У Навагрудку адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта

У Навагрудку адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта

У Навагрудку адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта

08 февраля 2021 782

У нашай краіне яшчэ ў 2004 годзе была прынята Дырэктыва №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны». Гэтае пытанне стала адной з тэм чарговага пасяджэння райвыканкама. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі ход рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы №1 на тэрыторыі Навагрудскага раёна за мінулы год і работу са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, якія паступілі ў райвыканкам і сельвыканкамы ў 2020 годзе.

Сяргей Федчанка:

– Дысцыпліна і грамадская бяспека адносяцца да разраду тых пытанняў, якія заўсёды актуальныя таму, што яны напрамую ўплываюць на жыццё і здароўе людзей. Работа ў гэтым накірунку ў раёне праводзіцца, але яна недастатковая, асабліва калі ўлічваць сітуацыю з пажарамі на тэрыторыі раёна і гібеллю людзей на іх. Узрасла колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці, назіраецца рост злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення. Неабходна прааналізаваць, чаму ў 2020 годзе амаль па ўсіх паказчыках назіраецца пагаршэнне сітуацыі, што мы робім не так, ці не так, як іншыя. Больш увагі неабходна ўдзяляць пытанням прафілактыкі, бо на палову поспех у гэтым кірунку залежыць менавіта ад гэтага. 

Асаблівая ўвага пажарнай бяспецы

Першы намеснік старшыні райвыканкама Алена Сялевіч паведаміла аб праведзенай за мінулы год рабоце па стабілізацыі абстаноўкі з пажарамі і гібеллю людзей на іх. Вынікі і ход рэалізацыі пажарна-прафілактычных мерапрыемстваў рэгулярна разглядаліся на адпаведных камісіях, пасяджэннях, семінарах. Аднак статыстыка – штука неадназначная. Прымаемыя меры дазволілі скараціць у 2020 годзе колькасць пажараў у раёне да 44 (мінус 6 да ўзроўню 2019 года). Аднак колькасць загінулых на пажарах павялічылася з 3 да 6 чалавек (плюс 3 да ўзроўню 2019 года).

Паказчык колькасці пажараў на 10 тыс. насельніцтва ў раёне за 2020 год склаў 9,92 пры сярэдне­абласным паказчыку – 7,2, па колькасці загінулых людзей на пажарах на 100 тыс. насельніцтва – 13,5 пры сярэднеабласным паказчыку – 6,1.

Найбольшая колькасць пажараў за 2020 год прыйшлася на студзень і красавік (па 6 пажараў), а таксама на жнівень, кастрычнік і снежань (па 5 пажараў).

У сельскай мясцовасці ў параўнанні з 2019 годам рост колькасці пажараў назіраецца на тэрыторыі Брольніцкага (з 1 да 2), Кашалеўскага (з 2 да 4) і Уселюбскага (з 3 да 4) сельскіх саветаў. З 6 загінулых на пажарах усе пражывалі ў сельскай мясцовасці на тэрыторыі Уселюбскага, Пятрэвіцкага, Брольніцкага, Валеўскага, Любчанскага і Нягневіцкага сельсаветаў. Усе пажары, на якіх загінулі людзі, адбыліся ў жылым сектары. З ліку загінулых 4 грамадзян адносіліся да катэгорыі адзінокіх і адзінокапражываючых пажылых грамадзян і інвалідаў, 2 чалавекі – непрацуючыя працаздольныя грамадзяне. Прычынай гібелі ў 5 выпадках паслужыла асабістае грэбаванне мерамі пажарнай бяспекі і злоўжыванне спіртнымі напіткамі (у 3 з 5 загінулых ступень алкагольнага ап’янення склала больш за 2 праміле).

Па словах Алены Сялевіч, праведзены аналіз прычын узнікнення пажараў і гібелі людзей на іх за 2020 год паказаў, што асноўнымі прычынамі пажараў з’яўляюцца недастатковая работа з грамадзянамі, якія схільны да злоўжывання спіртным, адсутнасць кантролю з боку назіральных камісій за супрацьпажарным станам гаспадарчых пабудоў і прыдамавых тэрыторый.

