«Закаханы ў Беларусь» – выстаўка пад такой назвай прахо­дзіць у Доме-музеі Адама Міцкевіча

«Закаханы ў Беларусь» – выстаўка пад такой назвай прахо­дзіць у Доме-музеі Адама Міцкевіча

31 августа 2018 2565

Прэзентацыя выстаўкі стала завяршальным мерапрыемствам мастацкага пленэру «Памяці Віктара Сташчанюка», які на мінулым тыдні прахо­дзіў на Навагрудчыне. Удзельнікамі пленэру сталі беларускія мастакі з Мінска, Гродна, Віцебска, Полацка, Заслаўя, Навагрудка, члены творчага грамадскага аб’яднання «Мастак» беларускага Саюза мастакоў на чале з мастацтвазнаўцам, арганізатарам і куратарам выстаўкі Таццянай Гаранскай. На выстаўцы прадстаўлены вынікі пленэру і работы мастакоў з уласных архіваў.

Гавораць, пакуль жыве памяць пра чалавека, датуль жыве і сам чалавек. Віктар Пятровіч Сташчанюк – ураджэнец вёскі Сёгда суседняга Карэліцкага раёна. Пазней лёс яго звязаў з Навагрудкам, чые святыні і краявіды заўсёды былі перад вачыма, хвалявалі, жывілі фантазію і натхнялі мастака. Віктар Сташчанюк быў не толькі мастаком, але і архітэктарам, аўтарам вершаў, мастаком па інтэр’ерах, навукоўцам, даследчыкам, рэканструктарам помнікаў старажытнага дойлідства Мінска, Заслаўя, Навагрудка, Полацка. Ён рабіў ілюстрацыі да гістарычных кніг, стварыў шэраг беларускіх марак, быў аўтарам графічных і алейных станковых твораў, якія расказваюць пра Беларусь, яе хараство і гісторыю, культуру і здабыткі спадчыны. Мастак Віктар Сташчанюк жыве ў сваіх работах.

IMG_2459

У свой час Віктар Сташчанюк захапляўся гісторыяй, збіраў кнігі, артыкулы, чарцяжы старажытных замкаў, паселішчаў, займаўся іх рэканструкцыяй. Аб тым, якім уяўляў мастак Навагрудскі замак, свед­чыць карціна, якая захоўваецца ў Навагрудскім гістарычна-краязнаўчым музеі «Навагрудскі замак у зімнім пейзажы. XVI ст.». З палотнаў паўстаюць велічныя фігуры князёў Міндоўга і Давыда Гара­дзенскага, імчыцца ў бой Гражына, гераіня аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча. Жывую цікавасць выклікаюць работы майстра «На Замкавай вуліцы», «Былая Рыначная плошча».

IMG_2450

Творы мастака захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея, Беларускага музея ў Гайнаўцы, Дзяржаўнага гістарычна-культурнага запаведніка «Заслаўе», у прыватных калекцыях. В.П. Сташчанюк – аўтар кнігі «У прасторы часу».

Памёр Віктар Пятровіч Сташчанюк 7 лютага 2007 г. Пахаваны ў Навагрудку.

IMG_2358

Сюды, на Навагрудчыну, на мастацкі пленэр, прысвечаны памяці Віктара Сташчанюка, прыехалі мастакі, сярод якіх Віктар Нямцоў, Кацярына Сумарава, Таццяна Ласка, Дар’я Сумарава-Копач, Валянціна Шоба, Антаніна Фалей, Ксенія Бяляева-Дзягілева, Галіна Сушко, Ліліяна Гудава, мастацтвазнаўцы Аляксей Хадыка і Таццяна Гаранская. Першай пляцоўкай пленэру стала карцінная галерэя Кастуся Качана. Усіх удзельнікаў пленэру гасцінна віталі Кастусь Іванавіч і Жанна Барысаўна. Творчыя асобы сабраліся разам у адным месцы, каб на мастацкай мове расказаць гісторыю і сучаснасць Навагрудка – аднаго з любімых гарадоў Віктара Сташчанюка. І тым самым ушанаваць памяць вялікага майстра і сябра, якому ў красавіку споўнілася б 85 гадоў…

На прэзентацыі выстаўкі «Закаханы ў Беларусь» прысутнічалі не толькі ўдзельнікі пленэру, але і знаёмыя і родныя мастака, навукоўцы.

IMG_2335

Сваімі ўспамінамі пра знаёмства і сяброўства з Віктарам Пятровічам падзяліліся Таццяна Гаранская, Таццяна Ласка, дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба, а таксама член Саюза пісьменнікаў Беларусі, жыхарка г.п. Ка­рэлічы Святлана Кошур. Падчас прэзентацыі выстаўкі гучалі і вершы В.П. Сташчанюка. Толькі цёплыя ўспаміны пра свайго дзя­дзьку Віктара Пятровіча захоўваюць у памяці пляменніцы Клаўдзія Поклад, Марыя Саўко і Наталля Пархановіч.

IMG_2367 IMG_2351 IMG_2406

Сапраўды, Віктар Пятровіч быў закаханы ў Беларусь. Аб гэтым сведчаць шматлікія яго работы. Гісторыю сваёй Радзімы па творах мастака будзе вывучаць не адно пакаленне. Вялікая, чыстая і святая любоў да сваёй малой радзімы, Навагрудчыны, заўсёды поўніла душу мастака. Багатая гісторыя акрыліла яго мастацкі талент, сфарміравала як асобу. Мы, навагрудчане, павінны шанававаць і памятаць Віктара Пятровіча Сташчанюка так, як гэта робяць яго калегі і сябры, родныя.

IMG_2328 IMG_2325

У рамках мастацкага пленэру ў музеі адбылася і творчая сустрэча з беларускім фотамастаком Валерыем Вядрэнкам.

IMG_2430 IMG_2444

Вольга Пісар, «НЖ»

Стоит почитать:

Представители турагенств Гродненской области изучили туристический потенциал Новогрудчины

Необычные караваи, прохладительные напитки, сыры, мастер-классы, дегустация: в Новогрудке прошел праздник «Хлеб, сыр, квас и хорошее настроение»