Плаціць, ці не плаціць?.. Да чаго могуць прывесці заклікі аб неаплаце камунальных паслуг і ўзносаў у ФСАН

Плаціць, ці не плаціць?.. Да чаго могуць прывесці заклікі аб неаплаце камунальных паслуг і ўзносаў у ФСАН

Плаціць, ці не плаціць?.. Да чаго могуць прывесці заклікі аб неаплаце камунальных паслуг і ўзносаў у ФСАН

10 сентября 2020 1163

«Не плаціць за камуналку», «не пералічваць узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва», «не плаціць падаткі»... Гэтыя і іншыя заклікі ўсё часцей з’яўляюцца ў пэўных Telegram-каналах і сацыяльных сетках. Але што ж будзе, калі іх выконваць? Разабрацца дапамагаюць спецыялісты.

Пачнём з неаплаты за камунальныя паслугі. За тлумачэннямі звярнуліся да начальніка разлікова-даведачнага цэнтра Навагрудскага РУП ЖКГ Вольгі Капціловіч.

– Штомесяц у квітанцыі жыхары бачаць спіс абавязковых і дадатковых камунальных плацяжоў, якія ўключаюць у сябе падачу гарачай і халоднай вады, водаадвядзенне, ацяпленне, вываз смецця, уборку прыдамавой тэрыторыі, цеплазабеспячэнне і інш. Ігнараванне аплаты жыллёва-камунальных паслуг пагражае сур’ёзнымі наступствамі, – адзначыла В. Капціловіч. – У ліку штрафных санкцый, якія чакаюць грамадзян за несвоечасовую аплату паслуг і плату за карыстанне жылым памяшканнем, – выплата пені ў памеры 0,3% на суму запазычанасці за кожны дзень пратэрміноўкі; прыпыненне прадастаўлення жыллёва-камунальных паслуг; афармленне выканаўчага надпісу для бясспрэчнага ўтрымання сродкаў з любога віду даходу даўжніка; абмежаванне выезду за мяжу, абмежаванне на кіраванне транспартным сродкам; высяленне з кватэры без прадастаўлення іншага жылога памяшкання; продаж кватэры і высяленне ў меншую па плошчы і (або) якая саступае ёй па сваіх спажывецкіх якасцях, у тым ліку ў другім населеным пункце.


– Разлікова-даведачны цэнтр РУП ЖКГ абслугоўвае больш за 24 тысячы асабовых рахункаў. З іх прыкладна 800 маюць запазычанасць на суму каля 113 тысяч рублёў. Гэта прыкладна 3% ад усіх плацельшчыкаў, – паведаміла Вольга Леанідаўна. – Самая шматлікая катэгорыя грамадзян, якая складае каля 30% неплацельшчыкаў, гэта так званыя «забыўчывыя» навагрудчане, якія не жадаюць памятаць, што аплата жыллёва-­камунальных паслуг павінна ажыццяўляцца штомесяц, і якія дазваляюць сабе аплачваць паслугі раз у 3-6 месяцаў і толькі пасля шматразовага напаміну.

Паводле інфармацыі разлікова-даведачнага цэнтра, за 2020 год у г. Навагрудку і Навагрудскім раёне за неаплату больш за 3 месяцы дзе­вяць сем’яў пазбавіліся такой асноўнай жыллёва-камунальнай паслугі, як водазабеспячэнне. Аднаўленне паслугі будзе ажыццяўляцца толькі пры ўмове поўнай аплаты запазычанасці. Таксама за не­аплату больш за 2 месяцы быў выселены з жылога памяшкання сацыяльнага карыстання без прадастаўлення іншага жылля адзін даўжнік.

– Не аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі непрымальна! Уявіце, што раптам камунальная служба адмовіцца выво­зіць смецце, дворнікі перастануць прыбіраць двары і пад’езды, сантэхнікі пры засорванні не будуць чысціць агульнадамавую каналізацыю... У якую кватэру і двор тады будуць вяртацца людзі? З мэтай папярэ­джання ўзнікнення негатыўных наступстваў ухілення ад аплаты за жыллёва-­камунальныя паслугі, ажыццяўляць аплату неабходна не пазней за 25 чысло месяца, наступнага за разліковым, – нагадала Вольга Капціловіч.

Пра тое, да чаго прывядзе нявыплата абавязковых страхавых узносаў у бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, пагаварылі з начальнікам Навагрудскага раённага аддзела Марынай Калядой.

Кожны дарослы грамадзянін, які пражывае ў нашай рэспубліцы, ведае ці чуў, што такое дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне. Яно ўяўляе сабой сістэму пенсій, дапамог і іншых выплат грама­дзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, – тлумачыць М. Каляда. – Усе працадаўцы і грамадзяне, якія працуюць, з’яўляюцца ключавымі ўдзельнікамі і плацельшчыкамі ўзносаў у бюджэт фонду. Выплачваць узносы павінны і індывідуальныя прадпрымальнікі. Акумуляванне сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання дае магчымасць фонду выконваць сваю галоўную функцыю – своечасова фінансаваць органы сацыяльнай абароны для выплаты пенсій і дапамог.


Узносы ў бюджэт фонду налічваюцца на заработную плату (даход) у грашовым і натуральным выражэнні на карысць працуючых грамадзян. Гэтыя ўзносы за грама­дзян, якія працуюць па працоўных і грамадзянска-прававых дагаворах, наліч­ваюць і выплачваюць іх працадаўцы. Яны ж за кошт выплаты ўзносаў ажыццяўляюць выплату работнікам дапамог па дзяржаўным сацыяльным страхаванні ў сувязі з часовай непрацаздольнасцю, цяжарнасцю і родамі, дапамогі жанчынам, якія сталі на ўлік да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў, на пахаванне і інш.

– Сёння ў стаж працы для прызначэння працоўнай пенсіі ўключаюцца тыя перыяды работы, за якія праводзілася выплата ўзносаў у бюджэт фонду, – звярнула ўвагу Марына Сцяпанаўна. – Акрамя таго, само права на працоўную пенсію набываецца толькі пры наяўнасці неабходнага страхавога стажу, г. зн. перыяду выплаты ўзносаў у бюджэт фонду. Улічваючы патрабаванні заканадаўства аб пенсіённым забеспячэнні, у страхавы стаж работнікаў не будуць залічаны перыяды, за якія праца­даўца не пералічыў узносы ў бюджэт фонду, што ў канчатковым выніку можа паўплываць не толькі на памер прызначанай пенсіі, але, перш за ўсё, можа пацягнуць адсутнасць права атрымліваць працоўную пенсію па ўзросце.

Няпоўная выплата ўзносаў прыво­дзіць да парушэння правоў работнікаў на выплаты сацыяльнага характару: права застрахаваных асоб на дапамогі па часовай непрацаздольнасці, па цяжарнасці і родах, якое вызначаецца з улікам таго, выплачваліся ці не ўзносы ў бюджэт фонду ва ўстаноўленым парадку і памерах да наступлення страхавога выпадку. Да таго ж, нявыплата або няпоўная выплата ва ўстаноўлены тэрмін абавязковых страхавых узносаў або ўзносаў на прафесійнае пенсіённае страхаванне цягнуць адміністрацыйную адказнасць.

– Як бачыце, у сітуацыі нявыплаты ўзносаў у ФСАН (поўнай або частковай) у першую чаргу пакутуе сам работнік, – падвяла вынік Марына Каляда. – Калі грамадзянін даведаецца пра тое, што яго працадаўца не выплачвае ўзносы, у першую чаргу ён павінен звярнуцца непасрэдна да наймальніка і запатрабаваць выплаціць узносы. Калі ў канчатковым выніку гэтага не адбудзецца, грамадзянін мае права звярнуцца ў суд.

Заклікі да нявыплаты падаткаў і жыллёва-камунальных паслуг з’яўляюцца сацыяльна-эканамічнай дыверсіяй. Такое меркаванне карэспандэнту БелТА выказаў дырэктар Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Васілій Гурскі.


– Заклікі да забастовак, нявыплаты падаткаў і камунальных плацяжоў накіраваны на разбурэнне эканамічнай сістэмы, якая склалася ў краіне, на тое, каб пасеяць хаос. Гэта прамая сацыяльна-эканамічная дыверсія, – упэўнены эксперт. – Калі падобныя заклікі хтосьці падтрымае, гэта можа прывесці да скарачэння даходаў бюджэту і росту выдаткаў на датаванне камунальных служб. Гэта сур’ёзна ўскладніць працу бюджэтных арганізацый, перш за ўсё ўстаноў адукацыі і аховы здароўя. Гэта нашы дзеці не змогуць паўнавартасна вучыцца. Гэта да нас не паспее даехаць хуткая дапамога. Гэта ў нашым доме не вывезуць смецце і адключаць гарачую ваду або ацяпленне. Мабыць, тых, хто агучвае такія заклікі, гэта не хвалюе.

Васілій Гурскі падкрэсліў, што падобныя заклікі – далёка не бяскрыўдная рыторыка.

– Гэта сур’ёзная зброя, здольная нанесці істотны ўрон нашай эканоміцы і нам самім, – заявіў ён. – Разважлівым людзям, незалежна ад палітычных перакананняў, трэба захаваць пачуццё адказнасці за сваю сям’ю і за сваю краіну. Парадак у дзяржаве неабходна захаваць любой цаной. Толькі ва ўмовах парадку можна разабрацца ў сітуацыі, знайсці канструктыўны спосаб вырашэння наспелых праблем.

Ёсць справы, якія нельга паста­віць на паўзу, і за іх трэба плаціць. Мы самі гаспадары свайго жыцця, наш камфорт залежыць ад нас. Вось прынцып, які сёння важны. Упэўнена, гэта разумее кожны разважлівы чалавек. А заклікі, якія гучаць, – не больш, чым абсурд.
Падрыхтавала Анастасія Пятрова, «НЖ»