Што з аховай працы?

– Пытанні аховы працы на працягу 2020 года былі ў цэнтры ўвагі на пасяджэннях райвыканкама і камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў, а таксама на пасяджэннях Савета па дэмаграфічнай бяспецы раёна. Праведзеная работа дазволіла дасягнуць некаторых вынікаў, – адзначыла Алена Сялевіч.

У рамках рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў падпраграмы 2 «Ахова працы» Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады на 1133 ці на 11 % зніжана ўдзельная вага рабочых месц са шкоднымі (бяспечнымі) умовамі працы ў агульнай колькасці рабочых месц арганізацый раёна (з 3 881 на пачатак 2016 года да 2 748 на канец 2020 года).

Аднак аналіз эфектыўнасці функцыянавання сістэмы кіравання аховай працы ў раёне, сітуацыя з вытворчым траўматызмам у арганізацыях раёна па выніках 2020 года і яго прычыны ўказваюць на недастатковасць прымаемых мер, – адзначыла Алена Леанідаўна. – У 2020 годзе агульная колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці засталася на ўзроўні 2019 года – 12 выпадкаў. Назіраўся рост колькасці няшчасных выпадкаў з цяжкімі наступствамі – з 3 да 6, пры гэтым 4 чалавекі загінулі, 2 атрымалі цяжкія траўмы.

Найбольшая колькасць ня­шчасных выпадкаў адбылася на аб’ектах будоўлі (4 выпадкі ці 33% ад агульнай колькасці, у выніку якіх 2 чалавекі загінулі, 1 атрымаў цяжкую траўму і 1 траўму, якая не адносіцца да цяжкіх). Застаецца высокім паказчык колькасці траўміраваных у выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці ў арганізацыях малога прадпрымальніцтва. Праблемным з’яўляецца і пытанне праверкі ведаў па ахове працы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць наёмных работнікаў. На сённяшні час 84 індывідуальныя прадпрымальнікі ў нашым раёне наймаюць на працу 1-2 работнікаў і толькі 43 маюць дзеючыя пасведчанні па ахове працы – прайшлі праверку ведаў па пытаннях аховы працы на працягу апошніх трох гадоў. Над гэтай праблемай неабходна задумацца і прыкласці намаганні для яе вырашэння.

Актуальным застаецца пытанне павышэння кваліфікацыі спецыялістаў арганізацый па ахове працы і ўкамплектавання кадрамі. Так, у 6 арганізацыях раёна пасады спецыялістаў па ахове працы застаюцца вакантнымі, што не дазваляе на неабходным узроўні арганізаваць у іх дадзеную работу (УАЗ «Навагрудская ЦРБ», ДУ сацыяльнага абслугоўвання «Навагрудскі псіханеўралагічны дыспансер для састарэлых і інвалідаў», Навагрудскае РУП ЖКГ, СВК «Нягневічы», ААТ «Кашалева­Агра» і ААТ «Гарадзечна»). 

У аналізуемы перыяд у арганізацыях раёна назіраліся і значныя недахопы ў рабоце па забеспячэнні працоўнай дысцыпліны. Так, у 2020 годзе за прагулы, крадзяжы па месцы працы, знаходжанне на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення і іншыя парушэнні працоўнай дысцыпліны былі звольнены 115 работнікаў, з іх за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення – 22 чалавекі.

Людзі гінуць на вытворчасці па розных прычынах. Адны з-за невыканання правілаў аховы працы, іншыя – таму што не выкарыстоўвалі сродкі індывідуальнай абароны, трэція проста знаходзіліся «пад градусам». І ўсе гэтыя фактары можна звесці да аднаго галоўнага – адпаведныя службовыя асобы павінны больш адказна і якасна выконваць свае службовыя абавязкі.

