Общество

З нагоды 225-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча ў Навагрудку пройдзе свята музыкі і паэзіі

З нагоды 225-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча ў Навагрудку пройдзе свята музыкі і паэзіі

30 сентября 2023 847

І праз сотні гадоў гэтыя радкі Адама Міцкевіча гучаць пяшчотна і кранальна. У іх светлы ўспамін дзяцінства і цяпло бацькоўскага клопату. Навагрудчына – самы мілы на зямлі, самы дарагі сэрцу край, дзе назаўсёды засталася часцінка душы паэта. А колькі любві, болю, тугі ў словах яго прызнання: «І вечна сняцца мне Навагрудак і Туганавічы…». Чытаючы яго творы, пісьмы, успаміны аб ім сучаснікаў, здаецца, што не было ў жыцці Адама Міцкевіча ні аднаго дня, каб ён не ўспамінаў Радзіму. З нагоды 225-годдзя з дня нараджэння паэта 30 верасня ў Навагрудку пройдзе свята музыкі і паэзіі «О, Навагрудскі край, мой родны дом».

Усё, што сёння звязана з імем Адама Міцкевіча, адносіцца да гісторыі літаратуры і ўвекавечання памяці паэта. Ён належыць да тых нямногіх творцаў, якія яшчэ пры жыцці былі ўшанаваны лаўровым вянком геніяльнасці, а веліч, створанага ім, непадуладна часу. Гэтым і тлумачыцца нязгасная ўвага да асобы Адама Міцкевіча, да ўсяго, што напісана ім.

А нарадзіўся Адам у сям’і Мікалая і Барбары Міцкевічаў 24 снежня 1798 года. У навагрудскім доме Адам Міцкевіч жыў да 1815 года. Сваё дзяцінства паэт называў «сельскім і анельскім». Выхаваны на арыгінальнай беларускай культуры і лекцыях прафесараў Віленскага ўніверсітэта, Адам Міцкевіч унёс свой значны ўклад у развіццё нашай культуры, літаратуры. У 1824 г. ён быў вымушаны пакінуць сваю малую радзіму назаўсёды. Расстанне з Айчынай было самым моцным перажываннем паэта. Дзе б ні быў – думкамі дасягаў родных пагоркаў, палёў, лясоў, гасцінцаў, панскіх сядзіб і сялянскіх хат Навагрудчыны. З фатаграфічнай дакладнасцю маляваў у сваіх творах яе краявіды, жыхароў, іх мову і культуру. І сам як бы жыў у «радзіме дум сваіх», «у сэрцы любай Айчыны». Багатая гістарычнымі падзеямі Навагрудчына стала невычарпальнай крыніцай асэнсавання паэтам мінуўшчыны. Мураваныя сцены Навагрудскага замка памяталі асады крыжацкіх войскаў, наезды татараў, штурмы шведаў. Над імі луналі цені славутых князёў. Усё гэта знайшло сваё адлюстраванне ў незабыўных творах Адама Міцкевіча, якія прысвечаны жыццю, працы, каханню, паданням і легендам навагрудчан.

Навагрудская зямля памятае свайго знакамітага паэта. На малой радзіме нямала робіцца па ўшанаванні памяці Адама Міцкевіча.

28 чэрвеня 1931 года быў адкрыты Курган Бессмяротнасці Адама Міцкевіча ў г. Навагрудку – адзіны ў Беларусі Курган у памяць аб чалавеку.

Таксама ў Навагрудку дзейнічае Дом-музей Адама Міцкевіча, адна з цэнтральных вуліц названа ў гонар знакамітага земляка. У 1980 годзе быў устаноўлены бюст А. Міцкевіча перад Домам-музеем паэта, аўтарам якога з’яўляецца гродзенскі скульптар Валянціна Галубкіна. На Малым замку ўзвышаецца прыгожы велічны помнік вялікаму паэту. Яго адкрыццё адбылося 12 верасня 1992 года. Аўтар помніка мінскі скульптар Валяр’ян Янушкевіч. У 2002 годзе перад уваходам у музей з вуліцы Леніна ўстаноўлены камень-валун з профілем паэта – падарунак скульптара-мастака Рычарда Грушы з г. Ліды. Наогул, у свеце ўстаноўлена больш за 70 помнікаў, прысвечаных Адаму Міцкевічу.

Час не аддаліў паэта ад нас – яго нашчадкаў. Творы паэта, у тым ліку паэма «Пан Тадэвуш», – мастацкая энцыклапедыя жыцця Беларусі канца ХVII – пачатку ХІХ стагоддзяў, напісаныя геніяльнай рукой паэта-патрыёта, вучаць нас любіць родны край, сваю Радзіму, быць яе патрыётамі.

Паважаныя навагрудчане, госці горада, 30 верасня адкладзіце ўсе справы і завітайце на свята ў гонар Адама Міцкевіча. Паэтычная атмасфера свята напоўніць вашы сэрцы гонарам і любоўю да свайго земляка.

Вольга Пісар, «НЖ»