Общество

Чалавек-легенда Іван Пячынскі аднаўляе Любчанскі замак

Чалавек-легенда Іван Пячынскі аднаўляе Любчанскі замак

08 апреля 2024 585

На працягу апошніх 20-ці гадоў адну з жамчужын Навагрудчыны – Любчанскі замак – аднаўляе чалавек-легенда, патрыёт сваёй малой радзімы, кіраўнік дабрачыннага фонду «Любчанскі замак» Іван Пячынскі. Іван Антонавіч разам з такімі ж энтузіястамі, як і сам, на бязвыплатнай аснове захоўвае гісторыка-культурную каштоўнасць для будучых пакаленняў. Гэта прыклад таго, як на справе, а не на словах трэба любіць родную Беларусь! На мінулым тыдні на трэцяй Паўночнай (Дазорнай), вежы быў усталяваны купал. Ён зроблены і сабраны на тэрыторыі замка, а зараз ганарова ўзвышаецца над гарадскім пасёлкам Любча.

Абарончая крэпасць і рэзідэнцыя вялікай дынастыі, велічны помнік архітэктуры XVI стагоддзя – Любчанскі замак – прыцягвае і зачароўвае сваёй непаўторнасцю. Знаходзіцца ён на левым беразе ракі Нёман, акружаны з трох бакоў равамі. Стыль замка ўнікальны – перапляценне готыкі і рэнесансу. Непаўторны і незабыўны замак, дзе ўдала спалучаюцца мінулае і сучаснасць, аднаўляецца выключна валанцёрамі на сродкі прыватных спонсараў і дабрачынцаў. Дарэчы, гэта адзіны замак Беларусі, які аднаўляцца такім чынам.

Стан калісьці велічнага будынка не мог не хваляваць ураджэнца г.п. Любча Івана Пячынскага, які стварыў дабрачынны фонд «Любчанскі замак» і пачаў аднаўленне гістарычнай пабудовы. А ў 2009 годзе дабрачыннаму фонду стаў дапамагаць Прыёрбанк. За дваццаць гадоў праз «Летнікі над Нёманам» прайшлі 3300 валанцёраў.

– У замку знаходзілася школа, дзе я вучыўся. І калі праз 30 гадоў сустрэліся з былымі аднакласнікамі, то вельмі ўразіў стан пабудоў. Каштоўнасць гінула… Я не мог раўнадушна на гэта глядзець і ўзяўся за працу. Маімі паплечнікамі сталі родны брат Генадзій Антонавіч і Мікалай Пронька, жыхары пасёлка. Першае, што зрабілі – кансервацыю замка, затым добраўпарадкавалі тэрыторыю, усё было ў дрэвах і кустарніках. Паціху да нас пачалі далучацца валанцёры – студэнты БНТУ, БДТУ. Працавалі ў выхадныя дні. Нават не верыцца, што ўжо ідзе 21-ы год руплівай працы. З пачатку дзейнасці фондам атрымана фінансавая дапамога ў памеры звыш 830 тыс. руб., а ўсе актывы (з амартызацыяй) складаюць звыш 2,5 млн. руб., – расказвае Іван Антонавіч. – Ёсць архітэктурны праект, які зацверджаны Міністэрствам культуры. Ён уключае чатыры вежы, абарончыя сцены паміж імі. Працы на замку было б немагчыма праводзіць без гістарычнага даследавання, якое зроблена дзякуючы даследчыку С.П. Адамовіч. Затым галоўным архітэктарам, доктарам гісторыі і архітэктуры, прафесарам У.В. Трацэўскім быў распрацаваны праект, згодна з якім і вядуцца работы на замку.

Паступова была ўзведзена Паўночная вежа, аднаўленне яе пачалі яшчэ ў 2016 годзе. І вось доўгачаканая падзея – на вежу ўстаноўлены купал. На падыходзе працы па аднаўленні чацвёртай вежы – Паўднёвай (Драўлянай).

– Падчас аднаўлення Паўночнай вежы перш трэба было зрабіць падмурак, – расказвае энтузіяст Іван Пячынскі. – Толькі да ўзроўню замчышча ён 10 м, а шырыня падмурка вежы 3,30 м. Шмат папрацаваць давялося на гэтай вежы: калі ўзводзілі сцены, затрацілі шмат кладачнага матэрыялу і раствору (300 м куб. ці 600 т). З 2016 года да мінулага адбудоўвалі гэту вежу. І за год удалося правесці работы па будоўлі другога паверха і да завяршыць. Вельмі хацелася ўсталяваць купал на вежу, які мы сумесна зрабілі са студэнтамі. Яны апантаны былі гэтай працай. Вельмі хваляваўся, як пройдзе пад’ём купала і як ён будзе глядзецца разам з вежай. Атрымалася ўсё на выдатна, бо не дапусцілі памылак пры распрацоўцы плана пад’ёму і ўсталявання купала.

– Хачу падзякаваць неабыякавым людзям, якія зрабілі свае ўклады ў добрую справу. А таксама кіраўніцтву райвыканкама ў асобе Сяргея Сяргеевіча Чаркоўскага. Мяне ўразіла, з якой шчырай зацікаўленасцю ён адносіцца да прац па аднаўленні замка, як пранікся ідэяй і нашай працай. Часта наведваецца да нас, – адзначае І.А. Пячынскі. – За дапамогу і падтрымку ўдзячны старшыні ААТ «Прынёманскі» І.М. Ярмацу, кіраўніку будаўнічай арганізацыі «ГорДомСтрой» Р.С Фурсе, а таксама намесніку старшыні райвыканкама А.М. Грыцу. На жаль, не магу такіх слоў удзячнасці сказаць у адрас кіраўніка Навагрудскага РУП ЖКГ.

– Драўляная вежа была абабіта вертыкальнымі тарціцамі (дошкамі). У мінулым годзе і сёлета тут мы ўсталявалі 58 паляў на глыбіню 8,5 м. З часам зробім падмурак (абліцуем яго колатым камнем). Паўднёвая вежа таксама будзе высокая і прыгожая, – дзеліцца планамі Іван Антонавіч. – Згодна з праектам мы можам запусціць вакол замка і ваду.

Вежы былі пабудаваны ў розныя часы, таму што валодалі імі розныя магнаты. На жаль, замак у свой час так і не быў дабудаваны. Зараз гістарычную каштоўнасць – Любчанскі замак – даводзіцца аднаўляць паслядоўнікам на чале з І.А. Пячынскім.

Трэба сказаць, што І.А. Пячынскі жыве замкам. І планаў па далейшым аднаўленні ў яго шмат. На бягучы год ужо намечана, зразумела, пры наяўнасці грошай: зрабіць падмурак пад Паўднёвую вежу, накрыць часовым дахам сцяну ад Паўночнай вежы да Заходняй, паступова рабіць прахадную галерэю.

Прыняць удзел у аднаўленні жамчужыны Любчанскага краю можа любы жадаючы, як і зайсці на тэрыторыю замка, палюбавацца архітэктурай, відамі на Нёман, непаўторную прыроду навокал. Наперадзе шмат планаў у Івана Пячынскага і яго паплечнікаў. А калі ў нас ёсць такія людзі, якія жывуць не толькі дзеля сябе, але і для нашчадкаў, захоўваюць гісторыю, то ў нашай краіны ёсць будучыня!

Вольга Пісар, «НЖ».

«Новае жыццё» | Telegram | VK | OK | Facebook |
Instagram | YouTube | TikTok |