У нашых руках спыніць захворванне

У нашых руках спыніць захворванне

У нашых руках спыніць захворванне

14 ноября 2021 1127

Для барацьбы з каронавірусам прыкладаецца шмат намаганняў як у краіне ў цэлым, так і ў нашым раёне. Медыкі асцярожна адзначаюць, што намецілася тэндэнцыя па зніжэнні захворвання.

Упершыню фразу «сітуацыя з каронавірусам выклікае асцярожны аптымізм» выказаў
Прэзідэнт Беларусі ў канцы кастрычніка падчас наведвання Мінскай абласной клінічнай бальніцы.

– У нашым раёне таксама намецілася тэндэнцыя па зніжэнні захваральнасці на каронавірус, – адзначае намеснік галоўнага ўрача Навагрудскай ЦРБ па амбулаторна-паліклінічнай рабоце Марына Фісенка, – пагэтаму неабходна выкарыстаць гэты час для больш інтэнсіўнай работы па вакцынацыі насельніцтва. У нас сфарміравана 8 прышчэпачных брыгад, якія штодня ажыццяўляюць выезды на прадпрыемствы і ў арганізацыі горада для правядзення вакцынацыі, што называецца «без адрыву ад вытворчасці». Зга­дзіцеся – гэта вельмі зручна. Але нашы людзі не вельмі спяшаюцца абараніць сябе і сваіх блізкіх ад хваробы. Я не разумею: няўжо да сённяшняга часу каронавірус не даказаў сваю каварнасць і непрадказаль­насць?

Па словах намесніка галоўнага ўрача, падчас такіх выездаў прышчапляецца не больш за 7-9 чалавек. Гэта добра, але не эфектыўна. Разам з правя­дзеннем вакцынацыі мы таксама праводзім і рэвакцынацыю тым людзям, у якіх з дня ўвя­дзення вакцыны прайшло больш за 6 месяцаў. Для рэвакцынацыі выкарыстоўваецца расійская вакцына «Спадарожнік Лайт», якая добра сябе зарэкамендавала.

Таццяна Каўцэвіч, цеставод Навагрудскага хлебазавода філіяла ААТ «Гроднахлебпрам»:

– Скарысталася магчымасцю, што медыкі прыехалі да нас на прадпрыемства і зрабіла першую прышчэпку. Па стане здароўя я не змагла зрабіць гэта раней. Вакцынавацца вырашыла кітайскай вакцынай, бо чула ад знаёмых медыкаў, што яна лепшая за «Спадарожнік». Але ў кожнага чалавека свой пункт гледжання на гэтае пытанне. Мой муж, напрыклад, прышчэплены расійскай вакцынай. Вакцынацыю перанёс без пабочных эфектаў. Паднялася толькі невялікая тэмпература, але праз суткі яе ўжо не было. Амаль усе ў маёй сям’і перахварэлі на COVID-19. Цяпер усе здаровыя, таму я спакойна прышчапілася. І лічу, што вакцынавацца ад кавіда неабходна. Гэта трэба рабіць, каб мы і людзі вакол нас былі жывыя і здаровыя. Вельмі важна зразумець, што вакцынацыя цяпер – гэта клопат не толькі аб сабе, але і ў большай ступені клопат аб жыццях усіх, хто цябе акружае.

Аляксандр Гаховіч:

   

– Я зрабіў прышчэпку, таму што думаю аб сваёй будучыні. Шмат чытаў на гэтую тэму і ведаю, што вакцынаваныя людзі нават калі і хварэюць каронавірусам, пераносяць яго нашмат лягчэй. У маім асяроддзі ёсць людзі, да меркавання якіх я прыслухоўваюся. У першую чаргу гэта, вядома, бацькі. Яны нават не сумняваліся, што трэба рабіць прышчэпку. Менавіта таму і прышчапіліся разам з маім старэйшым братам. Я некаторы час сумняваўся, але, паглядзеўшы, як адчувалі сябе мае блізкія пасля прышчэпкі, зрабіў выснову – нічога страшнага ў прышчэпцы няма. Сёння прайшоў вакцынацыю першым кампанентам у гандлёвым цэнтры «Поні». На мой погляд, гэта вельмі зручна. Кожны жадаючы можа зрабіць прышчэпку проста адправіўшыся за пакупкамі. Я не ра­зумею людзей, якія прышчэпак чамусьці баяцца, а курыць, і піць алкаголь – не. Людзей не бянтэжаць нават карцінкі хвароб, якія ўзнікаюць ад курэння, на пачках цыгарэт, а вось прышчэпка – гэта нешта страшнае.

Елена Ермакова, Карина Вальшонак, «НЖ»