрыя людзі. Шкада толькі, што вёска Балотца, дзе, дарэчы, нарадзіўся вядомы ўрач, акадэмік Ф.В. Аляшкевіч, старэе. Ужо ў школьныя гады Іван Котляр пачаў цікавіцца гістарычнымі і палітычнымі падзеямі, чытаў газеты, слухаў радыё. У 1959 годзе стаў студэнтам Магілёўскага педагагічнага інстытута, дзе з захапленнем вывучаў геаграфію, псіхалогію, педагогіку, але ж больш за ўсё падабалася гісторыя. З асаб­лівай удзячнасцю Іван Іванавіч успамінае сваіх выкладчыкаў, якія падтрымлівалі яго імкненне да ведаў. Закончыўшы інстытут, малады настаўнік гісторыі і геаграфіі едзе працаваць у Лунінецкі раён, аднак праз два месяцы яго прызываюць у армію. Пасля жыццё Івана Котляра было цесна звязна з Брэсцкай вобласцю, дзе на працягу некалькіх гадоў ён займаўся камсамольскай і партыйнай работай. Працаваў на розных пасадах: першы сакратар Столінскага райкама Камуністычнага саюза моладзі, загадчык аддзела райкама партыі, супрацоўнік Брэсцкага аблвыканкама.

Да правоў чалавека

У 80-я гады Іван Котляр абараняе кандыдацкую дысертацыю і пераходзіць на работу ў Брэс­цкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна. А ў 90-я гады па ўласнай ініцыятыве праводзіць навукова-­педагагічны эксперымент, арганізаваўшы на шасці факультэтах універсітэта работу спецкурсаў па вывучэнні правоў чалавека. У 1996 годзе І. Котляр выступае на Калегіі Міністэрства адукацыі, дзе расказвае аб выніках эксперыменту і ўносіць прапанову аб стварэнні ў краіне сістэмы адукацыі па правах чалавека. – У 1998 годзе мною была распрацавана праграма адукацыйнага курса «Правы чалавека», які потым быў уведзены ў сістэму вышэйшай адукацыі Беларусі, – адзначае Іван Котляр. – За дзесяць гадоў, на працягу якіх ішло выкладанне курса, каля паўміль­ёна студэнтаў розных вышэйшых навучальных устаноў асвоілі спецкурс па правах чалавека, праграму якога я распрацаваў. На жаль, сёння такога або падобных курсаў не існуе ў праграмах няпрофільных ВНУ.
Менавіта паняцце аб правах чалавека дазваляе вызначыць, што ёсць усёдазволенасць і самавольства. Яно дапамагае быць незалежным без фанабэрыстасці і падпарадкоўвацца, не прыніжаючыся. Не можа быць ні вялікіх людзей, ні людзей, надзеленых дабрачыннасцямі, ні вялікіх народаў, калі яны прыніжаюць правы чалавека.

С.А. Пцічкіна, А.М. Галоўчанка «Асоба: Котляр І.І.»

У 2003 годзе Івану Котляру было прысвоена званне «прафесар паліталогіі». Аднойчы выбраўшы праблему правоў чалавека, ён працуе над ёй усё жыццё. І хаця ў розныя часы стаўленне ўлады і грамадскасці да гэтай тэмы было неаднолькавым, прафесар І. Котляр на працягу пяці­дзесяці гадоў даследуе і вывучае яе глыбока, на навуковай аснове. Яго навуковая спадчына – кнігі, падручнікі, больш чым 200 артыкулаў. Ён прызнаны сусветнай навуковай суполкай як аўтарытэтны спецыяліст у вобласці навучання і выкладання правоў чалавека, які актыўна даследуе сацыяльна-палітычнае развіццё грамадства. IMG_7945

