Общество

Навагрудчына ганарыцца сваімі землякамі, якія пакінулі значны след у навуцы

Навагрудчына ганарыцца сваімі землякамі, якія пакінулі значны след у навуцы

28 января 2020 3088

У апошнюю нядзелю студзеня адзначаецца Дзень беларускай навукі. Значны след у навуцы пакінулі і нашы землякі – П.І. Цясевіч, Я.Б. Зяльдовіч, І.А. Пятровіч, І.А. Басюк, М.П. Батура, А.М. Булыка, М.В. Жарскі, М.П. Касцюк, У.М. Конан, У.М. Лазоўскі, Я.Р. Лецка, Г.С. Марцуль, Я.К. Новік, В.А. Чамярыцкі, Б.У. Кіт, М.П. Шайбак, Г.Г. Шанько, Г.У. Пальчык і многія іншыя. Навагрудчане дасягнулі пэўных вяршынь на пачэснай дарозе да ведаў, абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, пакінулі свой адметны след у навуцы і асвеце.

 

Беларускі мовазнавец Аляксандр Мікалаевіч Булыка – аўтар больш як 170 навуковых работ па актуальных праблемах беларускага мовазнаўства.

 

Нераспрацаваныя пытанні гістарычнай граматыкі і лексікалогіі, гісторыі і лексікалогіі, гісторыі беларускай літаратурнай мовы і гістарычнай лексікаграфіі – асноўныя накірункі яго даследаванняў.

Сёлета 18 сакавіка споўніцца 85 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Мікалаевіча. Яго малая радзіма – вёска Селішча.

Пасля заканчэння Мольніцкай сямігадовай школы ён паступіў у Навагрудскае педагагічнае вучылішча. У 1954-1959 гг. – студэнт аддзялення беларускай мовы і літаратуры філфака БДУ. Пасля яго заканчэння тры гады працаваў настаўнікам: выкладаў беларускую і рускую мову і літаратуру ў Асоўскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна, быў завучам школы-інтэрната ў Воранаве. З 1962 па 1965 год вучыўся ў аспірантуры Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі. А.М. Булыка – беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН Беларусі. У 1998 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне гуманітарных і сацыяльных навук.

Менавіта падчас вучобы ў аспірантуры быў закладзены трывалы падмурак будучых навуковых дасягненняў і ўмацаваны галоўныя жыццёвыя прынцыпы: выключная працавітасць, патрабавальнасць да вынікаў сваёй працы, мэтанакіраванасць, пошук новых ідэй. Усё гэта дазволіла даследчыку паспяхова абараніць кандыдацкую дысертацыю, а пазней і доктарскую.

У інстытуце мовазнаўства Аляксандр Мікалаевіч займаў розныя пасады з 1965 года, а ў 1992 г. узначаліў аддзел гісторыі беларускай мовы.

Самую высокую ацэнку атрымалі навуковыя працы А.М. Булыкі, прысвечаныя пытанням фарміравання слоўнікавага складу беларускай мовы.

Вялікі ўклад вучонага і ў айчыннае скарыназнаўства. Ім напісаны шэраг грунтоўных артыкулаў, прысвечаных адлюстраванню фанетычных рыс беларускай мовы ў скарынаўскіх выданнях.

Добра вядомыя ў нашай краіне падрыхтаваныя ім арфаграфічныя і перакладныя лексікаграфічныя даведнікі.

 

Нёманская зямля багатая на таленты. Сярод ix пачэснае месца займае і Аляксей Уладзіміравіч Рагуля, беларускі крытык і літаратуразнаўца, культуролаг, педагог.


Родам Аляксей Уладзіміравіч быў з вёскі Сенна. Сёлета 25 сакавіка таксама споўніцца 85 гадоў з дня нараджэння нашага вядомага земляка.

З дзяцінства будучы даследчык быў зачараваны культурнай і гістарычнай спадчынай сваёй радзімы. Сялянскі асяродак з моцнымі народнымі традыцыямі, з духам беларускасці, дзе галоўнымі каштоўнасцямі былі чалавечнасць, духоўнасць, маральная чысціня, працавітасць, павага да ведаў, фарміраваў светапогляд будучага вучонага і педагога. Любоў да беларускай культуры, да лірычна-шчаслівай народнай песні, пачутай ад маці, вучоба ў беларускамоўнай школе, уражанне ад духу агульнай непакоры польскаму рэжыму – усё гэта запала ў душу і вызначыла жыццёвыя сцяжыны.

