Як усё пачыналася – год 1919. Устанаўленне савецкай улады на Навагрудчыне. Частка 2

Як усё пачыналася – год 1919. Устанаўленне савецкай улады на Навагрудчыне. Частка 2

19 декабря 2018 2246

Ужо ў пачатку красавіка 1919 года ў Навагрудскім павеце было створана больш за 10 аддзелаў па розных накірунках дзейнасці выканкама.

Аддзел кіравання прыступіў да арганізацыі грамадзянскага аддзела. Былі  рэквізаваны ўсе метрычныя кнігі з цэркваў і іншых храмаў. У воласць пасланы інструктары для забеспячэння валасцей спецыяльнай літаратурай і  для тлумачэння загадаў Навагрудскага павятовага выканкама. За перыяд з 26 студзеня па 26 лютага распаўсю­джана паміж насельніцтвам павета 10385 экзэмпляраў розных газет, 9050 рознага роду лісткоў і 8090 брашур.

У аддзеле харчавання былі канфіскаваны з прыватнага гандлю прамысловыя і галантарэйныя тавары для  продажу насельніцтву пасля атрымання адпаведнай інструкцыі; узяты на ўлік усе хлебапякарні, і пачалася выпечка хлеба, які прадаваўся па цвёрдай цане для бяднейшага насельніцтва. Па павеце былі разасланы анкеты для канфіскацыі лішкаў і добра­ахвотнай закупцы усіх прадметаў першай неабходнасці. Усё насельніцтва горада было ўзята на ўлік па катэгорыях роду заняткаў і сацыяльнаму становішчу.

Савет народнай гаспадаркі паставіў мэту аднавіць вузкакалейную дарогу і звязаць яе са станцыямі Наваельня – Навагрудак – Замір’е, арганізаваць у валасцях кавальска-слясарныя майстэрні, а ў Навагрудку адкрыць цэнтральную майстэрню, звязаць тэлефонам усе валасныя выканкамы і ўстанавіць электрычнае асвятленне, дзе гэта толькі будзе магчымым. Пададдзелам паліва прыняты самыя экстранныя меры па забеспячэнні дровамі ўсіх устаноў і бяднейшага насельніцтва.

Пададдзелам ваенных нарыхтовак адкрыты шавецкая, партняжная і шорная майстэрні, узяты на ўлік шавецка-нарыхтоўчыя і швейныя машыны, абсталявана слясарна-кавальская майстэрня для рамонту фурманак ваеннага ўзору.

Пададдзел лесанарыхтовак прыступіў да нарыхтоўкі страявога лесу для аказання дапамогі насельніцтву, якое пацярпела ад вайны, а таксама да забеспячэння палівам чыгуначных станцый.

Будаўнічым пададдзелам рамантуюцца зборныя пункты і прыводзяцца ў парадак усе дамы, якія патрабуюць рамонту.

Пададдзел жыллёвы забяспечыў усе савецкія ўстановы мэбляй, раскватараваў усіх служачых і ўзяў усе кватэры і дамы Навагрудка на ўлік.

У аддзеле аховы здароўя ўзяты на ўлік усе медыкаменты прыватных аптэк і аптэкарскіх крам. У Навагрудку нацыяналізаваны дзве аптэкі, пачалася нацыяналізацыя аптэк і аптэкарскіх крам у павеце. Зарэгістраваны ўсе фармацэўты, адкрыты аптэкарскі склад. У Навагрудку была адкрыта бальніца, у некаторых месцах павета фельчарска-акушэрскія пункты. Ва ўстановах горада праведзены санітарны агляд і дадзены некаторыя ўказанні. Арганізаваны санітарны нагляд па выпечцы хлеба.

Аддзелам юстыцыі адкрыты дзве следчыя камісіі: адна ў Навагрудку, другая ў Міры. Павет разбіты на 6 участкаў народных судоў, але з-за недахопу юрыстаў народны суд працуе толькі ў Навагрудку.