Вучоны, педагог, грамадскі дзеяч

Шлях вучонага І. Котляра быў няпростым – не адразу прыйшло прызнанне і заслужаная ацэнка. Аднак ён пастаянна выступаў з дакладамі на міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях і семінарах, шмат увагі ўдзяляў рабоце вучэбных курсаў, падрыхтоўцы выкладчыкаў, навукова-даследчай рабоце студэнтаў. Дзейнасць прафесара Івана Котляра атрымала рэспубліканскае і міжнароднае прызнанне. У 2001 г. ён быў узнагароджаны ганаровым дыпломам гонару Міжнароднага біяграфічнага цэнтра (Кембрыдж, Вялікабрытанія). Яго імя ўнесена ў энцыклапедыю Міжнароднага бібліяграфічнага цэнтра «Дзве тысячы выдатных мысліцеляў XXI стагоддзя» і «Хто ёсць хто ў XXI стагоддзі», яго біяграфічныя дадзеныя ўключаны ў «Беларускую энцыклапедыю». І.І. Котляр таксама ўзнагароджаны граматамі Міністэрства адукацыі, Брэсцкага аблвыканкама, падзячнымі лістамі Прадстаўніцтва ААН у Беларусі. – Першым складнікам поспеху з’яўляецца працавітасць, – адзначыў, аналізуючы сваю дзей­насць, Іван Котляр. – Многія гады я працаваў па 12 гадзін у суткі, дома, ва ўніверсітэце. Па-другое, гэта інтэлект. Акрамя таго, немагчыма быць вучоным, калі ты не маеш сілы волі і таленту. На маю думку, воля павінна і можа быць прадметам гонару большым, чым талент. Бо талент, гэта прыродная схільнасць, а воля – гэта перамога над сабой, якую штохвілінна заваёўвае чалавек. Яшчэ адзін складнік – цярпенне. І, нарэшце, здаровы лад жыцця. Хачу адзначыць, што ўсё, дасягнутае мною, – гэта вынік і таго, што адбывалася на маім жыццёвым шляху, і заслуга тых людзей, якія мяне разумелі і падтрымлівалі.
Іван Іванавіч – творчая асоба, сапраўдны вучоны, які валодае выдатнымі чалавечымі якасцямі: працавітасцю, дабрынёй сумленнем. Мяне здзіўляюць яго глыбінныя веды, захопленасць ідэямі правоў чалавека, высокая працаздольнасць. Яго ўклад у стварэнне рэспубліканскай сістэмы адукацыі па правах чалавека велізарны.

Ф.М. Лявонаў, прарэктарпа выхаваўчай рабоце  Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта

Сябе прафесар Котляр лічыць чалавекам ідэі. А яго асноўная ідэя – гэта правы чалавека і сацыяльная справядлівасць. Пры гэтым ён адзначае, што любая ідэя не можа ажыццявіцца сама па сабе. Патрэбны людзі, якія павінны прыкласці практычную сілу. Іван Іванавіч і сам актыўна ўдзельнічае ў грамадскім руху за сацыяльную справядлівасць і правы чалавека.
Ён жыў і жыве па законах сумлення. Гэта вызначае яго паводзіны... Цяжкія жыццёвыя ўмовы не сталі для яго перашкодай. Яны заахвочвалі шмат працаваць і імкнуцца да мэты з невычэрпнай энергіяй. Уласныя сілы, цвёрдая воля і мэтанакіраванасць у дасягненні пастаўленай мэты дапамагалі пера­адольваць усе перашкоды.

С.А. Пцічкіна, А.М. Галоўчанка «Асоба: Котляр І.І.»

IMG_7954 – Я заўсёды ішоў дарогай сама­сцвярджэння, самааналізу і самакантролю. Мне было цяжка, бо я не ўваходзіў і не ўваходжу ні ў якія групы ўплыву. Мая дзёй­насць і ў навуцы, і грамадская была ў многім супраць таго, што прынята ў грамадстве і дзяржаве. Самае маё вялікае дасягненне – гэта стварэнне ў нашай краіне сістэмы адукацыі па правах чалавека, – падсумоўвае Іван Котляр. – Я ўнёс свой уклад у тое, каб Беларусь стала еўрапейскай краінай, у тым ліку і ў галіне правоў чалавека. Алена Ганцэвіч, «НЖ» Варта пачытаць: Валянціна Гайшун: «Не ганарыцца, не зайздросціць, жыць з Богам у душы…» Навагрудак. Перыяд ВКЛ і ў складзе Рэчы Паспалітай