Закон суровы, але справядлівы. Аб зменах заканадаўства расказвае старшыня суда Навагрудскага раёна Васілій Аляхновіч

Закон суровы, але справядлівы. Аб зменах заканадаўства расказвае старшыня суда Навагрудскага раёна Васілій Аляхновіч

27 июля 2019 1427
Наша жыццё бесперапынна мяняецца. Кожная дзяржава развіваецца толькі тады, калі працэс развіцця адбываецца і ў прававым полі. Для развіцця грамадства вельмі важна, каб заканадаўчая база садзейнічала абароне як інтарэсаў чалавека, так і інтарэсаў усёй дзяржавы. Змяненні і дапаўненні ў заканадаўчую базу садзейнічаюць паляпшэнню і мадэрнізацыі дзеючага заканадаўства пад пэўныя асаблівасці сітуацыі, якая склалася ў дзяржаве.

З 19 ліпеня ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2019 года №171-З  «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь» (далей – закон). Названым дакументам праведзена маштабная карэкціроўка крымінальнага закона адразу па некалькіх накірунках. Таму лічу патрэбным спыніцца на яго асноўных палажэннях.

Спецыяльная канфіскацыя

З ліку відаў крымінальнага пакарання выключана канфіскацыя маёмасці. Адначасова пашыраны сферы прымянення штрафу і спецыяльнай канфіскацыі як меры прымусовага бясплатнага адбірання ва ўласнасць дзяржавы маёмасці, пэўным чынам звязанай з учыненнем злачынства. Вызначана маёмасць і прадметы, якія належаць спецыяльнай канфіскацыі, а таксама пералік маёмасці, на якую не можа быць накладзены арышт. За перашкоджванне канфіскацыі маёмасці прадугледжана крымінальная адказнасць.

Утрыманне пад вартай

Істотныя змяненні закранулі арт. 75 Крымінальнага кодэкса (далей – КК), які вызначае правілы заліку тэрміну ўтрымання пад вартай і хатняга арышту ў тэрмін пакарання.
У прыватнасці, да тэрміну ўтрымання пад вартай і хатняга арышту, якія залічваюцца ў тэрмін пакарання, цяпер прыраўноўваецца і знаходжанне ў прыёмніку-размеркавальніку для непаўналетніх. Акрамя таго, знаходжанне ў прыёмніку-размеркавальніку залічваецца і ў тэрмін прымусовай меры выхаваўчага характару, якая прымяняецца да непаўналетніх. Пры гэтым адзін дзень утрымання пад вартай альбо знаходжання ў прыёмніку-размеркавальніку для непаўналетніх і два дні хатняга арышту адпавядаюць аднаму дню знаходжання падлетка ў спецыяльнай вучэбна-выхаваўчай альбо спецыяльнай лячэбна-выхаваўчай установе.

Паклёп і зневажанне

У новай рэдакцыі арт. 188 і 189 КК вызначана, што крымінальная адказнасць за паклёп і зневажанне будзе наступаць толькі пры ўмове ўчынення гэтых дзеянняў у публічным выступленні, альбо ў друкаваным ці публічна дэманструемым творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі ці інфармацыі ў сетцы Інтэрнэт (іншай сетцы электрасувязі агульнага карыстання), а таксама, калі паклёп утрымлівае абвінавачванне ва ўчыненні цяжкага ці асаб­ліва цяжкага злачынства.

Эканамічныя злачынствы

Важныя змяненні ўнесены ў нормы крымінальнага закона, якія вызначаюць адказнасць за ўчыненне злачынстваў супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці. Змяненні накіраваны на лібералізацыю і павышэнне эфектыўнасці эканомікі шляхам заахвочвання дзелавой ініцыятывы і стымулявання прадпрымальніцкага патэнцыялу, у тым ліку праз дэкрыміналізацыю дзеянняў, якія не патрабуюць крымінальнага праследавання, і дыферэнцыяцыю пакарання за ўчыненыя злачынствы ў гэтай сферы.
У прыватнасці, з КК выключаны шэраг дзеянняў, за якія была прадугледжана крымінальная адказнасць: парушэнне парадку адкрыцця рахункаў за межамі Рэспублікі Беларусь, перашкоджванне законнай прадпрымальніцкай дзейнасці, ілжэпрадпрымальніцтва, парушэнне антыманапольнага заканадаўства, дыскрэдытацыя дзелавой рэпутацыі канкурэнта.
Для злачынстваў супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці новым законам праведзена карэкціроўка буйнага і асабліва буйнага памераў. Замест дзеючых раней крытэрыяў  250 і 1000 базавых велічынь уведзены крытэрыі – 1000 і 2000 базавых велічынь адпаведна.
Частка дапаўненняў накіравана на змякчэнне адказнасці асоб, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за злачынствы супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці. Так, пакаранне ў выглядзе па­збаўлення волі не можа быць прызначана асобе, якая асуджана ўпершыню і ўчыніла злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, ці менш цяжкае злачынства. Выключэнне з указанай забароны прадугледжана ў адносінах да асоб, якія ўчынілі кантрабанду, незаконныя экспарт ці перадачу з мэтай экспарту аб’ектаў экспартнага кантролю, легалізацыю (“адмыванне”) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.

