Эфектыўнасць мер па папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў на тэрыторыі Навагрудскага раёна абмеркавалі падчас пасяджэння райвыканкама

Эфектыўнасць мер па папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў на тэрыторыі Навагрудскага раёна абмеркавалі падчас пасяджэння райвыканкама

Эфектыўнасць мер па папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў на тэрыторыі Навагрудскага раёна абмеркавалі падчас пасяджэння райвыканкама

01 ноября 2019 1037

Адной з самых актуальных і сацыяльна-значных задач, якая стаіць перад нашым грамадствам сёння, безумоўна, з’яўляецца пошук шляхоў зніжэння росту злачынстваў і правапарушэнняў, павышэнне эфектыўнасці прафілактычнай работы ўсіх суб’ектаў прафілактыкі. Дадзены напрамак работы з’яўляецца прыярытэтным і ў дзейнасці органаў унутраных спраў. На пасяджэнні райвыканкама, якое прайшло на мінулым тыдні, абмеркавана пытанне: «Аб эфектыўнасці мер, якія прымаюць суб’екты прафілактыкі па папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў на тэрыторыі раёна».

 

Лічбы сведчаць

Начальнік аддзела ўнутраных спраў Рустам Вагабаў акцэнтаваў увагу на тым, што, дзякуючы сумесным намаганням усіх суб’ектаў прафілактыкі, якія накіраваны на папярэджанне злачыннасці, дасягнуты пэўныя станоўчыя вынікі.

У Навагрудскім раёне адзначаецца агульнае зніжэнне злачыннасці на 5,2%, што ў пераразліку на 10 тыс. насельніцтва складае 49,3 злачынстваў, пры сярэднеабласным паказчыку – 58,8.

Назіраецца зніжэнне ўзроўню злачыннасці ў грамадскіх месцах і ў сельскай мясцовасці, не дапушчана росту злачыннасці сярод непаўналетніх. Але ёсць і праблемныя пытанні: рост цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, што накіраваны супраць жыцця і здароўя грамадзян, у тым ліку і ў сферы сямейна-бытавых адносін, здзяйсненне злачынстваў у стане алкагольнага ап’янення і п’янства на працоўных месцах.

За 9 мес. 2019 года зарэгістравана 8 цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян (3 у 2018 г.), з якіх 3 у сферы сямейна-бытавых адносін. З указаных злачынстваў 1 забойства і 7 наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў. З трох злачынстваў, учыненых у бытавых умовах, пацярпелымі з’яўляюцца жанчыны.

Прафілактыка дзеля бяспекі

У ходзе работы па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам асаблівая ўвага надаецца выяўленню і знішчэнню ачагоў самагонаварэння і прысячэнню распаўсюджвання сурагатных спіртных напіткаў.

У ходзе праведзеных рэйдаў выяўлена і знішчана 29 ачагоў самагонаварэння, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 57 чалавек. Начальнік РАУС адзначыў, што ў выяўленні ачагоў самагонаварэння значную ролю павінны адыгрываць грамадскія фарміраванні, а таксама тыя службовыя асобы, якія ў сілу сваіх абавязкаў павінны актыўна ўдзельнічаць у выкараненні п’янства і самагонаварэння, а іх работа не заўсёды выніковая. Рустам Вагабаў прывёў яскравы прыклад: паблізу в. Крамушаўкі ў лясным масіве супрацоўнікамі аддзела знойдзены самагонны апарат і 3660 л самагоннай брагі. Падчас агляду было ўстаноўлена, што самагон там выраблялі не адзін раз і ў вялікай колькасці. Адсюль пытанне: хіба гэтага не бачылі старшыня сельскага савета ці работнікі лясгаса? Наўрад... А мер рэагавання прадпрынята не было.

