Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча. Частка 6

Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча. Частка 6

13 декабря 2018 1622

Паважаныя чытачы, працягваем наша знаёмства з гісторыяй стварэння і адкрыцця музея Адама Міцкевіча ў нашым горадзе. І сёння, завяршаючы экскурсію, завітаем у былую кухню Міцкевічаў, а таксама міні-галерэю музея і флігель.

Кухня сям’і Міцкевічаў знаходзіцца ў падвальным памяшканні пад галоўным домам. У 1998 годзе тут была створана этнаграфічная экспазіцыя, якая з’яўляецца працягам галоўнай экспазіцыі, у той жа час гэта і самастойная выстаўка. Яна размешчана ў двух невялікіх пакоях. У першым пакоі, дзе знаходзіцца печ, размешчана экспазіцыя «Свет кухні» і адпавядае яе прызначэнню. Тут праз арыгінальныя экспанаты пачатку XIX стагоддзя паказаны побыт небагатай навагрудскай шляхты, да якой належала і сям’я Адама Міцкевіча.

IMG_5466 IMG_5470 IMG_5471

У экспазіцыі прадстаўлены арыгінальны посуд, частка сервіза з сям’і Тамаша Зана (сябра паэта), медны гляк з дома Міцкевічаў, што зной­дзены падчас вызначэння фундамента флігеля, талеркі, міскі з хутара Завоссе (рэканструкцыя). Таксама тут размешчаны прадметы хатняга ўжытку – млынок для кавы, медныя кубкі, маслабойка, збанкі і інш.

Кухня была любімым месцам для дзяцей. Сюды прыбягалі яны пасля вячэры, каб паслухаць казкі дзеда Блажэя, песні няні Гансеўскай. Для Адама Міцкевіча гэта свет народных легендаў і паданняў, праз які ён пазнаваў жывое народнае слова.

Дачка паэта Марыя Гарэцкая ўспамінала, як бацька расказваў дзецям пра дзяцінства. Успамінаў, што шмат баек, легендаў і паданняў пачуў ён у бацькоўскім доме ад Блажэя, якога яны празвалі Улісам. Ён расказваў Адаму і яго братам шмат чаго са свайго жыцця, але часта і прыдуманага, фантастычнага. А вось няня Гансеўская спявала вечарамі разам з дзяўчатамі, якія прыхо­дзілі на вячоркі.

У другім невялікім пакоі размешчана экспазіцыя «Малюнкі сялянскага жыцця». Пра сувязь паэта з родным краем, простымі беларускімі сялянамі, жыццё якіх ведаў з дзяцінства і іх вобразы паказваў у сваіх баладах, паэмах, нагадваюць прадметы сялянскага быту: прасніца, верацяно, матавіла, валік, беларускі народны строй. Дапаўняюць экспазіцыю дзве акварэлі: «Вяселле на Навагрудчыне» мастака А. Волкава і графіка «Напішы пра гэта» мастака А. Дзямарына.

IMG_5479

Праз прадметы этнаграфіі паказана жыццё і вобразы тых людзей, ад якіх паэт чэрпаў народныя песні, легенды, якім быў вельмі ўдзячны, бо гэта жывіла яго душу «мёдам вясковай паэзіі».

Галоўны будынак музея з флігелем, ці сучасным літаратурна-музычным салонам, злучае падземны пераход, які быў пабудаваны ў 1990 годзе. У падземным пераходзе, ці міні-галерэі музея, звычайна размяшчаюцца выстаўкі. З часу адкрыцця дзеючай экспазіцыі ў падземным пераходзе працуе пастаянная выстаўка «Пан Тадэвуш праз час і народы». На выстаўцы прадстаўлена каля 70 выданняў гэтага твора. На сённяшні дзень паэма перакладзена на 33 мовы народаў свету, у музеі ёсць пераклады на 18 моў, у тым ліку маюцца на ўсіх еўрапейскіх мовах, мове эсперанта, кітайскай, кашубскай, азербайджанскай. Сярод іх выданне суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», спроба В. Дуніна-Марцінкевіча перакласці паэму на беларускую мову ў 1859 годзе.

У часы Адама Міцкевіча ў флігелі жыла няня Ганна Гансеўская і стары Блажэй, якія дапамагалі выхоўваць дзяцей, абслугоўваць дом і агарод.

Пасля смерці бацькі Адама Мікалая Міцкевіча (16 мая 1812 г.) у сям’і застаўся вялікі доўг, які быў узяты ў пазыку ў мясцовага аптэкара для пабудовы галоўнага дома. У 1812 годзе маці з 4 дзецьмі-падлеткамі перайшла жыць у флігель, а галоўны дом быў здадзены ў арэнду. Пасля канчатковага разліку з крэдыторамі ў 1819 г. галоўны дом вярнуўся сям’і Міцкевічаў.

У той час флігель быў драўляным будынкам і пазней згарэў у пажары ў 1863 г. Адбудаваны і стылізаваны пад галоўны дом падчас рэканструкцыі ён у 1990 г. У Доме-музеі гэтае памяшканне выкарыстоўваецца як літаратурна-музычны салон. Тут знаходзіцца сучасны канцэртны раяль, праводзяцца прэзентацыі выставак, літаратурна-музычныя вечары, канферэнцыі і г.д.

IMG_5496 IMG_5501

У зале размешчаны карціны «А. Міцкевіч і А. Пушкін на беразе Нявы» С. Панкратава, «А. Міцкевіч і Т. Зан каля возера Свіцязь» В. Пушкова, «А. Міцкевіч сярод дзекаб­рыстаў» П. Крохалева, а таксама «Партрэт А. Міцкевіча» У. Пракапцова.

IMG_5481

IMG_5486

Тут жа знаходзіцца і памятная пліта з бюстам Адама Міцкевіча. Заказала выраб гэтай памятнай пліты да 100-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча яго старэйшая дачка Марыя Гарэцкая. У 1903 г. яна прывезла пліту ў Навагрудак. Спачатку пліта знаходзілася ў касцёле Святога Арханёла Міхала. У 1948 го­дзе памятная пліта была перададзена з закрытага касцёла ў Дом-музей Адама Міцкевіча, які быў адноўлены ў 1955 годзе і з таго часу знаходзіцца ў экспазіцыі музея.

 

Гасцінна запрашаем наведаць Дом-музей Адама Міцкевіча.

З «Пана Тадэвуша»

… Свет абыдзі, але куды ні пойдзеш,

Нідзе такое кавы ты не знойдзеш,

Як у Літве ў нас. Па дварах заможных

Была майстрыха пры яснавяльможных

а гатаванні кавы – кававарка,

З усіх кухарак лепшая кухарка.

Такую каву ў зернях толькі ў тары

З кляймом «каланіяльныя тавары»

Яна заказвае ў мясцовых крамах

Ці дастае ў купцоў з віцінаў прама.

Цаны любое за такі гатунак

Не шкода, бо з яго ж сапраўдны трунак:

Пах мокка, гушчыня, як мёд пчаліны,

І колер, быццам пацеркі з бурштыну.

(Пераклад Язэпа Семяжона)

С. Анісімава,

старшы навуковы супрацоўнік Дома-музея Адама Міцкевіча.

Варта пачытаць:

Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча. Частка 1

Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча. Частка 2

Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча. Частка 3

Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча. Частка 4

Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча. Частка 5