Каштоўныя металы і камяні

Новай рэдакцыяй ч.1 арт. 223 КК за парушэнне правіл аб здзелках з каштоўнымі металамі і (альбо) камянямі ў якасці абавязковай умовы наступлення крымінальнай адказнасці ўстаноўлена ўчыненне здзелкі ў буйным памеры. Да нядаўняга часу для складу злачынства па названым артыкуле было дастаткова, каб здзелка ўчынялася ў парушэнне ўстаноўленых правіл.
Зменена і мера пакарання за дадзеныя віды злачынстваў. Так, калі раней санкцыямі ч.3 арт. 223 КК было прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 5 да 12 гадоў, то новая рэдакцыя закона вызначае пазбаўленне волі ад 3 да 8 гадоў і пры гэтым уводзіць у якасці альтэрнатыўных больш мяккія віды пакарання: штраф і абмежаванне волі.

Па новых крытэрыях

Зменены крытэрыі буйнага і асабліва буйнага памераў пры ўхіленні ад платы сум падаткаў і збораў. Буйным памерам новы закон прызнае ўрон на суму, якая  ў 2000 і больш разоў перавышае памер базавай велічыні, устаноўленай на дзень учынення злачынства, асабліва буйным – у 3500 разоў. Да гэтага часу памеры складалі перавышэнне базавай велічыні ў 1000 і больш і ў 2500 і больш разоў адпаведна.
У новай рэдакцыі арт. 255 КК (выдаванне камерцыйнай тайны) мае толькі адну частку. Так, крымінальна караемым з’яўляецца выдаванне камерцыйнай тайны, якое пацягнула за сабой урон у буйным памеры і ўчынена з карыслівай зацікаўленасцю.
Жорсткія санкцыі
Новым законам праведзена крыміналізацыя дзеянняў, якія раней не з’яўляліся злачыннымі. Санкцыі асобных артыкулаў КК сталі больш жорсткімі.
Узмоцнена крымінальная адказнасць за давядзенне да самазабойства і ўведзена крымінальная адказнасць за прапаганду самазабойства. У гэтай сувязі арт. 145 КК дапоўнены наступнымі кваліфіцыруючымі прыкметамі: давядзенне асобы да самазабойства ці замаху на самазабойства шляхам пагрозы прымянення насілля да яго і яго блізкіх, знішчэння, пашкоджання ці адбірання іх маёмасці, распаўсюджвання паклёпніцкіх і іншых звестак, якія яны хочуць захаваць у тайне (ч.1); тое ж дзеянне, учыненае ў адносінах дзвюх ці больш асоб альбо групай асоб па папярэдняй дамоўленасці (ч.2).
Навацыяй закона з’яўляецца ўстанаўленне крымінальнай адказнасці за прапаганду самазабойства.
Забаронена – значыць, нельга
Шэраг змяненняў і дапаўненняў унесены ў арт. 29 КК «Злачынствы супраць здароўя насельніцтва». У прыватнасці, прадугледжана крымінальная адказнасць не толькі за незаконныя дзеянні па пасеве і вырошчванні забароненых да вырошчвання раслін ці грыбоў з мэтай збыту, вырабу наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, але і за ўчыненне гэтых жа дзеянняў і з мэтай атрымання наркатычных сродкаў ці псіхатропных рэчываў.
Акрамя таго, новым законам не замацавана палажэнне аб тым, што адказнасць за пасеў ці вырошчванне забароненых раслін, грыбоў, утрымліваючых наркатычныя сродкі альбо псіхатропныя рэчывы, наступае ў тым ліку і пры наяўнасці ў вінаватага мэты збыту саміх раслін і грыбоў.

Службовая халатнасць

Змяненні закранулі арт. 428 КК «Службовая халат­насць». Новай рэдакцыяй прадугледжаны дзве часткі замест адной, як было раней. Да гэтага часу крымінальная адказнасць наступала за прычыненне ўрону ў асабліва буйным памеры ў выпадку, калі гэта звязана з незаконным адчужэннем ці знішчэннем дзяржаўнай маёмасці альбо ў выпадках, калі прычыненне ўрону ў асабліва буйным памеры з’яўлялася цяжкім наступствам.
Адказнасць за службовую халатнасць, вынікам якой з’явіліся прычыненне па неасцярожнасці смерці чалавека ці іншыя цяжкія наступствы, узмоцнена, і гэтыя дзеянні прадугледжаны ч. 2 арт. 428. Ніжняя мяжа пазбаўлення волі ўстаноўлена ў выглядзе 2 гадоў, верхняя павялічана з 5 да 6 гадоў.
Адпаведныя змяненні ўнесены і ў іншыя кодэксы Рэспублікі Беларусь.

В. АЛЯХНОВІЧ, старшыня суда Навагрудскага раёна