У Навагрудку завяршылася грамадскае абмеркаванне Плана зялёнага горадабудаўніцтва «Навагрудак: захаваем будучыню!»

У Навагрудку завяршылася грамадскае абмеркаванне Плана зялёнага горадабудаўніцтва «Навагрудак: захаваем будучыню!»

У Навагрудку завяршылася грамадскае абмеркаванне Плана зялёнага горадабудаўніцтва «Навагрудак: захаваем будучыню!»

05 сентября 2019 1739

Дакумент распрацаваны праектам ГЭФ-ПРААН-Мінпрыроды «Беларусь: падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі» і прапануе шлях зялёнага і ўстойлівага развіцця горада на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. План пазіцыянуе Навагрудак як культурна-гістарычны горад з экалагічна чыстай вытворчасцю.

Большасць з нас не прывыклі думаць пра горад, як пра дом, у якім мы маем магчымасць не толькі атрымліваць нейкія выгоды, але і несці адказнасць за тое, каб ён быў чыстым, зручным і ўтульным для ўсіх. План зялёнага горадабудаўніцтва дэманструе новы падыход: жыхары павінны ведаць, што адбываецца ў іх агульным доме і як яны могуць паўплываць на тыя ці іншыя рашэнні. Вельмі важна, што дакумент развівае тыя праекты, якія ўжо ажыццяўляюцца ў горадзе пры падтрымцы міжнародных арганізацый, развівае і дапаўняе гарадскія ініцыятывы. У гэтым навізна дакумента – ён адкрывае новыя магчымасці для супрацоўніцтва жыхароў, улады, розных арганізацый і структур.

– Стварэнне плана зялёнага горадабудаўніцтва – гэта спроба скаардынаваць задачы на нацыянальным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях і звязаць іх з развіццём гарадской прасторы, – адзначыла першы намеснік Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Алена Сялевіч. –  Мы прыйшлі да разумення, што правільная палітыка па пытаннях землекарыстання, размеркавання насельніцтва і гарадскіх функцый, грамадскіх прастораў і азеляненні тэрыторый, размяшчэння інфраструктуры можа прывесці да паляпшэння якасці жыцця гараджан з прымальнымі выдаткамі. Навагрудак праяўляе высокую цікавасць да новых магчымасцей па рэалізацыі інфраструктурных праектаў, таму адна з мэт распрацоўкі плана зялёнага горадабудаўніцтва – садзейнічаць «зялёным» інвестыцыям.

Пры распрацоўцы плана зялёнага горадабудаўніцтва выкарыстоўваўся інтэграваны падыход. Усе аспекты ўстойлівага гарадскога развіцця разглядаліся ва ўзаемадзеянні: устойлівая гарадская мабільнасць, укараненне энергаэфектыўных тэхналогій, развіццё «зялёных» вытворчасцей, павелічэнне плошчы і даступнасці зялёных тэрыторый, укараненне «разумнага» ЖКГ, кіраванне ліўневымі ападкамі і многія іншыя элементы, з якіх складаецца сучасны зялёны горад. Вялікая ўвага надавалася важнасці ўдзелу саміх гараджан у «зялёным» развіцці.

– У першую чаргу распрацоўваць планы зялёнага горадабудаўніцтва павінны тыя, хто ад гэтага выйграе, – пераканана кансультант праекта Вера Сысоева. – Нам абавязкова была патрэбна шырокая падтрымка мясцовага насельніцтва. Мы не выносілі на суд ужо гатовы прадукт, мы далучалі мясцовыя супольнасці ўжо на стадыі праектавання, улічваючы ўсе пажаданні максімальна шырока. І калі бачылі, што нейкія ідэі відавочна не падтрымліваюцца, мы проста не ўключалі іх у план.



«Здаровы горад»

У гараджан была магчымасць азнаёміцца з планам і пракаменціраваць яго як анлайн, так і запоўніць анкеты на паперы. Атрыманая зваротная сувязь вызначыла чатыры прыярытэтныя напрамкі з 11-і магчымых праграм гарадскога развіцця, прапанаваных гараджанам. Як вынікае з апытання, галоўным прыярытэтам для жыхароў Навагрудка з’яўляецца моцнае здароўе: 68% апытаных выказаліся за рэалізацыю праграмы «Здаровы горад», якая прадугледжвае павелічэнне даступных зялёных тэрыторый, паслуг для здаровага ладу жыцця (спартзалы, фітнес-цэнтры, work-out пляцоўкі), добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, пашырэнне веласіпеднай інфраструктуры і безбар’ернае асяроддзе.

Характэрна, што ва ўсіх пілотных гарадах праекта «Зялёныя гарады» падобныя апытанні дэманстравалі розныя перавагі гараджан, што відавочна абумоўлена мясцовымі асаблівасцямі. Так, у Наваполацку жыхары на першае месца паставілі мерапрыемствы па экалагічнай бяспецы, бо побач з горадам размешчана найбуйнейшая прамысловая зона. У Полацку жыхары ў першую чаргу зацікаўлены ў праграме, якая заклікана вырашыць транспартныя праблемы і спрыяць камфортнай узаемасувязі паміж гарадскімі кварталамі і раёнамі. Спрыяльная экалагічная абстаноўка ў Наваградку, па ўсёй бачнасці, дазваляе гараджанам менш залежаць ад знешніх фактараў і больш надаваць увагу самаразвіццю і добраўпарадкаванню навакольнай прасторы.

«Навагрудак – горад святла»

Выбар другога прыярытэтнага напрамку сведчыць пра тое, што гараджане свядома падтрымліваюць «зялёнае» развіццё Навагрудка, які ідзе ў авангардзе «зялёных» ініцыятыў у Беларусі і актыўна ўкараняе альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Прапанаваная праграма «Навагрудак – горад святла» прадугледжвае пашырэнне выкарыстання «разумных» тэхналогій для паляпшэння экалогіі і павышэння ўзроўню жыцця (зніжэнне спажываных рэсурсаў, змяншэнне шкодных выкідаў, укараненне «разумнага» асвятлення, павышэнне бяспекі і г.д.).

«Навагрудак гасцінны»

Апытанне таксама паказала, што жыхары Навагрудка беражліва ставяцца да багатай культурна-­гістарычнай спадчыны горада і ўсведамляюць, што стварэнне ўмоў для прыцягнення турыстаў  прынясе гораду відавочныя дывідэнды. Гэтым абумоўлены выбар трэцяй гарадской праграмы – «Навагрудак гасцінны», якая прапануе стварэнне ў рэгіёне прывабнай турыстычнай прасторы з цэнтрам у Навагрудку (разнастайнасць сродкаў размяшчэння прыезджых, развіццё транспартнай даступнасці горада, зручнасць гарадской навігацыі, насычанасць культурнымі і забаўляльнымі падзеямі, прэзентабельнасць славутасцей, агульная бяспека).



«Чыстая вытворчасць у чыстым месцы»

Чацвёртая па значнасці выбраная рэспандэнтамі праграма – «Чыстая вытворчасць у чыстым месцы» – яшчэ раз пацвердзіла падтрымку гара­джанамі «зялёнага» развіцця свайго горада. Дадзеная праграма прадугледжвае падрыхтоўку пляцовак для новых «зялёных» вытворчасцей, павелічэнне долі працоўных месц, звязаных з дзейнасцю па экалагічным абслугоўванні, стварэнне эканомікі замкнёнага цыкла, вытворчасць біяпрадукцыі на прысядзібных участках і гарадскіх агародах, укараненне праграмы асваення невыкарыстоўваемых тэрыторый.

У цяперашні  час разглядаюцца магчымасці для фінансавання мерапрыемстваў па «зялёным» развіцці. Частка мерапрыемстваў па энерга­эфектыўнасці фінансуецца ў рамках праекта «Зялёныя гарады». Праект ужо ўкараніў у горадзе сістэму «разумнага» вулічнага асвятлення, якая, як чакаецца, дазволіць эканоміць да 30-40% спажыванай энергіі. Цяпер праект працуе над устаноўкай у пілотных жылых шматкватэрных дамах «разумных» лічыльнікаў, якія дазволяць хатнім гаспадаркам экано­міць 5-10% спажываных рэсурсаў.

Наступны этап рэалізацыі праекта «Зялёныя гарады» – распрацоўка  мадэлі трансфармацыі цэнтральнай часткі Навагрудка з улікам прынцыпаў зялёнага горадабудаўніцтва пры удзеле мясцовых жыхароў, гарадской адміністрацыі, усіх зацікаўленых бакоў. Эксперты праекта бачаць цэнтр горада шматфункцыянальнай, «жывой» прасторай, прывабнай як для турыстаў, так і для саміх гараджан.

Алена Ганцэвіч, «НЖ»

Фота з архіва рэдакцыі