Общество

Ксёндз Юрый Жэгарын: “Верыць трэба не розумам, а сэрцам”. У інтэрв’ю “НЖ” святар расказаў пра сябе і не толькі

Ксёндз Юрый Жэгарын: “Верыць трэба не розумам, а сэрцам”. У інтэрв’ю “НЖ” святар расказаў пра сябе і не толькі

12 апреля 2020 3210

Калі мы выбіраем будучую прафесію, то часцей за ўсё думаем пра яе запатрабаванасць на рынку працы. Часам ідзём за сваёй марай або сямейнымі традыцыямі. А як чалавек прымае рашэнне прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу?

Вось ужо пяць гадоў на Навагрудчыне нясе сваё пастырскае служэнне ксёндз Юрый Жэгарын, настаяцель парафіі Святога Арханёла Міхала г. Навагрудка. Служыць святар не толькі ў горадзе, а таксама ў Любчы. Напярэдадні вялікага свята Уваскрэсення Хрыстова, якое каталіцкія вернікі адзначаць ужо ў гэтую нядзелю, мы папрасілі ксяндза Юрыя расказаць пра сябе і не толькі.

 

Айцец Юрый родам з вёскі Ліпнішкі Іўеўскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, дзе вучыўся ў 2000-2006 гг.

– Прызванне стаць святаром, адчуў, калі яшчэ вучыўся ў 7 класе школы, гледзячы на прыклад веры мясцовага святара, – дзеліцца ксёндз Юрый.

Душпастырскія практыкі ксёндз Юрый Жэгарын праходзіў у в. Макараўцы Бераставіцкага раёна, в. Забалаць Воранаўскага раёна і в. Сапоцкін Гродзенскага раёна. З 2007 па 2011 гг. навучаўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча) на факультэце журналістыкі і сацыяльнай камунікацыі. Адначасова атрымаў багаслоўскую адукацыю, абараніў доктарскую дысертацыю па пастырскаму багаслоўю.


Працаваў святар у Мінску пры канферэнцыі каталіцкіх біскупаў прэс-сакратаром і галоўным рэдактарам інтэрнэт-старонкі catholic.by. Затым быў кіраўніком евангелізацыйна-­інфармацыйнага цэнтра Гро­дзенскай дыяцэзіі. З 3 сакавіка 2015 г. ксёндз Юрый Жэгарын з’яўляецца настаяцелем парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку. Яшчэ некаторы час заставаўся галоўным рэдактарам інтэрнэт-старонкі grodnensis.by (сайт Гродзенскай дыяцэзіі).


– Пастырскае служэнне –  асаблівая праца, – адзначыў святар. – Асноўная задача пастыраў – развіццё парафіяльных абшчын. Важна, каб вернікі аб’ядналіся і сталі не проста выпадковымі знаёмымі, а сапраўднымі аднадумцамі, якія дапамагаюць адзін аднаму ў агульнай справе – справе выратавання сваёй душы. Неабходна, каб чалавек не адчуваў сябе ў храме выпадковым госцем, ад якога нічога не залежыць, а каб храм стаў для яго другім домам, а абшчына – другой сям’ёй.


Для ксяндза Юрыя і яго прыход, і ўся Навагрудчына, сапраўды, сталі домам, у дабрабыт якіх ён укладвае ўсе свае сілы. Вельмі складана пералічыць усё тое, што зроб­лена святаром за мінулыя пяць гадоў для духоўнай асветы навагрудчан, выхавання ў веры маладога пакалення, абнаўлення храма і капліц, згуртавання сямей і інш. Кожны год – вельмі багаты на падзеі і новыя справы.

– За ўсімі духоўна-асветніцкімі мерапрыемствамі, якія мы ладзім, стаіць не толькі мая праца, а таксама самых актыўных прыхаджан. Па меры сваіх сіл і магчымасцей людзі дапамагаюць і ў іх арганізацыі, і ў правядзенні акцый, сустрэч і свят, – удакладняе настаяцель.  