Пасля заканчэння Любчанскай сярэдняй школы юнак год працаваў загадчыкам хаты-чытальні ў Сенне. Потым вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, настаўнічаў. Гэта былі «універсітэты» жыцця, гады плённай творчай педагагічнай дзейнасці. Выкрышталізоўваўся талент выкладчыка, метадыста, выхавальніка.

Аляксей Уладзіміравіч прыйшоў на кафедру беларускай літаратуры Мінскага педінстытута ў 1970 годзе з гэтай навучальнай установай звязана ўсё далейшае жыццё даследчыка: тут ён закончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю, напісаў першыя літаратурна-крытычныя артыкулы для рэспубліканскага друку. Плённая праца літаратуразнаўцы ўвасобілася ў кнігах «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. 1917-1940», «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. 1941-1980». Аляксей Уладзіміравіч таксама прымаў удзел у складанні Збору твораў К. Чорнага у 6 тамах. У 1990 годзе выйшлі зборнікі літаратурна-крытычных артыкулаў «Імгненні…», «Пафас станаўлення».

Аляксея Рагулю ў нашай краіне ведаюць як аўтара прац па методыцы выкладання беларускай літаратуры ў школе, сааўтара «Методыкі выкладання беларускай літаратуры» і як аднаго ca складальнікаў падручніка-хрэстаматыі, а таксама праграмы па беларускай літаратуры для сярэдняй школы.

Высокі інтэлект даследчыка і выкладчыка ў спалучэнні з вулканічнай энергетыкай, актыўнай жыццёвай пазіцыяй і разам з тым чалавечай прыстойнасцю, добразычлівасцю абумовілі павагу, аўтарытэт у педагагічным і навуковым асяродку. За плённую працу ў галіне асветы А. Рагуля ўзнагароджаны знакам «Выдатнік асветы».

На факультэце беларускай філалогіі і культуры Мінскага педінстытута ў 1992 г. была створана кафедра тэорыі і гісторыі культуры, якую ўзначаліў Аляксей Уладзіміравіч. А. Рагуля – член-карэспандэнт Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі. А за 35 гадоў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка стаў другім домам для Аляксея Уладзіміравіча, яго творчай лабараторыяй.

У вёсцы Вераскава нарадзіўся яшчэ адзін славуты вучоны, знакавая фігура ў навуковай гуманітарнай прасторы – беларускі філосаф і літаратуразнавец Уладзімір Міхайлавіч Конан.

 

Яго імя ведаюць далёка за межамі Бацькаўшчыны. Праз свае шматлікія навуковыя працы ён папулярызаваў беларускую навуку і культуру на прасторах Еўропы і Амерыкі. Адкрыў забытыя імёны нашых выдатных творцаў – вучоных, пісьменнікаў, рэлігійных дзеячаў.

У 1959 годзе скончыў БДУ, адразу працаваў настаўнікам і дырэктарам Стражоўскай школы на Вілейшчыне. Выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

З 1962 па 1990 гады Уладзімір Міхайлавіч працаваў у інстытуце філасофіі АН Беларусі, дзе займаў пасады загадчыка сектара эстэтыкі і сацыяльнай псіхалогіі, загадчыка аддзела гісторыі і тэорыі культуры нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны. З 2005 года ён вядучы навуковы супрацоўнік навукова-асветнага цэнтра пры Беларускім дзяржаўным універсітэце імя Максіма Танка, а праз год – вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.

З’яўляўся членам саветаў па абароне доктарскіх дысертацый Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, навуковым кансультантам шэрага выдавецтваў і часопісаў.

Уладзімір Конан друкаваўся з 1963 года і з’яўляецца аўтарам амаль 30 манаграфій і брашур, звыш тысячы навукова-даследчых артыкулаў у розных галінах гуманітарных навук. У сваіх навуковых працах ён даследаваў праблемы філасофіі і культуралогіі, гісторыю эстэтычнай думкі, пытанні фалькларыстыкі і літаратуразнаўства Беларусі. У 1984 годзе атрымаў дзяржаўную прэмію Беларусі.

За год да смерці навукоўца (памёр 06.06.2011 года) выйшаў першы з трох тамоў «Гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі» – праца, якая падсумавала тое, што ён даследаваў усё жыццё.

 

Падрыхтавала Вольга Пісар, «НЖ»,
з выкарыстаннем матэрыялаў

Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея