Падводзім вынікі 2019 года разам з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый Навагрудчыны

Падводзім вынікі 2019 года разам з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый Навагрудчыны

Падводзім вынікі 2019 года разам з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый Навагрудчыны

01 января 2020 1869

Здаецца, зусім нядаўна мы сустракалі 2019 год, ускладалі на яго надзеі і будавалі планы. І зноў прыйшоў час ацэньваць зробленае, думаць пра будучыню, загадваць жаданні ... Напярэдадні Новага года мы сустрэліся з кіраўнікамі вядучых прадпрыемстваў і ўстаноў горада і папрасілі іх падвесці вынікі адыходзячага года.

Віктар Турлюк, дырэктар ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры»:


– Мы працягвалі працаваць над пашырэннем лінейкі прадукцыі і мадэрнізацыяй вытворчасці. Былі выпушчаны новы вентыль балонны з запорным клапанам, новыя віды тараідальных газавых балонаў аб’ёмам 73, 77, 80 і 98 літраў, мадэрнізавана вытворчасць шаравых кранаў. Сёлета завод стаў пераможцам V Рэспубліканскага конкурсу «Лідар энергетычнай эфектыўнасці Рэспублікі Беларусь-2019» і лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу «Зубры эканомікі-2019». Асаблівай падзеяй для ўсіх завадчан стаў удзел у эстафеце «Полымя міру». Да ІІ Еўрапейскіх гульняў на заводзе выраблена 200 факелаў, якія ўдзельнікі эстафеты пранеслі ад Рыма да Мінска. Для мяне асабіста гэты год адметны тым, што сёлета споўнілася сорак гадоў, як я працую на прадпрыемстве. Завод – гэта перш за ўсё людзі, прафесійны і адказны калектыў, які нацэлены на ўдасканаленне і развіццё.

Аляксандр Сіліч, галоўны ўрач УАЗ «Навагрудская ЦРБ»:


– Адыходзячы год для ўсіх медыкаў быў азнаменавы 100-годдзем сістэмы аховы здароўя Беларусі. Прыемна адзначыць, што ў такі важны год значна абнавілася матэрыяльна-тэхнічная база нашай установы. З розных крыніц фінансавання закуплены новыя аўтамабілі хуткай медыцынскай дапамогі, сістэмы сутачнага манітарыравання, апарат для інгаляцыйнай анестэзіі са штучнай вентыляцыяй, фетальны манітор, фібрагастраскоп, абсталяванне і вырабы медыцынскага назначэння для работы ўрача агульнай практыкі, дэнтальны рэнтгенапарат, стаматалагічная ўстаноўка і інш. Для стварэння камфортных умоў знаходжання людзей праведзены рамонтныя работы ў рэанімацыйным аддзяленні, на першых паверхах паліклінікі і тэрапеўтычнага корпусу. Працягваецца інфарматызацыя ўстановы і пераход на электронную сістэму аховы здароўя. Медыцынскі персанал пастаянна павышае сваю кваліфікацыю і асвойвае сучасныя метады дыягностыкі і лячэння. У 2019 годзе Навагрудская ЦРБ працавала стабільна і ўстойліва. У наступным годзе нацэлены захаваць гэту тэндэнцыю.

Зоя Калала, дырэктар ААТ «Вялікая Крыніца»:


– Сёлетні год для нашага прадпрыемства быў паспяховым і выніковым, але ж разам з тым і асабліва напружаным. Пачаў сваю дзейнасць інтэрнэт-магазін з бясплатнай дастаўкай тавараў на дом для жыхароў горада і раёна, праведзены рамонт кафетэрыя рэстарана «Свіцязь», а напярэдадні Новага года мы адкрылі практычна новы аб’ект – кафэ «Аўра». Трэці год запар па выніках сацыяльна-эканамічнага спаборніцтва таварыства стала лепшым сярод прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, і ўжо чацвёрты год запар я прызнана лепшым кіраўніком у сваёй сферы. Па выніках 10 месяцаў 2019 года атрымана прыбытку 43,6 тыс. руб., а заработная плата ў нас адна з самых высокіх сярод гандлёвых прадпрыемстваў горада. Радуе, што ўсё намечанае выканана – у гэтым вялікая заслуга калектыву. Калі б не наша дружная і граматная каманда, якая працавала сумленна, не шкадуючы сіл і часу, нічога б не здзейснілася.

Андрэй Садоўскі, дырэктар ААТ «Прынёманскі»:


– Год для нашай гаспадаркі склаўся дастойна. Атрыманы добры ўраджай – 13846 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 58 ц/га. Асабліва парадавала ўраджайнасць яравой пшаніцы – 62,2 ц/га і азімай трыцікале – 68,6 ц /га. За якаснае правядзенне ўсіх уборачных работ і дасягненне найвышэйшых паказчыкаў у вытворчасці збожжа гаспадарка ў чарговы раз была ўдастоена пераходнага прыза «Залаты колас». Што датычыцца травяністых кармоў, то іх нарыхтавана больш у параўнанні з мінулым годам. Добра складваецца сітуацыя і ў жывёлагадоўлі. Расце пагалоўе буйной рагатай жывёлы, значныя крокі зроблены па павелічэнні прадукцыйнасці кароў, удой на карову набліжаецца да 7 тыс. кг. Аб’ёмы вытворчасці вельмі сур’ёзныя. У месяц гаспадарка рэалізуе не менш за 1300 тон малака і каля 180-200 тон мяса. У гэтым годзе на МТФ «Галынь» было пабудавана новае памяшканне для індывідуальнага ўтрымання цялят-малочнікаў на 100 галоў. Але ж самае важнае – гаспадарка працуе з прыбыткам, выконваюцца ўсе дзяржзаказы, штогод павялічваюцца аб’ёмы рэалізацыі прадукцыі.

Падрыхтавалі Алена Ганцэвіч і Анастасія Пятрова, "НЖ"