Падчас пасяджэння райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў пастаўлены задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця Навагрудскага раёна на 2020 год

Падчас пасяджэння райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў пастаўлены задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця Навагрудскага раёна на 2020 год

Падчас пасяджэння райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў пастаўлены задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця Навагрудскага раёна на 2020 год

15 января 2020 1348

Як дасягнуць прагназуемых паказчыкаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, забяспечыць рост экспарту тавараў і інвестыцый, эфектыўна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі абмеркавалі на сумесным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло напрыканцы мінулага года – 30 снежня.

Удзел у пасяджэнні, дзе былі разгледжаны задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця і праект раённага бюджэту на 2020 год, прыняў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Аляксандр Сонгін.

Сяргей Федчанка:

 «2020 год вельмі адказны, бо ён завяршае пяцігодку, калі будуць падведзены канчатковыя вынікі развіцця раёна за гэты перыяд. Што датычыцца даведзеных паказчыкаў, то лічбы напружаныя, але выканальныя. Самыя складаныя паказчыкі для выканання ў сельскай гаспадарцы, але і тут таксама ёсць рэзервы і магчымасці для росту»

– Прагнозныя паказчыкі развіцця прамысловасці раёна на 2020 год распрацаваны з улікам рэальных вытворчых магутнасцей прамысловых арганізацый, наяўнасці матэрыяльных і працоўных рэсурсаў, кан’юнктуры рынку, – паведаміла першы намеснік старшыні райвыканкама Алена Сялевіч.

Ключавыя паказчыкі на 2020 год
 Экспарт тавараў да адпаведнага перыяду 2019 г. – 104,2%
 Экспарт паслуг да адпаведнага перыяду 2019 г. – 104,4%
 Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове – 300 тыс. долараў ЗША
 Колькасць працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя рабочыя месцы за кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў – 120 чал.

Упор на рост экспарту тавараў і паслуг

Экспарт тавараў (без уліку арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання) у 2020 годзе чакаецца на ўзроўні 104,2% да ўзроўню 2019 года. Для выканання гэтага задання неабходна забяспечыць прырост да экспарту гэтага года больш за 1 млн рублёў.

Нарошчванне аб’ёмаў экспартуемай прадукцыі ў 2020 годзе плануецца ажыццявіць у тым ліку і за кошт прадпрыемстваў харчовай прамысловасці: ТАА «ПравітБел», ТАА «Леор Фіш», а таксама за кошт прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці. Асноўнымі прадпрыемствамі, якія фарміруюць экспарт тавараў сярод арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці, з’яўляюцца СП «Леор Пластык» ТАА і «Леор Фіш». Іх удзельная вага ў экспарце тавараў у сукупнасці складае 66,7%.

Асноўным рынкам збыту застаецца Расійская Федэрацыя. Прадпрыемствы плануюць захаваць і павялічыць аб’ёмы паставак сваёй прадукцыі ў Туркменістан, Еўрасаюз і іншыя краіны.

Экспарт паслуг (без уліку арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання) прагназуецца на ўзроўні 104,4% да ўзроўню 2019 года. Каля 98% аб’ёму экспартуемых паслуг плануецца забяспечыць таксама за кошт арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці. Прагназуецца, што нарошчванне аб’ёму экспарту турыстычных паслуг у памеры 112,3% будзе забяспечаны за кошт павелічэння колькасці арганізацый, якія аказваюць турыстычныя паслугі і колькасці замежных турыстаў, якія наведваюць горад і раён.

Інвестыцыйная дзейнасць

Алена Сялевіч праінфармавала, што агульны аб’ём інвестыцый у асноўны капітал складзе 108,9% да ўзроўню 2019 года. У інвестыцыйнай скарбонцы раёна ў 2020 годзе больш за 14 праектаў на агульную суму больш за 67 млн рублёў.

Ад чаго будзе залежаць эфектыўнасць інвестыцыйнай дзейнасці раёна? Шэраг прадпрыемстваў і арганізацый за кошт рэалізацыі інвестыцыйных праектаў плануюць развіваць вытворчасць, нарошчваць аб’ёмы выпускаемай і рэалізаванай прадукцыі ў тым ліку і на экспарт, павышаць якасць выпускаемай прадукцыі.

Сярод асноўных інвестпраектаў, рэалізацыя якіх пачнецца ў 2020 годзе, будуць: у ДЛГУ «Навагрудскі лясгас» праект па выпуску драўняна-паліўных пелет, на ААТ «БелКрэда» праект па мадэрнізацыі швейнай вытворчасці з укараненнем інавацыйнай аўтаматызаванай тэхналогіі распрацоўкі і вытворчасці вырабаў з прымяненнем сучасных матэрыялаў. У філіяле «Навагрудскія Дары» ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат» плануецца завяршэнне праекта па мадэрнізацыі сушыльных комплексаў з набыццём высокатэхналагічнага абсталявання, якое дазволіць павысіць якасць сухога малака да еўрапейскага ўзроўню.