Пытанні прафілактыкі п’янства напрамую звязаны з выкананнем працоўнай дысцыпліны. У бягучым годзе выяўлена 83 работнікі, якія знаходзіліся ў працоўны час на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення. П’янства на працоўным месцы ўплывае не толькі на якасць іх работы, але цягне за сабой рост колькасці фактаў траўматызму на вытворчасці. Стабільна высокі працэнт такіх правапарушэнняў назіраецца ў сельгаспрадпрыемствах нашага раёна. Найбольшая іх колькасць у СВК «Нягневічы» (23) і ААТ «Уселюб» (12). Пры гэтым трэба адзначыць, што кіраўнікі гаспадарак усё больш зацікаўлены ў навядзенні парадку на прадпрыемствах, у тым ліку і гэтых гаспадарках. Іх спецыялісты актыўна ўдзельнічаюць у рэйдавых мерапрыемствах і інфармуюць міліцыю аб фактах п’янства на працы, – канстатаваў начальнік РАУС.

Уся ўвага падлеткам

Праблема падлеткаў-правапарушальнікаў у сучасным грамадстве адна з самых складаных і супярэчлівых. На жаль, не кожны падлетак усведамляе, што здзяйсняемыя ім супрацьпраўныя дзеянні вядуць да цяжкіх наступстваў.

Пра тое, што сітуацыя з падлеткавай злачыннасцю павінна знахо­дзіцца пад пастаянным кантролем, сведчаць адміністрацыйныя правапарушэнні, якія здзейснілі непаўналетнія і дзе яны сталі пацярпелымі: распіццё спіртнога і знаходжанне ў п’яным стане – 28, з іх 2 – з’яўленне ў стане таксічнага ап’янення; дробнае хуліганства – 2; дробны крадзеж – 2; уцягванне непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны – 26; невыкананне абавязкаў па суправаджэнні непаўналетняга ў начны час – 44 і інш.

З праведзенага аналізу можна зрабіць выснову, што ў 10 выпадках прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці дзеці знаходзіліся пад абаронай дзяржавы, у 16 выпадках яны былі з сем’яў, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Гэта звязана ў першую чаргу з абыякавым стаўленнем бацькоў да выхавання дзяцей. Часта гэта іх адмоўны прыклад амаральных паводзін, п’янства прыводзяць да непапраўных наступстваў.

Гэта адзначыла ў сваім выступленні і дырэктар Навагрудскага сельскагаспадарчага ліцэя Эльвіра Сарока.

– Колькасць правапарушэнняў у ліцэі вышэйшая, чым у іншых навучальных установах горада. У сістэме выхаваўчай і прафілактычнай работы задзейнічаны ўсе выкладчыкі, але, нягледзячы на гэта, вельмі цяжка хутка выявіць праблему менавіта сярод навучэнцаў першага курса. Да таго ж толькі 40% дзяцей у ліцэі з нашага рэгіёну.

Усё часцей мы сутыкаемся з праб­лемай абыякавых адносін баць­коў да сваіх дзяцей. Таму працэс «выхавання» такіх бацькоў вельмі доўгі і не заўсёды выніковы, – канстатавала Эльвіра Сарока.

Гаварылася і аб ролі пракуратуры ў сістэме прафілактычнай работы. Выступленне пракурора раёна Аляксандра Шляжко датычылася ў асноўным пытання выканання ў поўным аб’ёме ўсімі суб’ектамі прафілактыкі плана мерапрыемстваў па папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў.

Старшыня райвыканкама Сяргей Федчанка заўважыў, што работнікі пракуратуры таксама павінны быць каардынатарамі ў сістэме прафілактыкі. Сяргей Аляксандравіч акцэнтаваў увагу і на тым, што неабходна прааналізаваць раённы план работы па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, зрабіць карэкціроўкі, калі гэта неабходна. Гэтыя і іншыя меры дадуць магчымасць скаардынаваць работу ўсіх суб’ектаў прафілактыкі.

Па выніках пасяджэння райвыканкама было прынята адпаведнае рашэнне і назначаны адказныя за яго выкананне.

 

Алена Ермакова, «НЖ»