У любой рабоце не павінна быць месца фармалізму і халатнасці, а ў пытаннях бяспекі ў першую чаргу, – канстатавала Алена Сялевіч.

У ходзе абмеркавання пытання гучалі розныя прапановы, у тым ліку і аб павышэнні ролі ўчастковых інспектараў, калі гаворка ідзе пра работу назіральных камісій пры праверцы стану пажарнай бяспекі ў жыллёвым фондзе. Часта ўласнікі жылля проста не пускаюць службовых асоб, прыкрываючыся парушэннямі іх правоў.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін, які прысутнічаў на пасяджэнні райвыканкама, паабяцаў узяць гэтае пытанне на кантроль і пры ўнясенні змяненняў у адміністрацыйны кодэкс РБ унесці свае прапановы.


Злачынствы таксама ў плюсе

– У структуры злачыннасці раёна пераважаюць злачынствы па лініі крымінальнага вышуку – 209 або 52,1% ад агульнай колькасці злачынстваў (плюс 64 да 2019 года). Павялічылася і колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення з 62 да 85. Больш за 54% злачынстваў ад колькасці ўчыненых у стане алкагольнага ап’янення адбыліся ў сельскай мясцовасці. Адной з крыніц п’янства з’яўляецца самагонаварэнне. Так, у 2020 годзе да адміністрацыйнай адказнасці за самагонаварэнне і продаж гэтай прадукцыі было прыцягнута 62 чалавекі (у 2019 годзе – 83). Найбольш алкагольнай прадукцыі канфіксавана на тэрыторыі Пятрэвіцкага, Валеўскага, Любчанскага і Уселюбскага сельсаветаў.

Бясспрэчна, праблема бытавога п’янства патрабуе больш строгага падыходу, – рэзюмавала першы намеснік старшыні райвыканкама.

На працягу 2020 года прымяняліся меры прэвентыўнага характару. Абследаванне ў нарколага прайшлі 150 чалавек, асуджана на прымусовае лячэнне ва ўмовах лячэбна-працоўнага прафілакторыя 40 чалавек, з іх накіравана 37, абмежавана ў дзеяздольнасці 6 чалавек. Але гэта менш, чым у мінулым годзе.

Здаецца піць сталі больш, а мер прэвентыўнага характару прыменена менш. У чым праблема? Адной з іх з’яўляецца афармленне дакументаў для накіравання ў ЛПП. Тут вельмі шмат умоўнасцей, якія не дазваляюць гэта зрабіць увогуле ці паскорыць гэты працэс. Пытанняў узнікае шмат і па стане здароўя  накіроўваемых у гэтую ўстанову, па зборы неабходных для гэтага дакументаў, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Мішарын. Нельга ска­заць, што работа не вядзецца, але фармалізму тут вельмі шмат.

Цяжка не пагадзіцца са сцвярджэннем, што адсутнасць дысцыпліны вядзе да безадказнасці. А там, дзе ніхто ні за што не адказвае, дзе няма элементарнага парадку, ніколі не будзе эканамічных вынікаў.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі і іншыя аспекты па выкананні Дырэктывы №1. З мэтай далейшай рэалізацыі патрабаванняў дадзенага дакумента, згодна рашэння райвыканкама зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» ў Навагрудскім раёне на 2021 год.   

Колькасць зваротаў паменшылася

– На працягу 2020 года ў мясцовыя ограны ўлады Навагрудскага раёна паступіла 509 зваротаў, у тым ліку ў райвыканкам – 271. У параўнанні з 2019 годам колькасць зваротаў, якія паступілі ў райвыканкам, паменшылася на 78. Стала менш зваротаў і ў сельскія саветы, – паведаміла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Іна Буцкевіч.

У мінулым годзе ў райвыканкам паступіла 37 калектыўных зваротаў. Такія звароты разглядаюцца камісійна з выездам на месца. Грамадзяне ўздымалі пытанні капітальнага рамонту жылых дамоў і добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, рамонту дарог, закрыцця магазіна і іншыя.

У адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства, кіраўніцтвам райвыканкама праводзяцца прыёмы грамадзян. Усяго праведзены 71 прыём, на які звярнулася 209 грамадзян, з іх на асабістыя прыёмы да старшыні райвыканкама звярнулася 188 грамадзян.

Як і ў мінулым годзе, застаюцца запатрабаванымі «прамыя тэлефонныя лініі». У 2020 годзе кіраўніцтвам райвыканкама праведзена 50 «прамых тэлефонных ліній», на якія паступіла 154 звароты, што на 28 больш, чым у 2019 годзе. Усе пытанні, якія паступілі на  «прамыя тэлефонныя лініі», былі разгледжаны ў адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян.

Увогуле, па ўсіх паступіўшых зваротах у вызначаны заканадаўствам тэрмін даюцца пісьмовыя адказы з тлумачэннямі.

Некаторыя грамадзяне пасля таго, як ім не ўдаецца выра­шыць сваю праблему на мясцовым узроўні, звяртаюцца ў Гродзенскі аблвыканкам, Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

З вышэйстаячых дзяржаўных і кантралюючых органаў для разгляду ў райвыканкам паступіла 20 зваротаў, у тым ліку 8 – з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з Гродзенскага аблвыканкама – 10, з абласной пракуратуры – 1, з Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці – 1.

Прааналізаваўшы ўсе звароты, відаць, што многія грамадзяне на працягу некалькіх гадоў пастаянна звяртаюцца ў розныя дзяржаўныя органы, каб даказаць сваю правату і вырашыць пытанні так, як хочуць яны, у разрэз з заканадаўствам, – канстатавала Іна Буцкевіч.

Часам прыкметай таго, што заяўнік не задаволены атрыманым адказам, становіцца яго паўторны зварот. З паўторнымі просьбамі на працягу 2020 года звярнулася 12 чалавек, але для іх адказ не змяніўся.

Чаго хочуць грамадзяне?

– Аналіз зваротаў, якія паступілі ў райвыканкам у мінулым годзе, паказаў, што іх тэматыка з года ў год не змяняецца, а ў некаторых сферах памяншаецца.

Асабліва хочацца адзначыць памяншэнне зваротаў па пытаннях жыллёвай, камунальнай і дарожнай гаспадарак: 192 звароты (у 2019 г. – 242). У лідарах па выніках года пытанні рамонту, эксплуатацыі і ўтрымання жыллёвага фонду – 30, але іх колькасць у параўнанні з мінулым годам таксама зменшылася – у 2019 годзе – 37. 

Аднак у некаторых сферах жыццядзейнасці колькасць зваротаў, якія паступілі ў райвыканкам, павялічылася: па пытаннях эканомікі і прамысловасці – 14 (у 2019 годзе – 7), па пытаннях сацыяльнага і пенсіённага забеспячэння – 14 (у 2019 годзе – 7), землеўпарадкавання і землекарыстання – 25 (у 2019 годзе – 18), паляпшэння жыллёвых умоў – 33 (у 2019 – 27) і іншыя. 

Стан работы са зваротамі грамадзян з’яўляецца адным з галоўных крытэрыяў ацэнкі дзейнасці дзяржаўных органаў. Менавіта пагэтаму асаблівая ўвага ўдзяляецца забеспячэнню ўважлівых, адказных адносін да людзей, выкараненню фармалізму і валакіты, – канстатавала Іна Буцкевіч. – Бываюць выпадкі, што па аб’ектыўных прычынах не ўсе звароты ўдаецца вырашыць хутка, але кожны з іх ўважліва вывучаецца.

У кожнай арганізацыі і на прадпрыемстве работа са зваротамі грамадзян павінна пастаянна ўдасканальвацца з улікам сучасных патрабаванняў.

Алена Ермакова, «НЖ»

Фота з архіва рэдакцыі