Усесаюзны Ленінскі Камуністычны Саюз моладзі адзначае 100-гадовы юбілей

Усесаюзны Ленінскі Камуністычны Саюз моладзі адзначае 100-гадовы юбілей

10 октября 2018 1172

Сто гадоў таму, 29 кастрычніка 1918 года, быў заснаваны Усесаюзны Ленінскі Камуністычны Саюз моладзі як мала­дзёжная арганізацыя Камуністычнай партыі. Пасля распаду СССР пераемнікамі камсамола ў Беларусі сталі Саюз моладзі Беларусі і Беларускі патрыятычны саюз моладзі. У 2002 годзе дзве буйнейшыя маладзёжныя арганізацыі аб’ядналіся ў адну – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Гісторыя камсамола жывая і цікавая. Рэвалюцыя, грамадзянская вайна, першыя пяцігодкі, Вялікая Айчыннай вайна і гераічныя гады пасляваеннага аднаўлення, асваенне цалінных зямель, будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі і Турксіба – кожнае пакаленне ўнесла ў яе сваю непаўторную старонку. Шэсць узнагарод на сцягу Ленінскага камсамола (ордэн Баявога Чырвонага Сцяга, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, тры ордэны Леніна і ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі) – сведчанне заслуг перад Радзімай на розных этапах станаўлення.

На працягу дзесяцігоддзяў камсамол з’яўляўся сапраўднай школай жыцця для многіх пакаленняў савецкіх людзей, аб’ядноўваў моладзь, неабыякавую да лёсу сваёй краіны і народа. Несумненна, у камсамоле было рознае. Аднак у аснове сваёй гэта была выдатная грамадская арганізацыя. Невыпадкова прадстаўнікі старэйшага пакалення ўзгадваюць камсамольскі перыяд свайго жыцця з асаблівай цеплынёй.

«Гэта наша з табой біяграфія» - пад такой назвай дзесяць гадоў таму, напярэдадні 90-гадовага юбілею камсамола, у нашай газеце быў надрукаваны артыкул Аляксандра Лазоўскага – былога першага сакратара Навагрудскага райкама ЛКСМБ, члена ЦК ЛКСМБ. Яго ўспаміны каштоўныя тым, што ў іх расказвалася пра гісторыю камсамола на Навагрудчыне. Думаю, што сённяшняй моладзі будзе цікава даведацца, як і чым жылі іх равеснікі на розных этапах развіцця нашай краіны.

«24 верасня 1920 года ў Мінску I Усебеларускі з’езд камсамола арганізацыйна аформіў стварэнне Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі (КСМБ). На гэтым сходзе моладзі былі і прадстаўнікі Навагрудчыны, тэрыторыя якой у той час знаходзілася пад прыгнётам панскай Польшчы. Нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, пачаў дзейнічаць і камсамол Заходняй Беларусі, сакратарамі ЦК якога былі абраны Вера Харужая і Мікалай Дворнікаў. Сакратаром Навагрудскага акружкама КСМЗБ стаў Мікалай Арцюх, явачная кватэра якога знахо­дзілася ў в. Лагадкі. Мо­ладзь удзельнічала ў забастоўках, мітынгах, распаўсюджвала падпольную літаратуру, вяла прапаганду марксісцка-ленінскіх ідэй», – піша аўтар.

Далей ён расказвае, што аднымі з першых у 1939 годзе сустрэлі войскі Чырвонай арміі камсамольцы. Многія з іх увайшлі ў састаў створаных органаў міліцыі і склалі касцяк часовых органаў кіравання, сельскіх камітэтаў. Сярод іх былі Іван Малуха, Антон Кунейка, Павел Дударэвіч, Міхаіл Родзька.