У першым квартале 2020 года ў горадзе завершыцца будаўніцтва спартыўнага комплексу для гульнявых відаў спорту. Рэалізацыя гэтага праекта дазволіць развіваць турыстычны патэнцыял рэгіёну, забяспечыць нашых жыхароў даступнымі фізкультурна-аздараўленчымі паслугамі і стварыць новыя рабочыя месцы.

Акрамя гэтага, у 2020 годзе раён плануе прыцягнуць 300 тыс. долараў прамых замежных інвестыцый.

Сельскагаспадарчая вытворчасць

У галіне сельскай гаспадаркі пастаўлена задача павялічыць вытворчасць валавай прадукцыі да 107%, у тым ліку ў галіне жывёлагадоўлі – 104,9% і галіне раслінаводства – 109,6%.

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Пярко паведаміў, што ў жывёлагадоўчай галіне выкананне даведзенага задання плануецца за кошт павелічэння аб’ёмаў вытворчасці малака на 6,8%, мяса буйной рагатай жывёлы – на 4,5%, свініны – на 0,3%. Плануецца атрымаць 84 тыс. тон малака пры чакаемай вытворчасці 78,6 тыс. тон за 2019 год.

Прырост вытворчасці прадукцыі раслінаводства ў 2020 годзе ў памеры 9,6% плануецца забяспечыць за кошт павелічэння аб’ёмаў вытворчасці зерневых і зернебабовых культур, уключаючы кукурузу на зерне, на 18,5%. У вазе пасля дапрацоўкі аграрыі плануюць атрымаць 87,6 тыс. тон пры ўраджайнасці 45 ц/га.

Ёсць спадзяванні і на павелічэнне вытворчасці масла семя рапсу да 6,4 тыс. тон пры ўраджайнасці 26,8 ц/га і цукровых буракоў, валавы збор якіх павінен скласці 110,3 тыс. тон пры ўраджайнасці 674 ц/га, а гэта самыя рэнтабельныя культуры ў раслінаводстве.


Заданні па забеспячэнні дадзеных параметраў вызначаны для кожнай гаспадаркі раёна. Старшыня райвыканкама заўважыў, што стаўка ў выкананні даве­дзенага паказчыка для сельскай гаспадаркі якраз зроблена на галіну раслінаводства. А вось існуючая база ў гэтай галіне не зусім адпавядае, каб яго выканаць. Пагэтаму сельгасарганізацыям раёна пастаўлена задача перагледзець не толькі структуру пасяўных плошчаў, а і займацца ўмацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Сфера паслуг

 Запланаваны рост рознічнага тавараабароту на ўзроўні 104,5% будзе забяспечаны ў тым ліку і за кошт развіцця гандлёвай інфраструктуры. У 2020 годзе плануецца адкрыць 2 буйныя аб’екты гандлю з гандлёвай плошчай 2,9 тыс. кв. м – індывідуальным прадпрымальнікам Ю. Радзішэўскім і ТАА «Рэнцэнтр», а таксама аб’екты іншых сеткавых гандлёвых арганізацый. Прадугледжана ў вяснова-летні перыяд забяспечыць работу 20 аб’ектаў сезоннай дробнай розніцы. Таксама на 2020 год запланавана правядзенне 30 кірмашоў і больш за 100 распродажаў нехарчовых тавараў па зніжаных цэнах.

Тэмп росту пасажыраабароту спрагназаваны на ўзроўні 101,0%. Выкананне гэтага паказчыка залежыць ад выніковай работы філіяла «Аўтобусны парк № 5 г. Навагрудак» ААТ «Гроднааблаўтатранс» і арганізацыі дадатковых аўтобусных тураў транспартнымі арганізацыямі малога бізнесу, якія займаюць 46,2% у агульным аб’ёме пасажыраабароту раёна.

Выкананне грузаабароту на ўзроўні 106,2% плануецца за кошт росту грузаабароту па транспартных арганізацыях малога бізнесу, якія займаюць 86,1% у агульным аб’ёме грузаабароту раёна.

Занятасць і заработная плата

 Тэндэнцыя развіцця рынку працы паказвае, што ў 2020 годзе сітуацыя ў сферы занятасці прагназуецца стабільнай і кантралюемай. Так, на наяўныя вакансіі можна працаўладкаваць не менш чым 1400 грамадзян, у тым ліку 900 чал. з ліку беспрацоўных. Запланавана, што 11 беспрацоўных змогуць атрымаць фінансавую падтрымку для адкрыцця ўласнай справы. На прафесійную падрыхтоўку, перападрыхоўку і павышэнне кваліфікацыі плануецца накіраваць 5,5% беспрацоўных ад ліку маючых патрэбу ў садзейнічанні занятасці.

На рэалізацыю мерапрыемстваў са­дзейнічання занятасці насельнцтва ў раёне на 2020 год плануецца фінансаванне ў суме 234,2 тыс. рублёў.

Па папярэдніх прагнозах сярэдняя заработная плата ў раёне будзе расці і складзе 841,2 рубля, ці 106,5% да ацэнкі 2019 года. Аднак гэта мінімальная планка.

Абмеркаваны і іншыя пытанні.

Алена Ермакова, «НЖ»

Фота з архіва рэдакцыі