У аддзеле сацыяльнага забеспячэння прыступілі да абсталявання некаторых дамоў пад прытулкі і багадзельні, якія павінны хутка адчыніцца і перайці ў падпарадкаванне аддзела. Зроблена распараджэнне па валасцях аб хутчэйшай дастаўцы звестак пра ўсіх інвалідаў, беднякоў, сірот, калек і іншых асоб, якім патрэбна дапамога. Былі прыняты захады да адкрыцця начлежных дамоў і забеспячэння іх кіпяцільнікамі і сталовай, а таксама адкрыццё ў некаторых больш населеных раёнах павета прытулкаў і дзіцячых ясляў. Аказваецца дапамога сем’ям чырвонаармейцаў, і на гэта атрыманы сродкі з губернскага аддзела сацыяльнага забеспячэння.

У аддзеле народнай адукацыі адчынены дзве савецкія працоўныя школы першай і другой ступені, арганізаваны літаратурна-асветніцкі гурток, адчынена некалькі бібліятэк і школа для дарослых першай ступені, прыняты меры да складання сеткі паза­школьных устаноў у павеце.

У аддзеле працы вядзецца ўлік і размеркаванне рабочай сілы па пытанні аб узаемаадносінах паміж працадаўцамі і рабочымі, па нарміраванні і аплаце працы і па сацыяльным забеспячэнні рабочых. За перыяд з лютага 1919 года зарэгістравана 250 беспрацоўных, большасць з якіх чорнарабочыя. Прынятыя меры па ўладкаванні іх на работы.  Біржай працы сумесна з прафсаюзам арганізавана канфліктная камісія, якая і ўладжвае ўзнікшыя канфлікты паміж наймальнікам і рабочымі. Пры аддзеле працы адчынена сталовая для беспрацоўных, і абеды выдаюцца бясплатна.

У фінансавым аддзеле прыступілі да збору падаткаў: надзвычайна-рэвалюцыйнага, натуральнага і па забеспячэнні сем’яў чырвонаармейцаў. 11-12 лютага быў скліканы з’езд з прадстаўнікоў валасцей павета, дзе даваліся падрабязныя інструкцыі і ўказанні для правя­дзення вышэйузгаданых падаткаў. Пасля з’езда выкананне плана збору гэтых падаткаў валаснымі выканкамамі стала праводзіцца больш паспяхова.

У зямельным аддзеле была выпрацавана такса і правілы на продаж лесаматэрыялаў. Для бяднейшага насельніцтва прадаюцца дровы па ўстаноўленых тарыфах. Акрамя таго, у маёнтках быў наладжаны ўлік інвентару і пачаліся падрыхтоўчыя работы па правядзенні сельскагаспадарчых работ.

У жыццё і свядомасць жыхароў пачалі паступова ўкараняцца новыя парадкі і традыцыі. Ужо 23 лютага 1919 года у гонар гадавіны Чырвонай арміі Навагрудак быў упрыгожаны чырвонымі сцягамі і транспарантамі: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!», «Няхай жыве Рабоча-Сялянская Чырвоная армія!». У 11 гадзін раніцы на гарадскую плошчу прыйшлі дзве каравульныя роты з духавым аркестрам, атрад міліцыі, камуністы, служачыя, навучэнцы. Адбыўся ўрачысты мітынг, на якім была прынята рэзалюцыя-прывітанне чырвонаармейцам. Вечарам у рабочым клубе адбыўся мітынг-канцэрт, у чырвонаармейскім клубе – мітынг і танцы, а ў зале гасцініцы «Варшава» – аматарскі канцэрт. У гэты ж дзень было вырашана перайменаваць вуліцы Базарную у Чырвонаармейскую, а Яўрэйскую – у Савецкую.

Аднак усе пачатыя пераўтварэнні засталіся незавершанымі. Вясной 1919 года ў выніку савецка-польскай вайны наша тэрыторыя адышла ў склад Польшчы.

Г. Кавальчук,

старшы навуковы супрацоўнік гістарычна-краязнаўчага музея.

 

Варта пачытаць:

Як усё пачыналася – год 1919. Устанаўленне савецкай улады на Навагрудчыне. Частка 1