У гады Вялікай Айчыннай на тэрыторыі Навагрудскага раёна дзейнічалі два падпольныя райкамы камсамола – Навагрудскі, сакратаром якога быў Рыгор Фамічоў, і Любчанскі, які ў свой час узначальвалі Мікалай Грабёнкін, Іван Малуха, Віктар Шыкаловіч, Мікалай Астапкевіч. Доўгі час падпольны Навагрудскі райкам КСМБ са штабам партызанскай брыгады імя Чапаева знаходзіўся ў в. Ляхавічы. Дыверсійныя групы, у якія ўваходзілі камсамольцы, нападалі на варожыя падраздзяленні, узрывалі масты. Многія не дачакаліся Дня Перамогі – загінулі. Браты Сонцавы, Паўліна Дзедулевіч, Люся Сечка, Міхаіл Белуш, Віктар Валчэцкі, Мікалай Яцук – гераізм іх і іншых нашых землякоў варты ўшанавання.

Аляксандр Лазоўскі ўзначальваў раённую камсамольскую арганізацыю ў 60-я гады, у якой, па яго ўспамінах, тады налічвалася каля 13 тысяч членаў ВЛКСМ. Гэта быў перыяд актыўнага будаўніцтва, шчырай і самаадданай працы.

«Брыгадзір трактарнай брыгады калгаса «Свіцязь» Васіль Піваварчык, механізатары Іван Юрэвіч і Міхаіл Казыра з калгасаў «Прамень рэвалюцыі» і «Дружба», трактарыстка калгаса імя Кірава Тамара Сабалеўская, даярка калгаса «Рассвет», дэпутат Вярхоўнага Савета рэспублікі Ганна Нікіпяровіч – імёны іх і іншых перадавікоў вытворчасці ведалі далёка за межамі раёна», – працягвае Аляксандр Лазоўскі і прызнае, што ў той час даволі вялікім быў аўтарытэт пярвічных камсамольскіх арганізацый. Да слова, многія былыя камсамольскія сакратары  потым сталі кіраўнікамі гаспадарак, устаноў. Сярод іх Антон Занько, Міхаіл Зуй, Дзмітрый Крывела, Мікалай Белуш, Міхаіл Ціхановіч і інш. Былы член бюро РК ЛКСМБ Яўгеній Новік – прафесар, доктар навук.

Правядзенне спартакіяд, работа з прызыўной моладдзю, добра­ахвотныя народныя дружыны, сустрэчы з ветэранамі вайны, з піянерамі – пералік цікавых і карысных спраў, арганізатарамі і ініцыятарамі якіх былі камсамольцы, вялікі.

Гаворачы пра традыцыі камсамола, Аляксандр Лазоўскі ўзгадвае пра ўдзел камсамольцаў і моладзі ў асваенні цалінных зямель.

«Мне разам з маім аднакласнікам па Любчанскай школе Іванам Яцукевічам давялося працаваць на цалінных прасторах, – піша ён. – Абодва былі ўзнагароджаны медалямі «За асваенне цалінных зямель». Актыўна праявіў сябе там і малады хлопец з в. Вераскава Лёва Шэдзь».

Добрымі словамі ўзгадвае аўтар артыкула былых сакратароў пярвічных арганізацый Міхаіла Вайтовіча, Раісу Сяргееву, Юрыя Баярчука, Ганну Лазенка, Мікалая Шапялевіча, а таксама сакратароў райкама  камсамола Арсенія Ваніцкага (пасля сакратара ЦК камсамола Беларусі), Васіля Тананку, Івана Пятровіча, Сяргея Каратая, Аляксандра Машчара, Аляксея Калановіча, Уладзіміра Куліка і іншых.

«Калі аналізаваць работу камсамола таго далёкага часу, то неабходна заўважыць, што не ўсё ў яго рабоце ішло гладка – былі, канечне, і недахопы, і пралікі. Цяпер некаторыя пытанні можна было б вырашыць зусім інакш, больш якасна. Але на ўсё быў свой час, свае магчымасці», – прызнае ў завяршэнне Аляксандр Лазоўскі.

Вольга Навагран, "НЖ"