– Вядома, самае прыярытэтнае – духоўнае жыццё, – падкрэсліў ксёндз Юрый. – Прыемна, што ў храме на святой імшы заўсёды шмат людзей рознага ўзросту, у тым ліку дзяцей і моладзі. Праводзім духоўныя размовы і выхаваўчыя сустрэчы з моладдзю ва ўстановах адукацыі, наведваем сем’і і інш. Канешне, ніколі не пакідаю без увагі хворых людзей. Пры храме штогод ладзім рэкалекцыі, курсы катэхізы, святыя місіі і іншыя духоўныя сустрэчы. Арганізуем пілігрымкі ў іншыя парафіі і прымаем вернікаў з розных рэгіёнаў на Навагрудчыне. Усё для таго, каб навучыць людзей верыць не розумам, а сэрцам і ўсяго сябе аддаваць служэнню Пану Богу.


Кожны год адной з галоўных падзей для ўсіх католікаў Навагрудчыны і не толькі становяцца ўрачыстасці з нагоды мучаніцкай смерці 11 сясцёр-назарэтанак, якія 1 жніўня 1943 г. ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і прыгавораных да расстрэлу. Праходзяць богаслужэнні з абавязковым удзелам біскупаў, святароў з розных парафій, манахінь і шматлікіх пілігрымаў.

– Наша парафіяльная супольнасць вялікую ўвагу надае традыцыйным хрысціянскім сямейным каштоўнасцям, таму штогод ладзім фестываль сям’і, які заўсёды збірае вялікую коль­касць навагрудчан, – працягвае размову ксёндз Юрый Жэгарын. – Склаліся ў нашай парафіі традыцыі арганізацыі культурных і дабрачынных мерапрыемстваў. А менавіта музычных і тэатральных выступленняў дарослых, дзяцей і моладзі, тэматычных сустрэч, дабрачынных акцый, дзіцячых ялінак і інш. Працягваем выпускаць газету «Каталіцкі Навагрудак», якая расказвае пра жыццё нашай парафіяльнай супольнасці.


А расказваць ёсць пра што. Чаго толькі варты арганныя і інструментальныя канцэрты, якія праходзяць у касцёле?! Што ні мерапрыемства – то вялікая культурная падзея з удзелам вядомых беларускіх музыкантаў і артыстаў, а бывае і замежных гасцей. Пачуць 200-гадовы арган, які таксама быў адноўлены дзякуючы намаганням ксяндза Юрыя, можна не толькі на святы, але і падчас звычайнай нядзельнай святой імшы.


Нельга не сказаць, як шмат за апошнія гады зроблена для вонкавага абнаўлення касцёла Святога Міхала Арханёла, які ўключаны ў дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Беларусі і з’яўляецца месцам пастаяннага наведвання турыстаў. Так, поўнасцю адрамантаваны фасад, а гэта амаль 3000 м. кв. знешніх сцен храма. Праве­дзены рэстаўрацыйныя работы ўнутры касцёла. Прайшоў рамонт у крыпце, якая знахо­дзіцца пад касцёлам. Завершаны будаўнічыя работы ў былым дамініканскім манастыры пры касцёле, у капліцы г.п. Любча і ў капліцы на старых гарадскіх могілках па вул. Савецкай. Іншымі словамі, адраджаецца не толькі духоўнае жыццё каталіцкіх вернікаў, але і храмы «ўздыхнулі» па-новаму.


І як бы сціпла ні расказваў пра сваё служэнне ксёндз Юрый, каб ні яго асабістыя старанні і ўменне знайсці падыход да людзей, нічога гэтага не было б.

– Дзякуй Богу, вернікі нашай парафіі пачынаюць адчуваць адказнасць за свой парафіяльны касцёл і ўсё больш людзей прыходзіць, каб дапамагаць, – падкрэсліў напрыканцы ксёндз Юрый. – Хачу ўсім падзяка­ваць за дапамогу ва ўсіх справах і ўклад кожнага ў жыццё нашай парафіі. Помніце, за кожны ваш уклад Бог аддзячыць у шмат разоў больш.



Анастасія Пятрова, «НЖ»
Фота з архіва рэдакцыі